Валанцёр "Вясны" будзе судзіцца з Міністэрствам фінансаў
Валанцёр праваабарончага цэнтра "Вясна" Юрый Мяцельскі падаў пазоў да Міністэрства фінансаў аб спагнанні маёмаснай шкоды, грашовай кампенсацыі маральнай шкоды, прычыненай незаконнымі дзеяннямі органа, які вядзе адміністрацыйны працэс.
У навагоднюю ноч Юрый Мяцельскі разам са сваім сябрам пайшоў гуляць па іх роднаму гораду Слуцку. Каля трох гадзін ночы, калі хлопцы знаходзіліся на тэрасе мясцовага Дома культуры, да іх падышлі два супрацоўнікі АМАПу. Юрыя Мяцельскага затрымалі па арт. 17.3 КаАП (з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап'янення). Хлопца адвезлі ў выцвярэзнік для аналізу крыві на алкаголь, а далей у РАУС, дзе пад псіхалагічным і фізічным ціскам вымусілі падпісаць пратакол ужо па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Пасля гэтага яго змясцілі ў ізалятар, у якім ён прабыў да трэцяга студзеня.
22 лютага 2018 г. судом Слуцкага раёна Мінскай вобласці адміністрацыйны працэс у дачыненні да валанцёра па арт. 17.1 КаАП быў спынены за недаказанасцю яго віны. Гэтая пастанова не была абскарджаная і апратэставаная, і ўступіла ў законную сілу.
Юрый Мяцельскі мае намер спагнаць з казны Рэспублікі Беларусь у яго карысць у кошт кампенсацыі маральнай шкоды, прычыненай незаконнымі дзеяннямі органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, грашовую суму ў памеры 500 рублёў, а таксама выдаткі на аказанне юрыдычнай дапамогі ў памеры 510 рублёў.
Валанцёр "Вясны" адзначае:
«Адміністрацыйны працэс у дачыненні да мяне быў спынены па рэабілітуючых падставах, што дае мне права звярнуцца ў суд па кампенсацыю шкоды, прычыненай незаконнымі дзеяннямі органа, які вядзе адміністрацыйны працэс».
У пазоўнай заяве валанцёр "Вясны" піша, што ў выніку незаконнага затрымання, змяшчэння ў ізалятар часовага ўтрымання на двое сутак, прыцягнення яго ў якасці асобы, у дачыненні да якога вядзецца адміністрацыйны працэс, Юрыю былі нанесены фізічныя і маральныя пакуты.
У чым выразіліся фізічныя пакуты валанцёра?
- «У выцвярэзніку мне сказалі выкласці на стол змесціва кішэняў. Я гэта зрабіў, пасля чаго вырашыў адключыць свой мабільны тэлефон. Калі супрацоўнікі АМАПу гэта ўбачылі, адразу ж схапілі мяне, заламалі руку з тэлефонам і павалілі мяне на падлогу, ударыўшы пры гэтым мяне галавой аб лаўку».
- «Так як правы мне ніхто не тлумачыў, я запатрабаваў зрабіць гэта. Другі міліцыянт спачатку пачаў мне пагражаць «ластаўкай» і «прэс-хатай», але потым усё ж узяўся зачытваць правы, а я стаў удакладняць усе нюансы».
- «Пасля тлумачэнні некаторых правоў ўчастковы А.Савін ў нецэнзурнай форме сказаў мне не «вылузвацца» і падпісваць. Тады я ўзяў пратакол і пачаў ўносіць заўвагі. Убачыўшы гэта, участковы схапіў маю руку, заламаў і пераваліў праз крэсла на падлогу, пратрымаўшы мяне ў такім становішчы каля хвіліны».
- «У слуцкім ІЧУ не выдалі пасцельнае бялізна і ручнік, матрацы былі скамечануя, не было посуду для пітва. На шпацыр не выводзілі. Боты забралі і выдалі тапкі маленькага памеру, прычым абодва правыя. У першы дзень сняданак сумясцілі з абедам».
Пасля выхаду з ІЧУ Юрый накіраваў скаргу ў Пракуратуру Слуцкага раёна з падрабязным апісаннем дрэнных умоваў утрымання і з просьбай правесці праверку па гэтым факце. Аднак ніякіх парушэнняў Правілаў унутранага распарадку ў частцы матэрыяльна-бытавога забеспячэння затрыманых пракуратура не знайшла і не пабачыла падстаў для прыняцця мер пракурорскага рэагавання.
У чым выразіліся маральныя пакуты валанцёра?
- «Я знаходзіўся ў падаўленым стане ў чаканні магчымага неабгрунтаванага рашэння суда аб прыцягненні мяне да адміністрацыйнай адказнасці».
- «Пасля вызвалення я яшчэ доўга знаходзіўся ў стане шоку, за ўсё маё жыццё я ніколі не адчуваў падобнага прыніжэння. З-за супрацьпраўных і відавочна несправядлівых дзеянняў у дачыненні да мяне я атрымаў наймацнейшы шок і псіхалагічны стрэс. У выніку знаходжання ў нялюдскіх умовах у мяне, невінаватага чалавека, сфармавалася пачуццё трывогі, безвыходнасці сітуацыі, клапатлівага стану, што абумовіла страту кантролю над часам».