Аршанцы дамагліся, каб будаўніцтва і знішчэнне дрэваў было спынена (фота)
Жыхары дома №10 па вуліцы Сямёнава назіралі заўчора доўгачаканую карціну: рабочыя дэмантавалі плот вакол пляцоўкі, дзе раней планавалася будаўніцтва адміністрацыйна-гандлёвага цэнтра. Мясцовыя жыхары хацелі яго спыніць, і гэта ім удалося.
Людзі даведаліся тое, што ў іх пад вокнамі ўзвядуць двухпавярховы гандлёва-адміністрацыйны цэнтр толькі тады, калі рабочыя пачалі агароджваць плотам будаўнічую пляцоўку. Высветлілася, што гэтая тэрыторыя выкуплена прыватным прадпрымальнікам, і што пад знішчэнне пойдуць дрэвы, якія был пасаджаны тут членамі кааператывы, які і будаваў гэты пяціпавярховы дом. Усё гэта выклікала вялікую хвалю абурэння: людзі правялі сход і сабралі подпісы пад калектыўнымі лістамі ў розныя інстанцыі – аж да пракуратуры. Бо яны не выключалі, што мае месца нейкае махлярства – занадта ўжо блізка ад іх вокнаў збіраліся ўзвесці новы будынак, і занадта “сакрэтным” быў аукцыён, на якім гэты ўчастак зямлі набыў прыватны прадпрымальнік…
Жыхары дома №10 былі гатовыя нават да судовых працэсаў, збіраліся супольна наняць адваката. Аднак да гэтага не дайшло: 20 красавіка на будаўнічай пляцоўца з’явіліся рабочыя, якія пачалі разбіраць плот. І цяпер ад няспраўджаных планаў на будаўніцтва няма і знаку: на вуліцы Сямёнава ўсё выглядае па-ранейшаму. Суседзі віншуюць адно аднаго з перамогай, але не “расслабляюцца”: яны не выключаюць, што ініцыятар будоўлі можа вярнуцца з ранейшымі намерамі, выправіўшы нейкія хібы ў сваіх дакументах. Праўда, надзеі на лепшае дадае людзям яшчэ адзін аршанскі прыклад: не так даўно жыхары суседняга мікрараёна таксама паўсталі супраць будаўніцтва ганлёвага аб’екта пад сваімі вокнамі, і гаспадар будучай крамы быў вымушаны цалкам адмовіцца ад сваіх планаў.
Фота:
1, 2,3 -- так было яшчэ пару дзен таму
4,5 -- ад будаўнічай пляцоўкі не засталося нават плоту