Разгляды спраў раварыстаў у ДАІ і судзе
Як раней паведамляў ПЦ “Вясна”, 11 і 12 траўня працягнуцца разгляды адміністрацыйных спраў па парушэнні правілаў дарожнага руху ў дачыненні да ўдзельнікаў акцыі “Крытычная маса”.
Так, сёння з 15.00 будзе разглядацца справа аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 18.23 КаАП (“Парушэнне правілаў дарожнага руху пешаходам і іншымі ўдзельнікамі дарожнага руху”) ў актавай залі УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама (пр. Дзяржынскага, 3) ў дачыненні да назіральніка БХК Кірыла Кажэнава.
12 траўня з 15.00 – там жа працягнецца разгляд аналагічных спраў у адносінах да Кірыла Падабеда, Аляксея Адамовіча і Дзмітрыя Пахомава.
Акрамя таго, заўтра ж судом Цэнтральнага раёна г. Мінска (вул. Кірава, 21) будуць разглядацца і адміністрацыйныя справы па арт. 23. 4 КаАП “Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў”. Суды працягнуцца і 16 траўня.
Разгляды прызначаны ў наступным парадку:
12 траўня з 16.00 – назіральнік БХК Кірыл Кажэнаў,
12 траўня з 17.00 – удзельнік “Крытычнай масы” Аляксей Адамовіч,
16 траўня з 11.00 – удзельнік “Крытычнай масы” Дзмітрый Пахомаў,
16 траўня з 14.30 – удзельнік “Крытычнай масы” Кірыл Падабед.
Што датычыцца Максіміліяна Бойчанка, да якога супрацоўнікі ДАІ прыязджалі дадому і ўручылі позву з патрабаваннем з'явіцца ў адпаведныя органы для ўдзелу ў адміністрацыйным працэсе, то пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да яго ў АДАІ Цэнтральнага раёна яшчэ цалкам не аформілі.
У сваю чаргу падазраваны па арт. 364 Крымінальнага кодэкса і адпушчаны пад падпіску аб з’яўленне ў органы ўнутраных спраў Станіслаў Канавалаў рыхтуе скаргу на непрапарцыйнае ўжыванне сілы супрацоўнікамі ДАІ пры яго затрыманні.
Дагэтуль пад вартай застаецца Дзмітрый Паліенка.
Нагадаем, жорсткае затрыманне веласіпедыстаў-удзельнікаў "Крытычнай масы" адбылося ўвечары 29 красавіка. У выніку грубых дзеянняў АМАПа, было затрымана 6 чалавек, якіх моцна зьбілі і адвезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёна. Пазней чацвёра з затрыманых падпісалі пратаколы аб парушэнні правілаў дарожнага руху і аказанні супраціўлення супрацоўнікам органаў унутраных спраў і ДАІ, а супраць дваіх былі распачатыя крымінальныя справы па арт. 364 Крымінальнага кодэкса.
Затрыманаму Дзмітрыю Паліенку вечарам 6 траўня прад’явілі абвінавачванні. На дадзены момант ён знаходізцца ў Жодзінскім СІЗА: 222160, Мінская вобл., г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22а.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” выступіў з заявай з нагоды ўтрымання пад вартай удзельніка “Крытычнай масы” Дзмітрыя Паліенкі.