Блогер Пятрухін атрымаў чарговы штраф. Зараз - за няяўку ў міліцыю
23 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Брэста працягнуўся разгляд адміністрацыйнай справы блогера Сяргея Пятрухіна. Ён абвінавачваўся ў парушэнні артыкула 24.6 КаАП (ухіленне ад яўкі ў орган, які вядзе адміністрацыйны альбо крымінальны працэс).
Нагадаем, што яшчэ 13 лістапада Сяргея Пятрухіна затрымалі ў берасцейскім апорным пункце №7, куды той разам з Аляксандрам Кабанавым прыйшоў браць інтэрв’ю ў міліцыянта. На Пятрухіна склалі пратакол і на ноч змясцілі ў ІЧУ. На наступны дзень яго адпусцілі і прызначылі суд 16 лістапада, а затым суд адклалі яшчэ на тыдзень.
Справу разглядаў суддзя Святаслаў Каліна.
Напачатку паседжання Пятрухін ужо традыцыйна выказаў недавер суду і суддзі, а суддзя пратэст адхіліў.
Пятрухіна абвінавачвалі у тым, што ў нядзелю чацвёртага лістапада той не прыйшоў па позве ў міліцыю. Блогер адзначыў, што лічыць здзекам выпіску позваў на нядзелю, калі звычайна чалавек заняты сямейнымі справамі. Але ён разумее, што не проста так час, на які выдавалася позва, супадае з часам, калі неабыякавыя грамадзяні выходзяць на плошчу карміць галубоў.
Блогер падкрэсліў, што заўсёды па магчымасці прыходзіць па позве, але навошта выклікаць чалавека ў нядзелю? Па яго словах, ён тэлефанаваў і папярэджваў, што не зможа прыйсці ў міліцыю ў свой выходны дзень. Ён расцэньвае такі выклік як перавышэнне міліцыянтамі службовых паўнамоцтваў.
Пасля тлумачэнняў Пятрухіна ў зал выклікалі сведкаў міліцыянтаў. Участковы міліцыянт Якушэвіч распавёў, што чакаў Пятрухіна ад 12 да 13 гадзіны, аднак той быў у гэты час на плошчы.
Другі сведка - участковы Селяйковіч адзначыў, што 28 кастрычніка ён з Якушэвічам ўручалі Пятрухіну позву, але той не ўзяў, ад подпісу адмовіўся.
Было задаволена хадайніцтва аб далучэнні дыску да матэрыялаў справы, аднак паглядзець яго было немагчыма, бо ён пашкоджаны.
Таксама на судзе Пятрухін адзначыў, што вся гэтая сітуацы з выклікам у міліцыю ў нядзелю створаная спецыяльна, каб падвесці яго пад адміністрацыйную адказнасць.
У выніку суддзя Каліна вынес рашэнне: прызнаць Пятрухіна вінаватым і пакараць штрафам у памеры дзесяці базавых велічынь.
Гэта ўжо трэці штраф для Сяргея Пятрухіна за апошнія два месяцы. Агульная сума штрафаў за гэты перыяд перавысіла 1000 еўра.