Суд аштрафаваў актывістку з Дуброўна, якая збіралася ў Мінск на Дзень Волі
30 сакавіка ў судзе Дубровенскага раёна прадоўжыўся суд над затрыманай 25 сакавіка Наталляй Стрэльчанка. Раніцай, калі яна выходзіла з дому і збіралася паехаць у Мінск на дазволенае святкаванне Дня Волі, яе схапілі супрацоўнікі міліцыі. Пасля затрымання жанчына была дастаўлена ў РАУС. Там яна са згоды міліцыянтаў змагла зрабіць некалькі званкоў, але міліцянтам падалося, што яна фатаграфуе. У яе адабралі тэлефон і склалі пратакол за супраціўленне законным патрабаванням міліцыі (арт. 23.4 КаАП).
Да суда яе змясцілі ў Аршанскі ІЧУ, а раніцай 26 сакавіка прывезлі ў Дубровенскі суд.
Наталлі ў судзе стала кепска, бо яна не ела ад раніцы затрымання. У яе паднялася тэмпература. У суд прыехала хуткая дапамога, але фельдшэр заявіў, што не можа забраць яе з суда, таму аказаў медыцынскую дапамогу на месцы.
Як паведамляе orsha.eu, у той дзень сведкі з боку міліцыі з цяжкасцю адказвалі на пытанні адваката наконт таго, ці сапраўды Наталля нешта здымала. Сама ж Наталля заявіла, што здымкі ўнутры РАУС не рабіла. Не ўсе сведкі нават маглі сказаць, ці быў у яе ўвогуле уключаны тэлефон. Таму адвакат хадайнічала, каб тэлефон быў прынесены ў суд, і можна было праверыць, ці ёсць там здымкі, зробленыя ў РАУС. Але пакуль што суд не пагадзіўся прадставіць тэлефон для высвятлення таго, ці былі сапраўды ў міліцыі прычыны, каб прымяняць да жанчыны сілу і абвінавачваць яе ў непадпарадкаванні. У выніку, каб сабраць усё, што запрасіў адвакат, суд вырашыў абвесціць перапынак да пятніцы 30 сакавіка.
У выніку ў пятніцу суд Дубровенскага раёна аштрафаваў Наталлю на восем базавых велічынь. Яна плануе абскарджваць дадзенае рашэнне.