Баранавічы: КДБ выклікае актывістаў на размовы
Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, баранавіцкімі валанцёрамі культурна-асветніцкай установы “Крытычнае мысленне” сталі цікавіцца супрацоўнікі КДБ.
Так, на размову па тэлефоне спрабавалі выклікаць Іллю Сянько, які быў затрыманы з расійскім філосафам і гісторыкам Пятром Рабавым і асужданы па арт. 17.10 КаАП (“публічнае дэманстраванне нацысцкай сімволікі”) да штрафу з канфіскацыяй жорскага дыску камп’ютара. Аднак хлопец прапанаваў супрацоўніку даслаць яму позву і адмовіўся без яе прыходзіць. Тады на размову выклікалі яго маці, якой супрацоўнік Баранавіцкага міжраённага аддзела КДБ па Брэсцкай вобласці Мікалай Безік расказваў “байкі” пра ўстанову, а таксама прымусіў падпісаць позву за сына.
Да сябра Іллі супрацоўнікі прыйшлі адразу на месца працы, забралі яго і адвезлі ў аддзяленне, дзе распытвалі пра дзейнасць установы, пагражалі праблемамі на працы, аказвалі псіхалагічны ціск і прапаноўвалі падпісаць паперы аб супрацоўніцтве.
Яшчэ аднаго яго знаёмага выклікалі ў дэканат ВНУ, дзе ён навучаецца. Пасля непрацяглай размовы - адпусцілі.
"Мы лічым, што замест таго, каб займацца рэальнымі справамі, КДБ накіроўвае свае высілкі на запалохванне актывістаў недзяржаўных арганізацый. На жаль, нават афіцыйная рэгістрацыя, адкрытасць дзейнасці і праца ў межах заканадаўства не з'яўляюцца абаронай ад неўмяшання ў справы, спробаў ціску і вярбоўкі з боку гэтых структураў", - каментуюць сітуацыю прадстаўнікі ўстановы.
“Крытычнае мысленне” – культурна-асветніцкая ўстанова па працы з моладдзю і самаразвіццю з Баранавічаў, асноўныя напрамкі дзейнасці якой арганізацыя і правядзенне разнастайных адукацыйных мерапрыемстваў для распаўсюду антыаўтарытарных ідэй, правоў чалавека, недыскрымінацыі і роўнасці, экалогіі і этычнага стаўлення да жывёлаў.