viasna on patreon

Ахвяра міліцэйскага самавольства: «Я такіх здзекаў трываць не маю намеру!» Фота

2016 2016-08-11T12:20:45+0300 2016-08-11T17:18:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dzmitry_serada.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пацярпелы ад міліцэйскага самавольства Дзмітрый Серада

Пацярпелы ад міліцэйскага самавольства Дзмітрый Серада

У Праваабарончы цэнтр "Вясна" звярнуўся ўрач-педыятр Дзмітрый Серада, які пражывае ў Мінску са сваёй жонкай і маленькай дачкой. Ён распавёў праваабаронцам, што 4 жніўня каля 8 раніцы, калі ўся сям’я яшчэ спала, ў яго кватэру пачалі ламіцца невядомыя ў масках: без званкоў і тлумачэнняў сталі выбіваць  уваходныя дзверы, а таксама спусціліся з даху і разбілі шкло балконнай дзверы на кухні.

Мужчына спрабаваў даведацца, што за людзі спрабуюць трапіць у яго кватэру і чаму. Але невядомыя ўварваліся ў кватэру, паклалі Дзмітрыя Сераду тварам у падлогу, скруцілі рукі за спіну, адзелі кайданкі.

На пытанні затрыманага «хто вы?» і «што адбываецца?», ніхто нічога не адказваў. Потым хтосьці з тых, хто ўварваўся, сказаў цяжарнай жонцы Дзмітрыя, што яны з міліцыі, і праводзілі яе і дзіцяці ў іншы пакой.

«Мабыць, жонка і дачка Палінка зрабілі тое, што ім загадалі. Я стаў спрабаваць павярнуць твар у другі бок, за што атрымаў удар па твары красоўкам і загад не рухацца. Пасля гэтага маю галаву прыціснулі красоўкам і пасыпаліся ўдары па галаве, целе ў вобласці нырак, спіне і нагах. У мяне падступіў ком да горла і ў галаве памутнела - я пачаў губляць прытомнасць. Далей памятаю, пытаў пра тое, што можа яны памыліліся адрасам? Хтосьці з іх назваў мой адрас, імя і прозвішча. Гэта былі мае дадзеныя. Я стаў пытацца: “За што? Чаму гэта ўсё адбываецца? За забойства ці наркотыкі?” Пачуў у адказ, што няма чаго сваімі прычындаламі махаць, у больш грубай форме, вядома», - апісвае падзеі той раніцы Дзмітрый Серада.

Пасля гэтага адзін з оперупаўнаважаных спытаў у затрыманага, дзе ён быў у нядзелю ў тры гадзіны дня. Дзмітрый Серада адказаў, што ўвесь дзень быў на рыбалцы ў 80 км ад Мінска. Мужчына лічыць, што ўстанавіць месца яго знаходжання ў нядзелю для міліцыі не складае працы: не толькі апытаўшы сведак, але і па лакалізацыі яго мабільнага тэлефона, з якога ён здзяйсняў званкі ў той дзень.

Яго даставілі ў РУУС Заводскага раёна г. Мінска, па дарозе ў спецаўтатранспарце працягвалі збіваць. Некалькі гадзін пратрымалі ў РУУС, а пасля гэтага даставілі ў Следчы камітэт, дзе быў праведзены допыт затрыманага. Дзмітрыя Сераду падазравалі па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса – “Наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства, што суправаджаюцца ўжываннем гвалту або пагрозай яго прымянення або знішчэннем або пашкоджаннем чужой маёмасці альбо адрозніваюцца па сваім змесце выключным цынізмам (хуліганства)”.

Акрамя таго, было праведзена апазнанне яго пацярпелай і сведкай. Пры гэтым пацярпелая не змагла апазнаць ў затрыманым чалавека, які здзейсніў злачынства, а сведка і зусім заявіла, што Дзмітрый не падобны на злачынца.

Аднак, мужчыну пакінулі пад вартай на ноч, і яшчэ цэлы наступны дзень пратрымалі ў РУУС. За гэты час Дзмітрый Серада ні разу не еў. У сярэдзіне дня ў яго пачаліся вострыя колікі, і супрацоўнікі міліцыі прапаноўвалі яму парацэтамол(!), але ў рэшце рэшт усё ж такі выклікалі брыгаду хуткай дапамогі. Медыкі палічылі, што сімптомы могуць быць выкліканыя двухдзённым галаданнем, але вострай паталогіі не выявілі.

Адпусцілі яго толькi 5 жніўня прыблізна ў 16 гадзін, паколькі ў следчага «адпалі падставы для далейшага ўтрымання яго пад вартай».

Пасля гэтага Дзмітрый Серада звярнуўся да судмедэкспертаў, якія зафіксавалі ў яго страсенне галаўнога мозгу лёгкай ступені і ўдар пярэдняй сценкі брушной поласці.

Цяпер мужчына знаходзіцца на бальнічным. Дачку вазілі на абследаванне ў дзіцячы псіхіятрычны дыспансер, дзе псіхолаг устанавіў, што дзяўчынка знаходзіцца ў стрэсе. Таксама Дзмітрый з жонкай плануюць самі звярнуцца за псіхалагічнай дапамогай, бо да гэтага часу знаходзяцца ў стане шоку і стрэсу.

Акрамя таго, Дзмітрый Серада ўжо накіраваў скаргі ва Упраўленне Следчага камітэта, начальніку Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў і Пракуратуру, у якіх просіць выявіць і прыцягнуць да адказнасці асоб, якія аддалі распараджэнне штурмаваць яго кватэру і пра сілавое затрыманне яго ў якасці падазраванага па крымінальнай справе, а таксама тых, хто збіваў яго ў кватэры і ў спецтранспарце пры дастаўцы ў РУУС.

«Акрамя фізічнага і маральнага ўрону мне і маёй сям'і, нанесены яшчэ і матэрыяльная шкода маёй маёмасці.

Я цалкам расчараваны ў нашай міліцыі. У мяне нават ніхто не папрасіў прабачэння. Але я такіх здзекаў трываць не мае намеру», - сказаў Дзмітрый Серада.

dzmitry_serada_napad2.jpg   dzmitry_serada_napad.jpg

У сваю чаргу юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка адзначае, што ў адпаведнасці з Законам "Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь», асноўнымі задачамі органаў унутраных спраў з'яўляюцца, у тым ліку і абарона жыцця, здароўя, гонару, годнасці, правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян Рэспублікі Беларусь ад злачынных i iншых процiпраўных замахаў, забеспячэнне іх асабістай і маёмаснай бяспекі.

«Супрацоўнік органаў унутраных спраў пры выкананні пастаўленых задачаў можа ўжываць фізічную сілу, спецыяльныя сродкі, зброю, баявую і спецыяльную тэхніку, калі іншымі спосабамі выкананне гэтых задач не ўяўляецца магчымым.

Аднак, перад прымяненнем фізічнай сілы і названых спецсродкаў асобу, супраць якой яны прымяняюцца, супрацоўнікі павінны папярэдзіць аб намеры ўжыць такія сродкі відавочна і дакладна. За выключэннем выпадкаў, калі прамаруджванне ў іх ужыванні створыць непасрэдную небяспеку для жыцця грамадзян або можа пацягнуць іншыя цяжкія наступствы.

Падстаў для прымянення фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў пры затрыманні Дзмітрыя Серады не было. Злачынства, у здзяйсненні якога яго падазравалі, не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, ня носіць гвалтоўны характар. Спатрэбілася правядзенне некалькіх следчых дзеянняў, каб высветліць яго недатычнасць да здзяйснення злачынства.

Супрацоўнікі органаў унутраных спраў відавочна перавысілі свае паўнамоцтвы, ўжылі фізічную сілу і спецсродкі, напэўна, у мэтах паказаць сваё фізічную і ўладную перавагу, каб прынізіць і запалохаць Дзмітрыя Сераду, зламаць яго як асобу да правядзення следчых дзеянняў», - адзначае праваабаронца.

Нагадаем, падобны брутальны налёт супрацоўнікамі АМАПу на тры кватэры быў здзейснены 11 жніўня 2015 года ў Мінску. Тады былі жорстка збітыя і затрыманыя чацвёра маладых людзей, якіх падазравалі ў нанясенні беларускамоўных графіці і псаванні білборда. Вячаславу Касінераву зламалі сківіцу на вачах у яго маленькай дачкі, пасля чаго ён правёў некалькі тыдняў у бальніцы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства