ДАІ наноў аштрафавала раварыста “Крытычнай масы”
18 жніўня ў ДАІ Мінгарвыканкама адбыўся паўторны разгляд адміністрацыйнай справы па арт. 18.23 КаАП супраць Дзмітрыя Пахомава, якога вінавацілі ў парушэнні ПДР падчас “Крытычнай масы”.
У працэсе апыталі двух супрацоўнікаў АМАПу, якія па-ранейшаму сцвярджалі, што 29 красавіка раварыст рухаўся па праезжай часцы і потым аказваў непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі пры затрыманні. У выніку ДАІ нанава вынесла рашэнне аб накладанні штрафу ў адну базавую велічыню.
Дзмітрый Пахомаў разам з праваабаронцамі плануе зноў абскарджваць рашэнне ДАІ праз суд.
Нагадаем, што папярэдняе аналагічнае рашэнне Галоўнага ўпраўлення ДАІ Мінгарвыканкама было адменена судом Маскоўскага раёна г. Мінска, а справа адпраўлена на новы разгляд.
Жорсткае затрыманне веласіпедыстаў-удзельнікаў "Крытычнай масы" адбылося ўвечары 29 красавіка. У выніку грубых дзеянняў АМАПа, было затрымана 6 чалавек, якіх моцна збілі і адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна. Пазней чацвёра з затрыманых падпісалі пратаколы аб парушэнні правілаў дарожнага руху і аказанні супраціўлення супрацоўнікам органаў унутраных спраў і ДАІ, а супраць дваіх былі распачатыя крымінальныя справы па арт. 364 Крымінальнага кодэкса.
Затрыманаму Дзмітрыю Паліенку вечарам 6 траўня прад’явілі абвінавачванні. На дадзены момант ён знаходізцца ў Жодзінскім СІЗА: 222160, Мінская вобл., г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22а.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” выступіў з заявай з нагоды ўтрымання пад вартай удзельніка “Крытычнай масы” Дзмітрыя Паліенкі.