viasna on patreon

Жыхарка Гомеля напісала ў Адміністрацыю прэзідэнта, каб яе сыну-інваліду дапамаглі пераадолець сем прыступак, з-за якіх ён не можа трапіць на вуліцу

2016 2016-04-13T16:34:06+0300 2016-04-13T16:35:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/invalidy-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жыхарка Гомеля Тамара Антоненка, маці інваліда першай групы Андрэя Антоненкі (1991 года нараджэння), стамілася безвынікова хадзіць па кабінетах гомельскіх чыноўнікаў, таму накіравала ліст у Адміністрацыю прэзідэнта. Нагода звароту – сем прыступак у пад'ездзе, якія сталі непераадольнай перашкодай для яе сына, каб проста трапіць на вуліцу. Паразумення ў мясцовых структурах улады Тамара Іванаўна не знайшла.

Сям'я жыве на вуліцы Народнага Апалчэння ў Гомелі. Для Андрэя пад'ёмнік – неабходная рэч, каб выйсці з кватэры на свежае паветра. «Сем прыступак у пад'ездзе – для нас сем прыступак пекла, якія мы з сынам пераадольваем, выходзячы на вуліцу па якіх-небудзь неадкладных справах. А выйсці на вуліцу проста на шпацыр мы практычна не можам. Цяпер для нас гэта завоблачная мара. Калі сын быў яшчэ малы, я ўсюды насіла яго на сваіх руках. Мне было гэта лёгка, і сама была маладзейшая, і сіл было пабольш. Цяпер гэта дарослы хлопец, і насіць яго я не магу. Аднак, я да гэтага часу працягваю выносіць вазок з сынам на руках, калі мы выходзім з пад'езда. Ніякімі словамі немагчыма апісаць, якіх высілкаў мне гэта каштуе. Я кожны раз перад выхадам на вуліцу развітваюся з жыццём! Паверце мне, я кажу гэта шчыра», - піша ў звароце Тамара Іванаўна.

Вырашаць пытанне па ўстаноўцы пад'ёмніка яна з сынам пачала даўно. Але далей пустых размоў нічога не прасоўвалася. І так адбывалася некалькі гадоў. Сям'я спадзявалася, што чыноўнікі з разуменнем паставяцца да праблемы і дапамогуць вырашыць пытанне па ўстаноўцы пад'ёмніка, каб палегчыць жыццё жанчыне і яе сыну. «Восенню 2015 года мы звярталіся ў гарвыканкам, прыйшла адмова ў дапамозе. У лютым 2016 года я звярнулася ў аблвыканкам, адказ прыйшоў такі ж. На асабістых прыёмах начальнікі абяцалі дапамогу, але пісьмовыя адказы былі не на нашу карысць. Усе адказы зводзяцца да таго, што пад'ёмнік могуць усталяваць па месцы рэгістрацыі майго сына. Але гэта ж абсурд. Навошта пад'ёмнік ўсталёўваць там, дзе ён не патрэбны? Мы будзем жыць у кватэры па вуліцы Народнага Апалчэння да канца сваіх дзён. Пераязджаць нікуды не збіраемся. Сын прывык тут жыць, прыстасаваўся да ўсіх перашкодаў, сам можа часам сябе абслужыць», - тлумачыць жанчына.

У сям'і – нетыповая сітуацыя, на якую і спасылаюцца ў адказах органы ўлады. У 2013 годзе Антоненкі пабудавалі кватэру ў Навабеліцкім раёне Гомеля, па вуліцы Каленікова. Было вырашана, што ў новай кватэры будзе жыць дачка, а Тамара Іванаўна з сынам застанецца жыць у кватэры па вуліцы Народнага Апалчэння. Паколькі ўласнікам новай кватэры з'яўляецца Тамара Іванаўна, яна з сынам у ёй і зарэгістраваліся, а з гэтай кватэры (на вуліцы Народнага Апалчэння) іх выпісалі. У гэтай кватэры засталася зарэгістраванай дачка і былы муж. «Пасля разводу ён паехаў працаваць у Расію ў 2003 годзе, і з таго часу мы яго не бачылі і нічога пра яго не ведаем. Ён па сённяшні дзень лічыцца ў даўжніках па аліментах дзецям, якіх ён ім не плаціў. Праблема для нас у тым, што ён з'яўляецца ўласнікам кватэры, у якой мы цяпер пражываем з сынам. Калі ўлады горада спасылаюцца на рэгістрацыю сына, то мы хочам прапісаць яго назад у гэтую кватэру. Хоць, адмаўляючы нам, яны не абапіраюцца ні на адзін артыкул закона, дзе прапісана, што інвалід павінен жыць па месцы рэгістрацыі, і тады яму можна будзе дапамагчы. Але ў нас адразу ўзнікае праблема - трэба згода ўласніка кватэры. А дзе нам шукаць гэтага гора-бацьку, каб ён даў сваю згоду на рэгістрацыю сына? Узнікае тупік, з якога для нас няма выйсця», - даводзіць Тамара Антоненка.

У выніку выходзіць так: «Сына прапісаць не можам, пад'ёмнік ўсталяваць не можам, бо пражываем «не па адрасе»....Усе пагаварылі і забыліся. А як быць нам? Як нам з сынам жыць далей? Атрымліваецца, што праблемы інвалідаў да гэтага часу нікога не хвалююць, ніхто не хоча прыняць удзел у іх жыцці і дапамагчы. У нашым выпадку вельмі патрэбна дапамога па ўстаноўцы пад'ёмніка. Адным нам не справіцца з гэтай праблемай», - просіць дапамогі жанчына.

Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў распрацавала пад'ёмнік - кампактны, зручны ва ўжыванні, які займае мала месца і недарагі па сваім кошце, каля 20-25 мільёнаў беларускіх рублёў. «У нашым пытанні ўлады разглядалі пад'ёмнік, які выпускае «Гомель-ліфт», і ўсталяваць яго яны могуць толькі па месцы рэгістрацыі. Ён дарагі па цане, вельмі велічэзны па памерах, займае шмат месца, створыць шмат нязручнасцяў для ўсіх. Такія пад'ёмнікі ўсталёўваюць у грамадскіх установах, але не ў жылых дамах. Навошта нам навязваюць тое, што нам не трэба? У сітуацыі, якая склалася, мы не ведаем, што рабіць далей. Прапісаць сына - праблема. Трэба звяртацца ў суд, але гэта вельмі вялікая валакіта, судовыя выдаткі, а ў мяне з сынам мінімальная пенсія. Мы і так ледзь канцы з канцамі зводзім, нам гэта проста не па кішэні. Праблему з пад'ёмнікам трэба вырашаць. Але ніхто не хоча дапамагаць нам у гэтым пытанні. Пішуць адпіскі, і на гэтым усё спыняецца», - рэзюмуе заяўніца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства