viasna on patreon

Непаўнагадоваму абаронцу Курапатаў вынесена чарговае папярэджанне

2019 2019-11-15T00:14:21+0300 2019-11-15T00:15:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/trusau1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

14 лістапада ў Мінску ў памяшканні сярэдняй 181-й школы адбылося выяздное пасяджэнне адміністрацыйнай камісіі Маскоўскага раёна, паведамляе "Новы час". На ёй чыноўнікі з міліцыянтам разглядалі справу непаўналетняга актывіста Іларыёна Трусава, якога міліцыя заўважыла на акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі шостага кастрычніка.  

Падтрымаць юнака, які не першы раз прымае ўдзел у апазіцыйных акцыях, прыйшлі шматлікія ягоныя сябры і аднадумцы. На камісіі таксама прысутнічала маці Іларыёна Вольга і юрыст Вадзім Мушынскі.   Старшыня камісіі Святлана Кудзіна з першых хвілін пайшла ў наступ. Яна забараніла прысутным праводзіць фота-, відэаздымку і нават аўдыёзапіс, пагражала выклікаць міліцыю на тых прысутных, хто адмаўляецца выконваць яе распараджэнні, і спрабавала выстаўляць ультыматумы. Выказвала сумнеў, наконт таго, ці можа Вадзім Мушынскі быць прадстаўніком Іларыёна, а таксама заяўляла, што як старшыня забараняе фатаграфаваць нават журналістам, чым парушыла закон пра СМІ.   У адказ на пярэчанні яна гучна патрабавала: "Грамадзяне, я вам слова не давала, памаўчыце". 

  Камісія зачытала рашэнне Цэнтральнага РУУС ад 25 кастрычніка аб спыненні адміністрацыйнай справы ў адносінах да Іларыёна, паколькі ён непаўналетні. Па словах старшыні камісіі, гэта ўжо паўторнае парушэнне Іларыёнам артыкула КоАП 23.34 цягам года, але паколькі яму толькі 15 год, справай займаецца камісія.   Іларыён у сваім выступе падкрэсліў, што акцыя 6 кастрычніка адбывалася цалкам у межах заканадаўства, паколькі фармальна была перадвыбарчым пікетам, на які ніякага дазволу не трэба. Міліцыянты на акцыі былі, але прэтэнзіяў не выказвалі. Чаму на яго пасля складалі пратакол – незразумела. 

  Улічваючы тое, што хлопец, які навучаецца ў каледжы, добра вучыцца, займаецца спортам, не прапускае заняткаў і нават заняў 4-е месца на рэспубліканскай алімпіядзе па гісторыі, камісія пастанавіла вынесці Іларыёну папярэджанне “пра неабходнасць вядзення правапаслушнага ладу жыцця”.   Пасля адразу разгледзелі справу маці Іларыёна Вольгі. Ёй закідалі, тое, што яна кепска выхавала сына (артыкул 9.4 КоАП). На жанчыну націснулі, каб яна выказала пажаданне, што хоча разгляду ейнай справы без сведкаў, і журналіст “Новага Часу” з іншымі мусіў пакінуць памяшканне. У выніку справу адправілі на дапрацоўку.   Верагодна менавіта прысутнасць вялікай колькасці сяброў і паплечнікаў, а таксама журналістаў змусіла камісію абмежавацца мяккім пакараннем моладзевага актывіста і яго маці.

  Цалкам магчыма, што ў Іларыёна Трусава наперадзе яшчэ адно паседжанне камісіі паводле артыкулу 17.1 КоАП (“супраціўленне міліцыі”), калі яго з іншымі актывістамі затрымалі 3 лістапада ля рэстарацыі “Поедим поедим”.    

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства