Дваім жыхарам Рэчыцы прысудзілі арышты праз відэаканферэнцыю
У Рэчыцы ўпершыню вынеслі адміністрацыйныя арышты на судах, якія праходзілі праз відэаканферэнцыю, піша palesse.press. Новы спосаб разгляду справаў аб адміністрацыйных правапарушэннях выпрацавалі сумесна Упраўленне унутраных справаў Гомельскага аблвыканкама і Гомельскі абласны суд. Першыя разгляды прайшлі ў Рэчыцы.
Як паведамляе сайт Гомельскага УУС, першымі справамі, якія разглядаліся праз відэаканферэнцыю, сталі адміністрацыйныя справы супраць двух жыхароў Рэчыцы, якіх абвінавачвалі ў здзяйсненні правапарушэнняў, прадугледжаных артыкуламі 10.5 (дробны крадзёж) і 17.1 (дробнае хуліганства). Асобы, супраць якіх вяліся працэсы, былі раней затрыманыя і знаходзіліся ў ізалятары часовага ўтрымання Рэчыцкага РАУС. Іх не прывозілі ў суд. Разгляд справаў адбываўся праз інтэрнэт сродкамі відэаканферэнцыі.
З сайту ГУУС вынікае, што для арганізацыі відэаканферэнцыі выкарыстоўвалася праграмнае зябеспячэнне «з закрытым кодам». Што гэта азначае, у паведамленні не ўдакладняецца. У той жа час, сцвярджаецца, што такі спосаб разгляду справаў дазволіць скараціць выдаткі на перавозку адміністрацыйна затрыманых з ІЧУ ў суды і назад ды мінімізаваць рызыку распаўсюду інфекцыі COVID-19. Такую практыку мяркуюць працягнуць і ў іншых раёнах Гомельскай вобласці.
Праваабаронца «Вясны» з Рэчыцы Валер Пуціцкі пракаментаваў новую практыку судовых разбіральніцтваў у анлайн.
«Варта звярнуць увагу, што з пункту гледжання правоў чалавека гэтая практыка належным чынам не арганізаваная. Артыкул 114 Канстытуцыі прадугледжвае, што разбор справаў ва ўсіх судах адкрыты. Гэта значыць, што любы грамадзянін мае права прысутнічаць на разглядзе любой справы, акрамя тых, разгляд якіх, паводле адмысловай працэдуры ў адпаведнасці з законам, ажыццяўляецца ў закрытых паседжаннях. У гэтых жа відэаканферэнцыях адкрытасць не забяспечаная. Калі суды і міліцыя маюць намер працягваць практыку разгляду справаў праз відэасувязь, яны павінны арганізоўваць такія відэаканферэнцыі, якія дазволяць падлучацца да іх усім ахвочым і паведамляць пра такія анлайн-паседжанні на нейкім сайце. Інакш, падобную практыку магчыма будзе выкарыстаць для бескантрольных рэпрэсіўных мераў, якімі, як вядома, наша праваахоўная сістэма не грэбуе».
Пандэмія COVID-19 падштурхнула праводзіць анлайн-суды не толькі на Гомельшчыне. Так, у красавіку Віцебскі абласны суд праз Skype разглядаў скаргу актывіста Мікалая Шараха на штраф за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Таксама суды пачалі выкарыстоўваць відэаканферэнцыі для разгляду судовых спраў над тымі, хто парушае рэжым самаізаляцыі. Нядаўна “Вясна” пісала пра неадназначную справу, калі на гэтай падставе пенсіянерку аштрафавалі на 30 базавых велічынь. Тады суд праходзіў праз Skype, прычым жанчына даведалася пра яго за гадзіну да пачатку.
Пенсіянерку з COVID-19 аштрафавалі на 30 базавых за парушэнне рэжыму самаізаляцыі. Што не так з гэтай справай?