Кіраўнік "Вясны": Уладзе не падабаецца, што праваабаронцы змагаюцца за праўду і справядлівасць
23 верасня ў Варшаве старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі з калегамі з краінаў былога СССР прыняў удзел у мерапрыемстве "Постсавецкая судовая ўлада: інструмент для адпраўлення правасуддзя або інструмент прыгнёту? Адсутнасць незалежнасці судовай сістэмы і пераслед праваабаронцаў ва ўсходняй частцы рэгіёну АБСЕ" ў межах канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні.
Сустрэча была арганізавана Нідэрландскім Хельсінкскім камітэтам і Міжнароднай Федэрацыяй за правы чалавека (FIDH). Акрамя беларускага праваабаронцы, у ёй узялі ўдзел Мутабар Таджыбаева з Узбекістана, Аіда Байжуманава з Кыргызстана, Яўген Жоўціс з Казахстана, Канстанцін Баранаў з Расійскай Федэрацыі, Анар Мамедлі з Азербайджана.
Як распавёў Алесь Бяляцкі, практычна адзінагалосна выступоўцы казалі пра тое, што ва ўсіх постсавецкіх сістэмах суды не з’яўляюцца незалежнымі. Суды, як і пракуратуры, часта выкарыстоўваюцца ўладамі гэтых краінаў супраць палітычных апанентаў і праваабаронцаў як пэўныя інстументы ўціску і абмежавання іх дзейнасці. З шасці выступоўцаў чацвёра - былыя палітычныя зняволеныя ў сваіх краінах.
“Я таксама казаў пра несамастойнасць беларускай судовай сістэмы, што ўсе суддзі ў Беларусі прызначаюцца прэзідэнтам, рашэнні, якія маюць палітычны падтэкст, кантралююцца з боку службаў дзяржаўнай бяспекі і адміністрацыі прэзідэнта. Такім чынам, суды не могуць выносіць незалежныя выракі, бо ўсе выракі па такіх справах адназначна пішуцца ў іншых кабінетах. А суды проста з’яўляюцца выканаўцамі, якія легітымізуюць гэтыя рашэнні”, - адзначыў Алесь Бяляцкі.
Ён прывёў прыклады пераследу праваабаронцаў у Беларусі за апошнія два гады:
“Першы выпадак тычыцца Алены Танкачовай, якая выкінута на тры гады з Беларусі за адміністрацыйныя правапарушэнні – перавышэнне хуткасці пры кіраванні аўтамабілем, што з’яўляецца абсалютна непрапарцыйным пакараннем. І гэта ёсць канкрэтны прыклад пераследу, калі выкарыстоўваліся адміністрацыйныя інструменты - у дадзеным выпадку аддзел па грамадзянстве і міграцыі Першамайскага раёна горада Мінска. І скарга, якую яна падавала ў суд на рашэнне аб высылцы, на жаль, судом таксама была не ўлічана. Відавочна, што суд тут не мог прыняць незалежнае рашэнне, бо справа мела вось такі кантэкст барацьбы з праваабарончай арганізацыяй. Зразумела, што высылка Алены Танкачовай з Беларусі была накіравана на паслабленне, паралізаванне працы Lawtrend”.
Другі выпадак - пераслед рэгіянальнага праваабаронцы Леаніда Судаленкі, які сёння адзначыў сваё пяцідзесяцігоддзе.
“Гомельскі праваабаронца быў спачатку прэсінгаваны праз падаткавую інспекцыю, затым быў укід з парнаграфіяй праз яго паштовую скрыню, якая была ўзламаная. З-за гэтага была ўзбуджана крымінальная справа. Але дзякуючы таму, што Леанід Судаленка меў інфармацыю пра ўзлом сваёй скрыні, крымінальная справа скончылася нічым. Тым не менш, на яго працягвалі ціснуць увесь год. Гэта выяўлялася ў даглядах, вобшуках і зняццях з цягнікоў падчас перасячэння мяжы, у канфіскацыі кампутарнай тэхнікі”, - падкрэсліў кіраўнік "Вясны".
Алесь Бяляцкі падсумаваў, што беларуская судовая сістэма вельмі моцна палітызаваная, яна залежыць ад адміністрацыйных уладаў і з’яўляецца часткай палітычнай сістэмы Беларусі, чаго не павінна быць.
“Усе гэтыя выпадкі паказваюць, што беларускія спецслужбы, выкарыстоўваючы суды, следчы камітэт, пракуратуру, паслядоўна і метадычна аказваюць ціск на беларускіх праваабаронцаў, успрымаючы нас як пэўную пагрозу. Відавочна, што беларускай уладзе не падабаецца, што мы змагаемся за праўду і справядлівасць”, - сказаў ён.
Нагадаем, прадстаўнікі ПЦ "Вясна" прымаюць удзел у працы штогадовай канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні, якая праходзіць з 19 па 30 верасня ў Варшаве.