viasna on patreon

Умовы ўтрымання ў ІЧУ Жодзіна: усё ў норме, акрамя лавак у камерах

2016 2016-08-11T11:23:48+0300 2016-08-11T11:38:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prakapovich-pavel-valozyn.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Пракаповіч

Павел Пракаповіч

Адзін з каардынатараў аргкамітэту ствараемай Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі па Мінскай вобласці Павел Пракаповіч падаў скаргу на ўмовы ўтрымання ў ізалятары часовага ўтрымання Жодзінскага ГАУС. Актывіст быў змешчаны туды да разгляду сваёй адміністрацыйнай справы судом яшчэ 21 траўня.

Паўла Пракаповіча моцна ўразілі антысанітарыя, бруд і холад ў ІЧУ і таму ён звярнуўся са скаргай ў Пракуратуру горада Жодзіна.

Актывіст звяртаў увагу  пракуратуры на тое, што ў нядзелю ежу давалі два разы – у абед і вечарам, ежа была халоднай.

У камеры, дзе ўтрымліваўся Пракаповіч, было брудна. Смецце было паўсюль – на падлозе, стале, ложку, у камеры быў непрыемны пах.

Нягледзячы на летні перыяд, у камеры было холадна. Коўдра была выдадзеная памерам 1,2 х 1,2 м. і таму Паўлу давялося спаць у верхняй вопратцы.

Пракаповіч таксама звяртаў увагу на тую акалічнасць, што яму не былі выдадзеныя ні мыла, ні рушнік, ні туалетная папера. Мыла і рушнік, па словах супрацоўнікаў ІЧУ, увогуле не прадугледжаныя.

З адказу, які днямі атрымаў Павел Пракаповіч ад намесніка начальніка ўпраўлення унутраных спраў Мінскага аблвыканкама А. Астрэйкі, вынікае, што па факце скаргі аддзел наглядна-выканаўчай дзейнасці УУС Мінскага аблвыканкама ажыццявіў праверку з наведваннем ізалятара часовага ўтрымання Жодзінскага ГАУС.

Пры гэтым А. Астрэйка чамусці спасылаецца толькі на матэрыялы абследавання ІЧУ супрацоўнікамі Рэспубліканскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ДфіТ МУС, якое праводзілася 14 чэрвеня 2016 года.

Супрацоўнікі цэнтра выявілі, што у двух камерах ІЧУ адсутнічалі лаўкі. Было вынесенае прадпісанне, да 1 студзеня 2017 года камеры лаўкамі абсталяваць. А вось што тычыцца канкрэтных заўваг Паўла Пракаповіча на ўмовы ўтрымання паведамляецца наступнае:

"Па выніках праверкі выяўлена, што іншыя довады, прыведзеныя ў звароце па парушэнні заканадаўства ў ІЧУ Жодзінскага ГАУС, не знайшлі свайго пацверджання”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства