Асудзілі Іллю Дабратвора. Цяпер за акцыю 20 снежня Дапоўнена

2020 2020-01-28T09:19:51+0300 2020-01-28T17:10:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dabratvor-sud-2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Мінскага раёна 28 студзеня разглядаецца адміністрацыйная справа сябра Партыі БНФ Іллі Дабратвора. Актывіста вінавацяць ва ўдзеле ў акцыі пратэсту, якая адбылася ў Мінску 20 снежня.

Пратакол правапарушэння складзены паводле часткі 1 артыкула 23.34 КаАП. Справу разглядае суддзя Павел Жэчка.

Сведкамі з боку міліцыі выступаюць Максім Палякоў і Кашынскі Дзяніс.

Дабратвор хадайнічае аб вядзенні працэсу па-беларуску. Аднак суддзя спасылаецца, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы і адмаўляе ў хадайніцтве.

З матэрыялаў справы вынікае, што пратаколы перарабляліся і справа прыпынялася па прычыне немагчымасці ўстанавіць месцазнаходжанне Дабратвора.

Сам Дабратвор заяўляе, што  не з'яўляўся ўдзельнікам акцыі, а працаваў там у якасці журналіста. Віну не прызнае.

"на такіх мерапрыемствах я працую журналістам пастаянна. За апошнія 5 гадоў не прапусціў ніводнага. Я пазначыў сябе бейджам "прэса", - заяўляе ён.

Таксама спасылаецца на тое, што ў яго на выхаванні пяцёра дзяцей.

"Неяк пазначаны быў Дабратвор?" – апытвае суддзя сведку Кашынскага.

"Не, ніякіх сцягоў на ім не было".

"А іншыя абазначэнні? Нейкія бэйджы", – удакладняе суддзя.

"Не было".

Тады Дабратвор апранае куртку і бейдж, пытаецца ў сведкі, ці так ён выглядаў?

"Куртка па-мойму гэтая, а бэйджа не памятаю".

Cуддзя апытвае амапаўца Максіма Палякова.

Ён кажа, што нейкіх плакатаў ці сцягоў у Дабратвора не бачыў.

"Наконт лозунгаў не магу дакладна сказаць, натоўп пастаянна выкрыкваў, а ён – не ведаю".

Суд пераходзіць да даследавання матэрыялаў справы.

Праглядаецца аператыўнае відэа.

Дабратвор лічыць, што відэазапіс пацвярджае словы сведкаў. Бо на ім няма флагаў, ён там здымае (то бок быў там у якасці журналіста).

Суддзя пытае, ці меў Дабратвор на акцыі пасведчанне журналіста СМІ. Той кажа, што меў.

Абвяшчаецца перапынак да 11 гадзін для прыняцця рашэння.

Выносіцца пастанова – за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве штраф у памеры 10 базавых велічынь (270 рублёў).


Першы штраф  Ілля Дабратвор атрымаў за ўдзел у акцыі пратэсту супраць паглыбленай інтэграцыі з Расіяй. 26 снежня суд Маскоўскага раёна Мінска вынес пастанову аб пакаранні актывіста штрафам у памеры 30 базавых велічынь. 


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства