viasna on patreon

FIDH: Праваабаронцы павінны быць неадкладна вызваленыя з месцаў зняволення

2020 2020-04-08T15:03:15+0300 2020-04-16T16:55:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cover_fidh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Парыж, 8 красавіка 2020 г.

У сувязі з імклівым распаўсюджваннем эпідэміі новага каранавіруса COVID-19, FIDH і яе сяброўскія арганізацыі выступілі з заявай, у якой нагадваюць пра абавязак ўрадаў забяспечыць бяспеку і здароўе асобаў, якія знаходзяцца ў зняволенні пад іх кантролем, і запускаюць глабальную кампанію #ForFreedom за вызваленне праваабаронцаў.

Распаўсюджванне COVID-19 уяўляе сабой беспрэцэдэнтную пагрозу, і яшчэ ніколі неабходнасць вызваліць праваабаронцаў не стаяла так востра. Нашыя правы і тыя, хто іх абараняе, не павінны стаць ахвярамі гэтай пандэміі. FIDH і яе сяброўскія арганізацыі запускаюць сёння глабальную кампанію #ForFreedom (#ЗаСвабоду) за вызваленне ўсіх праваабаронцаў, несправядліва зняволеных у турмах па ўсім свеце. Урады павінны вызваліць праваабаронцаў і даць ім магчымасць ажыццяўляць легітымную праваабарончую дзейнасць па абароне насельніцтва ад несправядлівасці, дыскрымінацыі, гвалту і іншых формаў парушэнняў правоў чалавека.

"Сотні людзей ва ўсім свеце знаходзяцца ў турмах не таму, што яны здзейснілі злачынства, а з-за іх праваабарончай працы. Праца праваабаронцаў легітымная і накіраваная на пазітыўныя грамадскія змены, і ў першую чаргу іх не варта было затрымліваць”, – заявіла Аліса Магвэ, прэзідэнт FIDH.

"Паколькі COVID-19 працягвае хутка распаўсюджвацца па ўсім свеце, урадам пара пакласці канец гэтай несправядлівасці і вызваліць тых, хто змагаецца за абарону правоў чалавека”, –дадала яна.

Як заявіла Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет, “цяпер, як ніколі, важна, каб урада вызвалілі кожнага чалавека, затрыманага без дастатковых прававых падставаў, у тым ліку палітычных зняволеных і іншых асобаў, затрыманых за выказванне крытычных ці апазіцыйных поглядаў”. Гэта датычыцца непаўналетніх, мігрантаў, бежанцаў, палітычных апанентаў, журналістаў і праваабаронцаў.

Незаконна пазбаўленыя волі гісторык Юрый Дзмітрыеў і журналіст Азімжан Аскараў, якія адбываюць пакаранне ў Расіі і Кыргызстане адпаведна – адны з праваабаронцаў, чые імёны апублікаваныя на сайце кампаніі. Таксама ў спісе Лужан аль-Хатлул (Саудаўская Аравія); Набіл Раджаб (Бахрэйн); Патрык Закі (Егіпет); Наргес Махамадзі (Іран); Лэйла дэ Ліма (Філіпіны); Міян Абдул Кайум (Індыя); Жармэн Рукукі (Бурундзі); Сеўда Азбінгель Чалік і Хасан Джейлан (Турцыя) і Пабла Лопэс Алавес (Мексіка). Вэбсайт кампаніі будзе пастаянна папаўняцца новымі імёнамі незаконна затрыманых праваабаронцаў.

Крызісная сітуацыя ў галіне аховы здароўя прадастаўляе ўладам магчымасць перагледзець несправядлівыя рашэнні аб пазбаўленні волі праваабаронцаў, многія з якіх утрымліваюцца ў жудасных санітарных умовах без доступу да медыцынскай дапамогі.

У кантэксце эпідэміі FIDH і яе арганізацыі-сябры заклікаюць урады скараціць турэмнае насельніцтва ў цэлым і вызваліць частку зняволеных на час эпідэміі, на пастаяннай аснове або на іншых умовах у мэтах грамадскай аховы здароўя. Разам з праваабаронцамі прыярытэт варта аддаваць:

  • пажылым людзям,
  • дзецям;
  • асобам з захворваннямі,
  • вязням сумлення,
  • зняволеным, затрыманым за выказванне свайго меркавання,
  • адміністрацыйным затрыманым,
  • зняволеным, затрыманым за дробныя або негвалтоўныя злачынствы,
  • затрыманым, якія чакаюць суда,
  • асобам у іміграцыйных цэнтрах утрымання пад вартай.

У крызіс урады абавязаныя абараняць тых, хто найбольш уразлівы. Месцы зняволення могуць лёгка стаць эпіцэнтрамі распаўсюджвання віруса, таму турэмнае насельніцтва адносіцца да ліку найбольш уразлівых перад тварам пандэміі COVID-19. Асабліва гэта тычыцца тых краінаў, дзе мінімальныя стандарты ўмоў утрымання не выконваюцца, перанаселенасць турмаў з'яўляецца нормай, а сацыяльнае дыстанцыяванне немагчымае. Распаўсюджванне віруса ў месцах утрымання пад вартай будзе непазбежным, калі не будуць прынятыя тэрміновыя меры для зніжэння рызыкаў. У адваротным выпадку турэмнае зняволенне можа стаць смяротным прысудам для многіх зняволеных, якія заразяцца вірусам COVID-19.

Гэтыя меры вынікаюць з абавязацельстваў дзяржаў па забеспячэнні Мінімальных стандартных правілаў абыходжання са зняволенымі, распрацаваных ААН і вядомых як “Правілы Нэльсана Мандэлы”, якія падрабязна апісваюць, як забяспечыць належную асабістую гігіену, здароўе і бяспеку зняволеных. Таксама гэтыя меры адпавядаюць спецыяльным рэкамендацыям падкамітэту па папярэджанні катаванняў ААН.

Мы вітаем рашэнне шэрагу краінаў, у тым ліку Турцыі, Туніса, Эфіопіі, Інданезіі і Бахрэйна, пачаць вызваленне зняволеных у мэтах скарачэння перанасялення турмаў і прадухілення распаўсюджвання віруса. Мы заклікаем гэтыя і іншыя краіны ўключыць праваабаронцаў у лік тых, каго варта неадкладна вызваліць. Многія краіны не сталі вызваляць зняволеных, асуджаных за тэрарызм, але сярод іх нямала праваабаронцаў, несправядліва асуджаных па сфабрыкаваных абвінавачваннях у тэрарызме. Праваабарончая дзейнасць не звязаная з тэрарызмам, таму праваабаронцы не павінны трапляць пад гэтае правіла, якое выключае іх са спісаў на вызваленне.

Сачыце за кампаніяй #ForFreedom за вызваленне праваабаронцаў, жыццё якіх пад пагрозай праз пандэмію на сайце, у Фэйсбуку ці Твітэры.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства