Дзе бязрукі пляскае ў ладкі, а нямы крычыць: “Жыве Беларусь”? У судзе
Супрацоўнікі міліцыі склалі паўтары дзесяткі пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні на ўдзельнікаў мітынгу і шэсця, якія прайшлі ў Мінску 25 жніўня. Акцыя была прысвечаная святкаванню 25-годдзя ўваходжання ў сілу Дэкларацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі.
Адзін з такіх пратаколаў атрымаў па пошце і актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Леанід Кулакоў.
Старшы ўчастковы інспектар Центральнага РУУС г Мінска маёр міліцыі Алена Шамрук у пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні сцвярджае, што Кулакоў Леанід “прыняў удзел у правядзенні несанкцыянаванага мітынга, прымеркаванага да 25 гадавіны з дня прыняцця Вярхоўным Саветам БССР Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце”, і пры гэтым “чытаў вершы і выкрыкваў лозунгі “Жыве Беларусь!”, чым парушыў парадак правядзення мітынгаў і сходаў.
Леанід Кулакоў не хавае свайго здзіўлення:
“Якія вершы? Я не так добра валодаю беларускай мовай, каб вершы чатаць, тым больш і не памятаю ўжо іх зусім. Мітынг здымалі на відэа “аператары ў цывільным” і вядома ж там будзе бачна, што вершы я не чытаў”.
Цікава, а ці чулі вершы ў выкананні Кулакова сведкі, супрацоўнікі міліцыі Сяргей Пялейка і Аляксандр Блізнеўскі, якія “падмахнулі” пратакол, прычым чамусьці адным і тым жа почыркам? Відаць пра гэта можна будзе даведацца толькі ў судзе. Ці яны і там будуць сцвярджаць адваротнае? Гэтак жа як хітруе і маёр Шамрук, якая нават не падыходзіла да Кулакова, аднак упэўнена піша ў пратаколе, нібыта Кулакоў адмовіўся ад подпісу пратаколу:
“Асоба, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, адмовілася падпісаць пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні”.
Аднак, пратакол – пратаколам, а рашэнне будзе прымаць суд. Можна нават здагадацца якое, варта толькі прыгадаць, што ў Беларусі бязрукі пляскае ў ладкі, а нямы крычыць “Жыве Беларусь!”.