"Калі я кажу, што магу кагосьці прысудзіць да смяротнага пакарання, гэта адкрывае магчымасць прысудзіць і мяне..." Фота Відэа

2017 2017-10-10T13:33:25+0300 2017-10-10T18:35:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/komiks_smiarotnae_pakaranne.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

9 кастрычніка ў Галерыі TUT.by у Мінску адбылася дыскусія на тэму "Комікс - малюнкі, якія могуць змяняць рэальнасць?" і прэзентацыя комікса “Мама, гэта я…”, падрыхтаванага ў межах Тыдня супраць смяротнага пакарання.

У мерапрыемстве бралі ўдзел каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда, супрацоўнік крамы коміксаў “Time to be a hero” Уладзіслаў Міктум і сацыяльны антраполаг, незалежны даследчык коміксаў, праваабаронца Мікіта Трафімовіч.

Удзельнікі дыскусіі абмеркавалі, як праз коміксы можна раскрываць складаныя тэмы і якім чынам даносіць свае думкі да чытачоў.

Андрэй Палуда распавёў, чаму менавіта была абраная форма комікса ў гэтым годзе:

“Коміксы – гэта не толькі тое, што смешна. Гэта своеасаблівы інструмент, які падымае і раскрывае вельмі важныя сацыяльныя праблемы ў грамадстве. І ёсць цэлы сегмент у грамадстве, які цікавіцца гэтым інструментам, і мы падумалі, што такім чынам мы можам таксама паспрабаваць да іх данесці сваё меркаванне адносна праблематыкі смяротнага пакарання”.

Праваабаронца адзначыў, што ў гэтым годзе Тыдзень супраць смяротнага пакарання праходзіць пад мэсаджам “Смяротнае пакаранне – гэта мінулае”:

“І мы спадзяемся, што смяротнае пакаранне ўсё ж такі будзе мінулай часткай нашай гісторыі. І ў гэтым коміксе мы таксама паспрабавалі ўзгадаць мінулы час – пра суды Лінча ў Амерыцы, дзе ў свой час было вельмі папулярна рабіць паштоўкі з фота ў натоўпе на фоне лінчаванага чалавека і дасылаць сваякам, пры гэтым пазначаць, напрыклад, што “я ў трэцім радзе справа”.  

І мы вырашылі гэта таксама выкарыстаць і ўклалі ў комікс дзве паштоўкі: “Мама, гэта я злева” і “Мама, гэта я справа”, каб людзі маглі выбраць сваю ў залежнасці ад асабістай пазіцыі. Магчыма, гэта можна ўспрымаць як маніпуляцыю, уздзеянне на людзей, але з іншага боку, я больш чым упэўнены, што большая колькасць людзей ніколі б не змаглі забіць”.

Уладзіслаў Міктум распавёў, што падрыхтаваны праваабаронцамі комікс сапраўды выглядае інтэрактыўна, хоць і не зусім упісваецца ў класічны фармат коміксу.

Датычна зместу ён адзначыў:

“У гісторыі падаецца прыклад невінаватага чалавека, і вельмі проста суперажываць асуджанаму герою. Але трэба разумець, што незалежна ад таго, вінаваты чалавек ці не, ён усё роўна не павінен быць забіты. І калі атрымаецца данесці вось гэтую ідэю хоць бы да кагосьці, то гэта будзе важна. Не тое, што вас могуць выпадкова пакараць смерцю, а менавіта тое, што незалежна ад таго, што чалавек зрабіў, гэта не прычына яго забіваць”.

У сваю чаргу даследчык коміксаў Мікіта Трафімовіч дадаў:

“Чалавек не ўяўляе, як гэта - забіваць іншага чалавека. І ніколі не ўявіць. І калі даць яму выбар, ён можа выбраць усё, што заўгодна, таму што ён не ўяўляе моманту абсалютна, ён не ўяўляе, што такое каштоўнасць чалавечага жыцця. Гэта для яго абстракцыя накшталт дэмакратыі.

Але з іншага боку, калі я кажу пра тое, што я магу кагосьці прысудзіць да смяротнага пакарання, гэта адкрывае магчымасць прысудзіць і мяне. І вось гэта людзі могуць прадставіць: падтрымліваючы гвалт, яны легітымізуюць яго ў адносінах да сябе”.

Андрэй Палуда пагадзіўся з аргументамі суразмоўцаў і дадаў, што, гледзячы на пытанне смяротнага пакарання праз гэты комікс, чалавек пачынае ўспрымаць праблему праз сваё “я”.

“Менавіта і праз гэтыя паштоўкі мы і спрабавалі паставіць чалавека перад выбарам, каб ён мог прапусціць усё гэта праз сябе і вырашыць, якую паштоўку яму даслаць сваёй маці”, - падкрэсліў праваабаронца.

ПЦ "Вясна" прапануе ўсім жадаючым далучацца да Тыдня супраць смяротнага пакарання сваімі мерапрыемствамі і падтрымліваць нашыя - як наведваннем, так і ў сацыяльных сетках праз выкарыстанне хэштэгаў #DeathPenalty #AbolitionNow #Belarus#We4Life2017. Таксама спампоўвайце і раздрукоўвайце афішы Тыдня.


Нагадаем, першы Тыдзень супраць смяротнага пакарання Праваабарончы цэнтр “Вясна” правёў у 2013 годзе ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, якая распачалася ў 2009 годзе з мэтай спынення гэтага бесчалавечнага віду пакарання і далучэння нашай краіны да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў. На жаль, Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды.

"Калі я кажу, што магу кагосьці прысудзіць да смяротнага пакарання, гэта адкрывае магчымасць прысудзіць і мяне..."

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства