Праз загружанасць суда працэс над Пятрухіным прызначылі на 16 лістапада. Ён на волі Дапоўнена
У Брэсце 13 лістапада затрыманы актывіст і блогер Сяргей Пятрухін, паведамляе праваабаронца берасцейскай філіі "Вясны" Уладзімір Вялічкін.
Паводле Вялічкіна, каля 12.30 блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў прыйшлі ў апорны пункт №7, які знаходзіцца на вуліцы Бярозаўскай, 5. Яны хацелі ўзяць інтэрв'ю ва ўчастковага міліцыянта Асінкіна Георгія Аляксандравіча, супраць якога днямі спынілі крымінальную справу. Асінкін даваць інтэрв'ю адмовіўся, а Сяргея Пятрухіна затрымалі. Аляксандру Кабанаву ўдалося сысці.
Таксама вядома, што адразу пасля затрымання апорны пункт зачынілі знутры, а ўсе спробы датэлефанавацца туды скончыліся безвынікова - на тэлефон ніхто не адказвае.
Па заканчэнні трох гадзін ад моманту затрымання Сяргей Пятрухін змог патэлефанаваць Кабанаву і паведаміць, што на нач застаецца ў ізалятары часовага ўтрымання.
Па стане на 15.30 Пятрухін знаходзіцца ў РАУС Ленінскага раёна, яго афармляюць для перавода ў ІЧУ.
У 16.00 участковы милицыянт Навіцкі Мікалай Усеваладавіч патэлефанаваў праваабаронцу Вялічкіну, падцвердзіў факт затрымання. Высветлілася, што блогера затрымалі быццам бы за неяўку ў нядзелю чацвёртага лістапада па позве ў міліцыю. Ён абвінавачаны па артыкул 24.6 КаАП (Ўхіленне ад яўкі ў орган, які вядзе адміністрацыйны альбо крымінальны працэс).
На наступны дзень, 14 лістапада, Пятрухіна прывезлі ў суд Ленінскага раёна. Аднак міліцыянты вымушаныя былі яго адпусціць, бо суд апынуўся загружаным. Паседжанне па справе прызначылі на 11.00 16 лістапада, а блогера адпусцілі дамоў.