viasna on patreon

Аюба Ціціева не адпусцяць пад даручальніцтва Яўлінскага і Ганушкінай

2018 2018-11-27T12:41:28+0300 2019-01-09T15:03:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/titieu-sud-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кіраўнік грозненскага прадстаўніцтва праваабарончага цэнтра «Мемарыял» Аюб Ціціеў. Фота: ПЦ “Вясна”.

Кіраўнік грозненскага прадстаўніцтва праваабарончага цэнтра «Мемарыял» Аюб Ціціеў. Фота: ПЦ “Вясна”.

Шалінскі гарадскі суд разгледзеў хадайніцтва кіраўніцы дабрачыннага фонду «Грамадзянскае садзейнічанне» Святланы Ганушкінай пра змяненне меры стрымання кіраўніку чачэнскага аддзялення праваабарончага цэнтра «Мемарыял» Аюбу Ціціеву, піша "Новая Газета".

Тыднем раней Святлана Ганушкіна распавяла суду пра тое, што шмат гадоў ведае Аюба як сумленнага і прыстойнага чалавека, які ўсё сваё жыццё аддаў абароне і выратаванню людзей. Ганушкіна прасіла суд выпусціць Ціціева з СІЗА пад яе асабістае даручальніцтва. Тады пракуратура запатрабавала абвясціць перапынак, каб падрыхтаваць пярэчанні.

26 лістапада пракурор Мадзіна Байтаева зачытала гэтыя пярэчанні. "Не ставячы пад сумнеў аўтарытэт і шчырасць намераў Святланы Ганушкінай", пракурор засумнявалася ў здольнасці паручыцеля забяспечыць належныя паводзіны Ціціева за межамі СІЗА, асабліва «улічваючы цяжар злачынства, якое ставіцца яму ў віну». Суддзя Мадзіна Зайнетдзінава пагадзілася з аргументамі пракуратуры, падкрэсліўшы, што Святланай Ганушкінай, пры ўсіх яе заслугах, могуць рухаць выключна суб'ектыўныя, сяброўскія пачуцці.

Следам са сваім хадайніцтвам выступіў лідэр «Яблоко» Рыгор Яўлінскі. У сваёй прамове ён зрабіў асаблівы акцэнт на той працы, якую Аюб Ціціеў вёў у імя чачэнскага народа, у самыя суровыя для чачэнцаў часы.

«Ён працаваў для таго, каб дапамагаць жыхарам Чачэнскай рэспублікі ў самыя цяжкія ваенныя гады, шмат разоў рызыкуючы ўласным жыццём, - казаў Яўлінскі. - Ён абараняў людзей ад катаванняў, ад незаконных дзеянняў. Уся яго дзейнасць была накіравана на захаванне чалавечага жыцця і годнасці простых грамадзянаў, якія трапілі ў бяду. Захаванне Канстытуцыі і законаў РФ набыло вялікую павагу ва ўсёй Расіі і ў свеце».

Палітык паведаміў суду, што яму вядома аб злачынстве, якое ставіцца ў віну Аюбу Ціціеву, і ён разумее адказнасць, якую ўскладае на яго даручальніцтва. Заслухаўшы пярэчанні пракуратуры, якія «зводзяцца да таго ж, што і ў выпадку з Ганушкінай», у задавальненні хадайніцтва Рыгора Яўлінскага суддзя, «кіруючыся унутраным перакананнем, законам і сумленнем», таксама адмовіла.

Міжнародная арганізацыя Amnesty International выступіла з заявай з нагоды адмовы суда адпусціць Аюба Ціціева пад даручальніцтва.

"Рашэнне пакінуць Аюба Ціціева ў СІЗА яшчэ раз дэманструе палітычны матыў ягонага пераследу. Ён не зрабіў ніякага злачынства і быў заключаны ў турму па цалкам сфабрыкаваных абвінавачваннях ў захоўванні наркотыкаў. Ён павінен быць неадкладна і безумоўна вызвалены", - заявіла даследчыца Amnesty International па Расіі Наталля Прылуцкая.

Нагадаем, праваабаронца і кіраўнік чачэнскага аддзялення «Мемарыялу» Аюб Ціціеў быў затрыманы 9 студзеня 2018 года ў Чачні і знаходзіцца пад арыштам па абвінавачванні ў захоўванні 200 грамаў марыхуаны. Сам ён не прызнае сваёй віны, а яго абарона настойвае, што наркотыкі яму былі падкінутыя, а справа супраць яго сфабрыкаваная.

У канцы кастрычніка міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International перадала ў адміністрацыю прэзідэнта Расіі больш за 169 тысяч подпісаў з розных краін з патрабаваннем адпусціць Аюба Ціціева, а таксама спыніць ціск на праваабаронцаў і забяспечыць справядлівае расследаванне іх спраў.


Чытайце таксама - Тры дні ў Чачні: місія салідарнасці беларускіх праваабаронцаў з Аюбам Ціціевым

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства