viasna on patreon

"Злачынства робяць тыя, хто спускае гэтыя пратаколы". Як прайшоў суд на Аланай Гебрэмарыям

2020 2020-01-24T12:57:39+0300 2020-01-28T14:42:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gebremariam-syd-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

24 студзеня ў судзе Маскоўскага раёна г. Мінска прайшло чарговае судовае пасяджэнне па адміністрацыйнай справе актывісткі “Моладзевага блока” Аланы Гебрэмарыям. Справа заведзеная па артыкуле 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення несанкцыянаванага масавага мерапрыемства).

gebremariam-syd-1.jpg
Алана Гебрэмарыям у залі судовых пасяджэнняў. Фота: spring96.org.

Нагадаем, што папярэднее пасяджэнне было перанесена з прычыны таго, што суддзя Таццяна Мотыль адправіла справу на дапрацоўку ў РУУС Маскоўскага раёна. Тады Алана прадставіла доказы, што яна не знаходзілася на акцыі ў той дзень і час, што былі пазначаны ў пратаколе.

Зараз пратакол змянілі: цяпер Алану вінавацяць у тым, што яна прымала актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 20 снежня з 18.30 па 19.10 гадзін.

Алана адразу заявіла адвод суддзі:

“Я ўжо казала на мінулым судзе, што ёсць факты парушэння правоў грамадзян праз прысуджаныя ім суткі і штрафы, [якія рабіла суддзя Мотыль]”.

Адвод суддзя не задаволіла.

 “Шмат каго яшчэ судзілі за абарону суверэнітэта Радзімы…”

“Давайце па сутнасці, — перабіла суддзя. — Вы прымалі ўдзел у акцыі?”

“Так, але неактыўна [як было пазначана ў пратаколе]. Я не выкрыквала лозунгі, не ішла са сцягам — я проста ішла. І я не разумею, чаму я  як грамадзянка Беларусі не магу прайсціся па вуліцах горада…”

gebremariam-syd-2.jpg
Алана Гебрэмарыям у будынку суда. Фота: spring96.org.

Алана падкрэсліла, што не лічыць сябе вінаватай у парушэнні заканадаўства. Яна спаслалася на Канстытуцыю РБ (якая з’яўляецца вышэйшым юрыдычным дакументам) і на артыкул 35, дзе гаворыцца аб свабодзе сходаў і мітынгаў.

“Прапаную спыніць гэтае злачынства, — адзначыла Алана. — Бо тое, што рабілі грамадзяне на акцыях — гэта не злачынства, бо яны выйшлі на мірны сход, як гэта могуць рабіць людзі ўсіх дэмакратычных краін свету. А сапраўднае злачынства робяць тыя, хто спускае гэтыя пратаколы”

Сведкі Межон і Сенько (супрацоўнікі АМАПу) на пасяджэнне не з’явіліся “у сувязі са службовай занятасцю”, але іх пратаколы зачыталі. У абодвух яны аднолькавыя: “падчас акцыі ішоў у складзе калоны з мэтай аховы парадку і бачыў Гебрэмарыям”.

У якасці доказаў да матэрыялаў справы быў далучаны відэазапіс са стрыму “Радыё Свабода”, дзе Алана давала інтэрв’ю падчас акцыі.

Пасля разгляду матэрыялаў справы суддзя зрабіла перапынак, каб вынесці рашэнне.

Вынік — 30 базавых велічынь штрафу (810 рублёў).


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства