viasna on patreon

Сяргей Драздоўскі: Мы адказныя за жыццё адзін аднаго, таму інваліднасць – праблема ўсяго грамадства Аўдыё

2017 2017-02-02T17:06:22+0300 2017-02-03T11:40:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/drazdouski111.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Драздоўскі, фота з Facebook

Сяргей Драздоўскі, фота з Facebook

Напачатку кастрычніка 2016 года Беларусь ратыфікавала Канвенцыю па правах людзей з інваліднасцю. Значную ролю ў адвакацыі далучэння краіны да Канвенцыі адыгралі грамадскія арганізацыя, сярод якіх Офіс па правах людзей з інваліднасцю. Кіраўнік гэтай арганізацыі, лаўрэат Нацыянальнай праваабарончай прэміі ў намінацыі “Праваабаронца года – 2016” Сяргей Драздоўскі распавёў сайту ПЦ “Вясна”, чаму гэта з’яўляецца важным крокам наперад для нашай краіны, а таксама пра дзейнасць Офісу, якая зараз арыентаваная на выкананне палажэнняў Канвенцыі.

- Сяргей, якім чынам ратыфікацыя Канвенцыі можа паўплываць на становішча людзей з інваліднасцю?

- Падпісанне Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю з’яўляецца важным крокам дзяржавы ў бок павагі правоў гэтых людзей. Таму што арганізацыі, якія займаюцца дапамогай людзям з інваліднасцю, і самі гэтыя людзі шмат разоў напрацягу амаль дзесяці гадоў выказваліся за ратыфікацыю Канвенцыі.

Зараз перад намі стаіць няпростая, але вельмі значная мэта – зрабіць так, каб Канвенцыя не засталася проста паперай, а стала дзейным дакументам і часткай нашага жыцця. Я кажу менавіта “часткай нашага жыцця”, таму што не адрозніваю людзей з інваліднасцю ад усяго грамадства. Канвенцыя нясе ў сябе дастаткова інавацый. У першую чаргу, гэта прынцыпова новы падыход да інваліднасці. Яна абвяшчае як бы праваабарончы характар інваліднасці. Гэта азначае, што калі чалавек па прычыне сваёй інваліднасці не можа атрымаць нейкае права ці не можа атрымаць доступ да права, то гэта ёсць дыскрымінацыя. Ніякія “так было раней”, “няма грошаў” і таму падобнае не ўлічваюцца. Дзяржава павінна прызнаць дыскрымінацыю ў адпаведнасці з Канвенцыяй. І гэта вельмі важна, бо дасюль у нашым грамадстве існуе разуменне інваліднасці як праблемы самаго чалавека і тых бар’ераў, якія вакол яго, а астатнія людзі могуць быць добрымі, талерантнымі і па магчымасці аказваць дапамогу. Але Канвенцыя кажа, што гэта няправільна. Калі мы, грамадства ў цэлым, адказныя за жыццё адзін аднаго, то інваліднасць – праблема для ўсіх нас. Таму ў Канвенцыі ёсць дакладная дэфініцыя дыскрымінацыі і яе частак.

Канвенцыя ўдакладняе кожнае з правоў чалавека адносна спецыфікі інваліднасці. Кожнае з правоў, напрыклад, такія распаўсюджаныя, як права на працу, на адукацыю, на здароўе, маюць сваю спецыфіку. Канвенцыя гэта абагульняе і выводзіць: калі чалавек не атрымлівае цывілізацыйных дабротаў на дастатковым узроўні, як атрымлівае іншы чалавек, то гэта з’яўляецца дыскрымінацыяй, і яе трэба выкараніць, а чалавека, які падпаў пад дыскрымінацыю - рэабілітаваць.

Трэба адзначыць, што Нацыянальны план дзеянняў па імплементацыі Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю ўпершыню за ўвесь час існавання дзяржпраграм у Беларусі набыў грамадскі характар. Зараз ідзе грамадскае абмеркаванне, і любы грамадзянін ці арганізацыя да 14 лютага могуць даслаць свае пытанні і прапановы дзеянняў па імплементацыі Канвенцыі. Наш Офіс ужо ўнёс некаторыя прапановы, падрыхтаваныя на аснове нашага леташняга дакладу пра становішча людзей з інваліднасцю. Мы, а таксама іншыя няўрадавыя арганізацыі зараз рыхтуем і хутка дашлем яшчэ шэраг прапаноў.

- Якія абавязальніцтвы накладае на краіну падпісанне Канвенцыі? І чаму Беларусь адмовілася падпісваць Факультатыўны пратакол да яе?

- Раней усе міжнародныя дакументы, датычныя правоў людзей з інваліднасцю, якія падпісвала Беларусь, мелі рэкамендацыйны характар. Канвенцыя ж нясе ў сябе шэраг абавязкаў для дзяржавы. У першую чаргу, гэта абавязак рабіць даклады пра становішча правоў людзей з інваліднасцю раз у чатыры гады. Таксама ў краіне павінна з’явіцца ўстанова, якая будзе сачыць за выкананнем палажэнняў Канвенцыі. Што датычыцца Факультатыўнага пратакола да Канвенцыі, то ён надае ёй яшчэ больш жорсткі характар. Бо калі краіна яго падпісвае, то грамадзянін гэтай краіны мае права паскардзіцца на дзеянні дзяржавы ў ААН. Беларусь, на жаль, катэгарычна адмовілася ад падпісання пратакола. Але арганізацыі людзей з інваліднасцю настойваюць, каб гэта было зроблена.

- Якімі кампаніямі і праектамі зараз займаецца Офіс па правах людзей з інваліднасцю?

Паколькі мы працуем ва ўмовах абмежаваных рэсурсаў, то вымушаныя расстаўляць прыярытэты ў нашай дзейнасці. Яна цалкам арыентаваная на выкананне палажэнняў Канвенцыі. Найперш, гэта супрацьдзеянне дыскрымінацыі людзей па прыкмеце інваліднасці. У Беларусі ні спецыялісты, ні простыя людзі не маюць добрых і ўстойлівых ведаў пра тое, што такое “дыскрымінацыя”, як з ёй змагацца і што рабіць, каб яе не было. Другое – гэта даступнасць. Мы маем на ўвазе не толькі фізічную даступнасць (то бок, ёсць пандус ці не), а даступнасць у шырокім сэнсе – тое, якім чынам чалавек мае доступ да таго ці іншага права. Напрыклад, ці даступныя людзям з інваліднасцю праца, адукацыя, медычныя паслугі. Таксама адной з асноўных для нас застаецца праблема інклюзіі. Галоўным тут з’яўляецца прынцып незалежнага жыцця, які ляжыць у аснове Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю. Мы павінны рабіць усё, каб кожны чалавек з інваліднасцю мог самастойна кіраваць сваім жыццём, што, на жаль, пакуль у нашым грамадстве атрымліваецца далёка не ва ўсіх. Частка гэтай праблемы – існаванне дзяржаўнай сістэмы дапамогі, якая ўключае ў сябе інтэрнаты. Мы лічым усю гэтую сістэму неперспектыўнай і будзем прыкладаць усе намаганні, каб ад інтэрнатнай сістэмы перайсці да дапамогі ў мясцовых супольнасцях.  

Мы вядзем інфармацыйныя кампаніі па пашырэнні ведаў пра тое, што інваліднасць – гэта не медыцынская праблема і не праблема захворвання чалавека, гэта, у першую чаргу, праблема правоў чалавека. Таксама праводзім шмат адукацыйных мерапрыемстваў, дзе даем веды і навыкі наконт таго, якім чынам ставіцца да інваліднасці - без дыскрымінацыі і з павагай да чалавека.

У нашым офісе працуе грамадская прыёмная, куды звяртаюцца людзі, каб вырашыць пытанні, звязаныя з праблемай інваліднасці. Трэба адзначыць, што 99% ад зваротаў – гэта скаргі на парушэнне таго ці іншага права чалавека праз тоё, што ў яго ёсць інваліднасць. Кожны год мы атрымліваем каля 1 300 – 1 400 скаргаў. Некаторыя з іх вельмі цяжкія - мы працуем з імі па некалькі гадоў, а па іншых дастаткова пяціхвіліннай кансультацыі. Шмат з гэтых скаргаў датычацца працы дзяржаўных органаў, калі яны зусім не выконваюць свае абавязкі альбо выконваюць іх дрэнна. Ёсць шэраг сітуацый, калі дзяржава робіць нейкія дзеянні ў межах законаў, але гэтыя законы напісаныя дыскрымінацыйна. У такіх сітуацыях мы прапануем мяняць гэтыя законы ці іх асобныя нормы.

- Офіс па правах людзей з інваліднасцю выступіў адным з ініцыятараў стварэння інстытута Назіральных саветаў інтэрнатаў. Што гэта за накірунак?

- Самі па сабе Назіральныя саветы не зменяць сітуацыю, але гэта першы крок, каб прыўзняць завесу невядомасці над інтэрнатамі. Трэба, каб людзі ў інтэрнатах бачылі, што хоць нехта можа бараніць іх правы і агучваць існуючыя праблемы. Нашая прапанова - гэта пэўны сігнал дзяржаве, што варта пачынаць змяняць сітуацыю. Мы лічым, што таксама патрэбныя маніторынгі, але не таго, колькі, напрыклад, выдаткавана грошай на рамонт, а таго, наколькі паважаюцца правы чалавека ў гэтых установах. Папярэднія даследванні паказалі, што беларускае заканадаўства адносна інтэрнатаў вельмі дыскрымінацыйнае ў параўнанні з міжнароднымі стандартамі.

- Якая сітуацыя з арганізацыямі, што дапамагаюць людзям з інваліднасцю, у рэгіёнах?

- У абласных цэнтрах яшчэ не такая жудасная сітуацыя. Але калі мы даходзім да вёсак і маленькіх гарадоў, то бачым, што там амаль няма арганізацый, якія б маглі дапамагаць людзям з інваліднасцю. На жаль, заканадаўства Беларусі зусім не спрыяе развіццю клубаў ці маленькіх арганізацый па месцы жыхарства. Тыя нешматлікія арганізацыі, якія мы бачым, часцей за ўсё скардзяцца на вельмі цяжкое становішча. Канешне, дзесьці існуе пэўная дапамога з боку мясцовых уладаў, але яе недастаткова, каб недзяржаўныя арганізацыі маглі якасна вырашаць праблемы людзей з інваліднасцю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства