viasna on patreon

Дзмітрый Серада: Чарговая перамога ў судзе паказвае правамоцнасць патрабаванняў да МУС

2020 2020-03-31T12:42:56+0300 2020-04-01T12:17:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/serada_dzmitry-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзмітрый Серада. Фота: Яўген Ярчак, TUT.BY

Дзмітрый Серада. Фота: Яўген Ярчак, TUT.BY

Як раней паведамляў ПЦ "Вясна", 16 сакавіка суд Партызанскага раёна г. Мінска задаволіў скаргу Дзмітрыя Серады на пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце незаконнага ўварвання ў кватэру мінчаніна і яго збіцця супрацоўнікамі АМАП пры затрыманні. 

Факты незаконнага пранікнення супрацоўнікаў міліцыі ў яго жыллё, пашкоджанні маёмасці і прымянення фізічнай сілы пры затрыманні былі выкладзены Дзмітрыем Серадой ў яго заяве аб узбуджэнні крымінальнай справы па артыкуле 426 КК у дачыненні да оперупаўнаважанага Нушчыка А. і старэйшага оперупаўнаважанага па асабліва важных справах УУС адміністрацыі Заводскага раёна г. Мінска Шкулькова Д., супрацоўнікаў АМАП ГУУС Мінгарвыканкама. Па выніках праверак па яго заяве неаднаразова выносіліся пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

Апошняя такая пастанова была вынесеная 2 верасня 2019 года старэйшым следчым аддзела па расследаванні злачынстваў супраць інтарэсаў службы і парадку выканання вайсковага абавязку следчага ўпраўлення УСК па г. Мінску старэйшым лейтэнантам юстыцыі М. Кіслым на падставе адсутнасці ў дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі складу злачынства.

Суддзя Наталля Дзядкова, даследаваўшы матэрыялы праверкі УСК, матэрыялы грамадзянскай справы, выслухаўшы заяўніка і яго прадстаўніка, якія лічылі, што вынесеная пастанова падлягае адмене, пракурора, які меркаваў, што скарга не падлягае задавальненню, бо пастанова ад 2 верасня з'яўляецца законнай і абгрунтаванай, прыйшла да высновы, што скарга Дзмітрыя Серады падлягае задавальненню.

Якія факты ляглі ў аснову рашэння?

Суд палічыў заўчаснай выснову Следчага М. Кіслага аб тым, што меліся законныя падставы для затрымання Дзмітрыя Серады, не быў парушаны парадак прыцягнення сіл і сродкаў АМАП для яго затрымання, дзеянні супрацоўнікаў АУС па пранікненні ў жыллё з пашкоджаннем замыкальных прыладаў былі здзейсненыя ва ўмовах абгрунтаванай прафесійнай рызыкі, а затрыманне самога Дзмітрыя Серады было выраблена без перавышэння мераў, неабходных для затрымання асобы, якая ўчыніла злачынства.

"У сітуацыя, якая склалася, оперупаўнаважаным аддзела крымінальнага вышуку А. Нушчыкам было атрымана дастаткова першаснай інфармацыі, якая сведчыла аб маральна-валявых якасцях, узроўні фізічнай падрыхтоўкі Дзмітрыя Серады. Улічваючы аказанае Серадой актыўнае непадпарадкаванне, што выявілася ў невыкананні законных патрабаванняў супрацоўніка органа ўнутраных спраў, які прад'явіў службовае пасведчанне, адкрыць дзверы, а таксама характар і абставіны злачынства, у здзяйсненні якога падазраваўся Серада, і магчымыя наступствы, Нушчык абгрунтавана рэалізаваў права на прафесійную рызыку, звязаную з пранікненнем у жылое памяшканне, спалучанае з пашкоджаннем замыкальных прыладаў, а таксама іншых прадметаў", - указваў у сваёй пастанове следчы.

Аднак, 11 верасня суд Заводскага раёна разгледзеў грамадзянскі пазоў Дзмітрыя Серады, яго маці, жонкі і непаўналетняй дачкі да казны Рэспублікі Беларусь у асобе Міністэрства фінансаў, Міністэрства фінансаў, Міністэрства ўнутраных спраў, ГУУС Мінгарвыканкама, УУС Заводскага раёна аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды і прыйшоў да высновы аб тым, што дзеяннямі супрацоўнікаў АУС пры затрыманні Дзмітрыя Серады былі парушаныя патрабаванні Закона «Аб органах унутраных спраў» у частцы абгрунтаванага пранікнення ў жыллё з пашкоджаннем замыкальных прыладаў.

Суд устанавіў, што на момант затрымання Серада:

  • не з'яўляўся пераследуемай асобай, якая падазравалася (абвінавачвалася) у здзяйсненні злачынства,
  • не з'яўляўся асобай, якая ўхіляецца ад адбыцця пакарання і іншых мераў крымінальнай адказнасці,
  • не з'яўляўся асобай, якая знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам.

А ў супрацоўнікаў міліцыі 4 жніўня 2016 года адсутнічалі падставы меркаваць, што ў кватэры, дзе пражывае сям'я Серады, здзяйсняецца або здзейснена злачынства. Дакументаў, якія пацвярджаюць факт таго, што Дзмітрый Серада з'яўляўся падазраванай асобай, якая схавалася ад органа, што вядзе крымінальны працэс, не мелася. 

Звесткі, выкладзеныя ў рапарце Нушчыкам ад 3 жніўня 2016 года, пра тое, што Дзмітрый Серада можа паводзіць сябе дзёрзка з навакольнымі, схільны да гвалту і непадпарадкавання, супярэчаць устаноўленым па грамадзянскай справе характарызуючым матэрыялам у дачыненні да мужчыны, пры гэтым пра крыніцу названай інфармацыі ў рапарце звестак не змяшчаецца.

Акрамя таго, рашэннем суда ўстаноўлена, што паміж дзеяннямі супрацоўнікаў міліцыі і прычыненай Серадзе шкодай маецца прамая прычынная сувязь.

Так, у пастанове аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы паказана, што ўвечары 5 жніўня 2016 года ён звярнуўся ў прыёмнае аддзяленне гарадской бальніцы №10, дзе па выніках абследавання Дзмітрыю Серадзе быў выстаўлены дыягназ: закрытая чэрапна-мазгавая траўма лёгкай ступені, страсенне галаўнога мозгу, удар мяккіх тканін галавы, удар пярэдняй брушыннай сценкі. Гэтак жа ў той жа дзень мужчына звярнуўся ў аддзел агульных экспертыз №1 у Мінску, дзе па выніках агляду ў яго былі выяўлены цялесныя пашкоджанні – сінякі і ранкі.

З мэтай абгрунтаванасці выстаўлення Серадзе дыягназу "закрытая чэрапна-мазгавая траўма лёгкай ступені" медыцынскія дакументы накіроўваліся ў неўралагічнае аддзяленне 10-ай гарадской бальніцы. З кансультатыўнага заключэння загадчыка неўралагічнага аддзялення Іванова А. В. вынікае, што падстаў для дыягнаставання ў Дзмітрыя Серады закрытай ЧМТ лёгкай ступені цяжкасці, страсення галаўнога мозгу не маецца на падставе адсутнасці вегетатыўных праяў у саматычным статусе.

Пры разглядзе грамадзянскай справы быў заслуханы эксперт, які праводзіў судова-медыцынскую экспертызу ў дачыненні да Дзмітрыя Серады, а таксама сведка, які працуе ў МРЭК паліклінікі па месцы жыхарства мужчыны, якія фактычна падвергнулі сумневу заключэнне эксперта і прыйшлі да высновы, што ў выніку незаконных дзеянняў супрацоўнікаў АУС Серадзе былі прычыненыя цялесныя пашкоджанні не толькі ў выглядзе сінякоў і ранак, але і закрытай ЧМТ лёгкай ступені, страсення галаўнога мозгу.

"Названыя абставіны маюць істотнае значэнне, з улікам дыспазіцыі ч. 1 і ч. 3 арт.426 КК.

А пастанова старэйшага следчага УСК па Г. Мінску Кіслага М. ад 2 верасня 2019 года аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы вынесена без уліку ўстаноўленых фактаў па рашэнні суда Заводскага раёна ад 11.09.2019 года", - адзначаецца ў пастанове суда Партызанскага раёна.

Што неабходна зрабіць следству?

Суд Партызанскага раёна палічыў, што скасаваць дапушчаныя прабелы ў рашэнні Следчага камітэта можна толькі пры правядзенні дадатковай праверкі па дадзеным матэрыяле, у ходзе якой варта ўлічыць усе вышэй выкладзенае, прыняць меры па ўсебаковаму, поўнаму і аб'ектыўнаму даследаванню і ацэнцы ў сукупнасці ўсіх прадстаўленых доказаў.

У тым ліку неабходна старанна даследаваць матэрыялы разгледжанай судом Заводскага раёна грамадзянскай справы па пазове Дзмітрыя Серады і членаў яго сям'і аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды, а таксама далучыць да матэрыялаў праверкі копіі пратаколу судовых пасяджэнняў, копіі рашэння суда і матывіровачнай часткі гэтага рашэння.

Суд таксама ўстанавіў, што неабходна прызначыць дадатковую судова-медыцынскую экспертызу, на вырашэнне якой паставіць наступныя пытанні:

  • якая ступень цяжкасці, даўнасць прычынення і механізм узнікнення цялеснага пашкоджання ў выглядзе чэрапна-мазгавой траўмы лёгкай ступені: страсення галаўнога мозгу, дыягнаставанага ў Серады;
  • ці магло дадзенае цялеснае пашкоджанне ўтварыцца у паказаны ім час і пры названых ім у ходзе гэтай праверкі абставінах.

Акрамя таго, пры правядзенні дадатковай праверкі падлягаюць дбайнай праверцы і іншыя довады Серады, выкладзеныя ім у скарзе, якія істотна ўплываюць на выснову аб наяўнасці або адсутнасці ў дзеяннях оперупаўнаважанага А. Нушчыка і іншых службовых асоб АУС Заводскага раёна прыкметаў складу злачынства, прадугледжанага артыкулам 426 Крымінальнага кодэкса.

Дзмітрый Серада адзначае, што чарговая перамога ў судзе паказвае поўную правамоцнасць яго патрабаванняў да МУС, але таксама і паказвае беззаконне ў сістэме МУС, якая практычна ігнаруе выкананне рашэнняў суда.

"Да прыкладу апытанне падазраваных у збіцці мяне адбываецца ў такой форме.

Следчы: "Вы вінаватыя?"

Падазраваны: "Не. Я ж ужо нічога не памятаю".

Следчы: "Дзякуй за вашыя адказы".  

І так ва ўсіх трох тамах справы. Поўная адсутнасць следчых дзеянняў", - падкрэслівае мужчына.

На працягу ўсіх гэтых гадоў Дзмітрый Серада публікуе ўсю інфармацыю па яго справе на старонцы ў Фэйсбуку, а нядаўна запусціў збор на платформе molamola для пакрыцця судовых выдаткаў.

"Вельмі складана адстойваць свае правы ў сістэме, якая пакрывае злачынцаў у сваіх шэрагах, ігнаруючы разважнасць і закон. Але хачу сказаць вялікі дзякуй незалежным СМІ, якія асвятляюць маю справу, асобны дзякуй юрысту «Вясны» Паўлу Сапелку і майму адвакату", - кажа мужчына.

Цяпер Дзмітрый Серада рыхтуе новыя пазовы ў суд з патрабаваннямі да МУС для аднаўлення яго парушаных правоў і прыцягнення вінаватых асобаў да адказнасці.


Нагадаем, раніцай 4 жніўня 2016 года ў кватэру Дзмітрыя Серады, выбіўшы ўваходныя дзверы і шкло балконных дзверэй у кухні, уварваліся невядомыя ў масках, паклалі яго тварам у падлогу, заламалі рукі за спіну, апранулі кайданкі і, працягнуўшы збіваць ў спецаўтатранспарце, даставілі ў РУУС Заводскага раёна Мінска. Затрыманы быў дапытаны ў якасці падазраванага ў хуліганстве на падставе ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса і адпушчаны толькі на наступны дзень, паколькі ў следчага "адпалі падставы для далейшага ўтрымання яго пад вартай".

Больш за трох гадоў Дзмітрый Серада спрабуе прыцягнуць вінаватых у яго незаконным затрыманні і збіванні да крымінальнай адказнасці. За гэты час ён атрымаў восем адмоваў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць амапаўцаў. І столькі ж разоў праверка па ягонай справе аднаўлялася. 

Мужчыне з дапамогай Праваабарончага цэнтра "Вясна" удалося дамагчыся матэрыяльнай кампенсацыі за нанесеную шкоду яго сям'і пры ўварванні ў жыллё: зламаныя ўваходныя дзверы, выбітае шкло балконных дзвярэый, наступнае назіранне і лячэнне ў медыкаў.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства