Жанна Пцічкіна дамагаецца кампенсацыі за смерць свайго сына
Жанна Пцічкіна, маці загінулага ў СІЗА №1 Мінска Ігара Пцічкіна, падрыхтавала з дапамогай праваабаронцаў “Вясны” пазоў у суд Заводскага раёна г. Мінска на кампенсацыю матэрыяльнай і маральнай шкоды.
Адказчыкам заяўленыя Дэпартамент выканання пакаранняў па Мінску і Мінскай вобласці і Галоўнае ўпраўленне Міністэрства фінансаў па г. Мінску, трэцяй асобай выступае фельчар СІЗА Аляксандр Крылоў, які быў прызнаны вінаватым у смерці Ігара Пцічкіна і асуджаны на тры гады пазбаўлення волі.
Жана Пцічкіна і яе дачка Ірына Пцічкіна былі прызнаныя судом Маскоўскага раёна пацярпелымі па справе.
Маці загінулага палічыла, што матэрыяльная шкода звязаная з выдаткамі на пахаванне Ігара Пцічкіна і складае 6165,45 беларускіх рублёў з улікам інфляцыі. У гэтую суму ўключаецца труна, месца на могілках, выраб і ўсталяванне помніка з агароджай, а таксама дапамога спецыяліста ў галіне судзебнай медыцыны, які рабіў асобнае заключэнне аб прычынах смерці загінулага.
Маральную шкоду, якая была нанесена ёй смерцю сына, Жанна Пцічкіна ацэньвае ў 100 000 беларусіх рублёў.
“Я трымала рукі на яго змучаным целе, якому не далі спакою ні ў апошнія гадзіны жыцця, ні пасля смерці. Я аддала адбываць арышт у турму - пад апеку гэтай дзяржаўнай установы - свайго поўнага жыцця сына, якога мне павінны былі вярнуць пакараным і выпраўленным, але пры гэтым жывым і здаровым. Вярнулі спакутаванае, збітае, парэзанае цела.
Мне спатрэбілася прайсці трохгадовы шлях у пошуках праўды аб прычынах гібелі сына. Даведацца, што яго зноў даставалі з магілы; прачытаць бруд, які лілі на яго людзі ў пагонах; вывучаючы матэрыялы крымінальнай справы, прымаючы ўдзел у пасяджэннях суда, зноў і зноў я была вымушана ў думках прайсці разам з сынам па змрочных камерах СІЗА, пачуць крыкі ахоўнікаў, вытрымаць пабоі; ляжаць з ім, паміраючы, у нечалавечых пакутах без дапамогі медыкаў”, - адзначае жанчына.
Як доўга будзе пакутваць ад страты сына і як прызвычаіцца да думкі, што яго больш няма, Жанна Пцічкіна не ведае.
«Лепш бы сына мне вярнулі, а не грошы. Але раз сына не могуць вярнуць, то няхай хоць грашыма пакрыюць мае пакуты, каб была на могілкі магчымасць ездзіць і за магілкай даглядаць», - кажа маці Ігара Пцічкіна.
Аналагічную позву аб кампенсацыі маральнай шкоды падрыхтавала і сястра загінулага Ірына Пцічкіна.
Нагадаем, жыхар Мінска Ігар Пцічкін памёр 4 жніўня 2013 года ў камеры медчасткі ўстановы, дзе да яго былі ўжытыя «меры фізічнага стрымлівання ў выглядзе фіксацыі рамянямі». У такім стане Пцічкін знаходзіўся больш за 20 гадзін да моманту смерці.
Тры гады спатрэбілася ягонай маці Жанне Пцічкінай, каб з дапамогай праваабаронцаў “Вясны” дамагчыся ўзбуджэння крымінальнай справы за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў фельчарам медчасткі СІЗА, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента.