Сенакос “па-пракурорску”
Праваабаронцы звярнуліся ў Пракуратуру Глускага раёна з заявай, у якой прасілі правесці праверку законнасці распараджэння Глускага райвыканкама “Аб аказанні дапамогі ў нарыхтоўцы кармоў”, згодна з якім работнікі падведамасных арганізацый павінны быць накіраваныя для работ па нарыхтоўцы сена.
Адказ за подпісам пракурора раёна Л. Палевіча здзівіў нават праваабаронцаў. Ухіліўшыся ад праверкі законнасці “дэкрэтаў” мясцовай выканаўчай улады, пракуратура перанакіравала заяву ў Магілёўскі аблвыканкам. Чым кіраваўся пры гэтам раённы пракурор можна толькі здагадвацца. Відаць таму, што ў спісе арганізацый, работнікаў якіх змусілі да “баршчыны”, якраз работнікаў пракуратуры і няма.
Як стала вядома праваабаронцам ПЦ “Вясна”, 8 чэрвеня Глускім райвыканкамам было выдадзена Распараджэнне пад назвай “Аб аказанні дапамогі ў нарыхтоўцы кармоў”, у адпаведнасці з якім кіраўнікі арганізацый Глускага раёна павінны забяспечыць накіраванне “ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку” супрацоўнікаў для нарыхтоўкі сена.
Згодна дадатку да Распараджэння, у працэс сенакосу было ўключана 34 прадпрыемствы і арганізацыі з Глуску і Глускага раёна, з разлікам нарыхтоўкі – 300 кг на аднаго чалавека, і планам агульнага накосу 337 600 кг сена.
Праваабаронцы ПЦ “Вясна” палічылі, што такое Распараджэнне з’яўляецца незаконным, парушаючым дзеючае працоўнае заканадаўства, Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, а таксама міжнародныя нормы ў галіне правоў чалавека, якія былі ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь і звярнуліся ў мясцовую пракуратуру.