Салігорск: суд падтрымаў забарону мітынгу да Усенароднага сходу
Суд Салігорскага раёна не задаволіў скаргу мясцовага актывіста БХД Уладзіміра Шылы на забарону гарадскімі ўладамі мітынгу, на якім планавалася сфармуляваць “наказы” удзельнікам так званага Усенароднага сходу. Барацьбу за сваё права на мірныя сходы спадар Шыла працягне ў Мінскім абласным судзе.
Нагадаем, Салігорскі райвыканкам забараніў правядзенне мітынгаў на стадыёне “Будаўнік” - адзіным дазволеным для гэтага месцы ў беларускай сталіцы шахцёраў, у перыяд з 6-га па 25-га чэрвеня. Пазбаўленне салігорцаў на тры тыдні права на мірныя сходы чыноўнікі абгрунтавалі працай у гэты час на стадыёне спартова-аздараўленчага лагера Спартовай дзяцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву.
Суд Салігосркага раёна палічыў, што гэтак адвольна абмежаваць права грамадзян на мірныя сходы кіраўніцтву выканкама дазваляе артыкул 6 Закона “Аб масаваых мерапрыемствах”. Уладзімір Шыла ў сваю чаргу лічыць, што ў адпаведнасці з гэтым жа артыкулам чыноўнікі маюць права толькі на змену часу, даты і месца правядзення мірных сходаў і тое выключна з мэтай забеспячэння правоў і свабод грамадзян. Забарона ж мітынгу правы і свабоды толькі абмяжоўвае.
Цяпер дамагацца аднаўлення правоў актывіст БХД будзе ў Мінскім абласным судзе, куды ён ужо накіраваў адпаведную касацыйную скаргу. У скарзе спадар Шыла чарговы раз нагадвае аб узятых на сябе дзяржавай абавязацельствах па выкананні патрабаванняў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах у частцы абароны права на мірныя сходы і свабоднае выказванне свайго меркавання.