viasna on patreon

Пракуратура выконвае функцыі пошты?

2018 2018-10-12T13:53:29+0300 2018-10-12T15:14:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prakuratura_.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Напрыканцы верасня юрыст ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч накіраваў заявы ў Пракуратуру Горацкага раёна і Магілёўскі аблвыканкам па факце прыцягнення да прымусовай працы (прыборкі ўраджаю) работнікаў розных прадпрыемстваў г. Горкі для аказання шэфскай дапамогі ААТ “Горацкае”.

Праваабаронца прасіў пракуратуру правесці па яго заяве пракурорскую праверку па названых фактах парушэння заканадаўства службовымі асобамі Горацкага райвыканкама і прыняць адпаведныя меры пракурорскага рэагавання, скіраваныя на адмену незаконнага распараджэння старшыні Горацкага райвыканкама Сяргея Кулагіна, а таксама правесці прафілактычную гутарку са службовымі асобамі Горацкага райвыканкама і давесці да іх ведама нормы дзеючага працоўнага заканадаўства з мэтай недапушчэння аналагічных парушэнняў у будучым.

Аднак, замест гэтага пракурор Горацкага раёна Аляксандр Тарасюк наўпрост перанакіраваў зварот Валянціна Стэфановіча ў Магілёўскі аблвыканкам, спаслаўшыся на Указ прэзідэнта “Аб дадатковых мерах па працы са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў”.

Праваабаронца лічыць, што пракуратура проста не хоча разбірацца і ўхіляецца ад выканання сваіх прафесійных абавязкаў, тым больш, што ў сваёй заяве Валянцін Стэфановіч кіраваўся п. 3 арт. 14 і п. 4 арт. 27 Закона “Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь”, дзе замацаваныя паўнамоцтвы пракурора ў выпадках парушэння правоў і законных інтарэсаў грамадзянаў, а не указам прэзідэнта. Цяпер Валянцін Стэфановіч плануе звярнуцца ў пракуратуру Магілёўскай вобласці, каб указаць на неабходнасць выканання пракурорам сваіх прамых абавязкаў пры працы з заявамі грамадзянаў. 

Нагадаем, праваабаронцам з публікацыі на сайце onliner.by стала вядома, што яшчэ 6 верасня Горацкім райвыканкамам было выдадзена распараджэнне аб прыцягненні супрацоўнікоў розных дзяржпрадпрыемстваў г. Горкі на прыборку гародніны колькасцю 100 чалавек у дзень у перыяд з 10 да 29 верасня.

Праваабаронца лічыць, што выдадзенае распараджэнне не адпавядае дзеючаму нацыянальнаму заканадаўству і міжнародным нормам у галіне правоў чалавека, а яго выкананне прыводзіць да парушэння правоў грамадзянаў у форме прыцягнення іх да прымусовай працы.

Гэта не першы выпадак, калі Валянцін Стэфановіч прыцягвае ўвагу пракуратуры да праблемы прымусовай працы і парушэння працоўнага заканадаўства. Так, праваабаронца звяртаўся з неаднаразовымі заявамі ў пракуратуру Мінскай вобласці па факце гібелі вучаніцы Маладзечанскай школы Вікторыі Папчэні на прыборцы бульбы 29 верасня 2016 года, а таксама па факце прымусовай працы на прыборцы ўраджаю кукурузы ў Вілейскім раёне ў лістападе 2016 года, сенакосу ў Глускім раёне ў чэрвені таго ж году і інш. Валянцін Стэфановіч не аднойчы падкрэсліваў, што прымусовая праца ў Беларусі носіць сістэмны і сістэматычны характар.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства