viasna on patreon

Магілёўскі філіял РУП “Белпошта” прызнаў парушэнні з боку рэдакцыі крычаўскай раёнкі

2016 2016-02-23T01:21:37+0300 2016-02-23T01:21:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gazety.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадскі актывіст з Крычава Мікалай Гердзій атрымаў адказ з Магілёўскага філіяла РУП “Белпошта” на дасланую ім прэтэнзію па факту парушэння з боку раённай газеты “Крычаўскае жыццё” правоў падпісчыкаў выдання.

Згодна падпіснога каталога, у 2015 годзе павінны былі быць надрукаваны і дастаўлены падпісчыкам 104 нумары раённай газеты “Крычаўскае жыццё” - 51 нумар у першым паўгоддзі і 53 у другім. За ўсе гэтыя нумары падпісчыкі заплацілі грошы з уласнай кішэні, аднак у 2015 годзе фактычна выйшла ўсяго толькі 100 нумароў “Крычаўскага жыцця” – 48 нумароў у першым паўгоддзі і 52 у другім.

Дырэктар Магілёўскага філіяла РУП “Белпошта” А. Котава ў сваім адказе напісала актывісту, што па яго звароту была праведзена праверка, па выніках якой былі пацверджаны выкладзеныя Гердзіем факты парушэнняў з боку “Крычаўскага жыцця” у адносінах да сваіх падпісчыкаў.

Спадарыня Котава таксама паведаміла Мікалаю Гердзію, што на адрас Установы “Рэдакцыя Крычаўскай раённай газеты “Крычаўскае жыццё” ёй быў накіраваны адпаведны зварот з патрабаваннем аб неабходнасці вяртання кошту не выйшаўшых чатырох нумароў газет, а таксама выканання прынятых дамоўных абавязкаў перад Магілёўскім філіялам РУП “Белпошта”.

Па словах Мікалая Гердзія, яму асабіста яшчэ 21 студзеня супрацоўнікі пошты вярнулі грошы ў памеры 14 300 рублёў за нявыйшаўшыя ў 2015 годзе чатыры нумары газеты “Крычаўскае жыццё”. Аднак іншыя падпісчыкі на раённую газету, якіх налічваецца каля шасці з паловай тысяч чалавек, свае грошы за недаатрыманыя нумары “Крычаўскага жыцця” так і не атрымалі. Актывіст кажа, што зараз ён праінфармуе падпісчыкаў газеты аб дасланым з Магілёўскага філіяла “Белпошты” адказе і будзе раіць людзям патрабаваць вяртання грошай за недаатрыманыя ў 2015 годзе нумары “Крычаўскага жыцця”.

Рэдакцыя “Крычаўскага жыцця” да гэтага часу не выбачылася перад спадаром Гердзіем і іншымі падпісчыкамі за свае несумленныя паводзіны. Намеснік старшыні Крычаўскага райвыканкама Жана Дзмітрыева, да якой Мікалай Гердзій таксама звяртаўся са зваротам пра несумленныя адносіны з боку газеты да сваіх падпісчыкаў, даслала яму адказ, што “Крычаўскае жыццё” усе свае абавязкі перад падпісчыкамі ў 2015 годзе выканала. Сумна, што раённая чыноўніца не валодае дакладнай інфармацыяй пра дзейнасць падначаленага ёй выдання.

Таксама незразумела, чаму рэдакцыя “Крычаўскага жыцця” пайшла на свядомы падман сваіх падпісчыкаў. Газета не мае фінансавых праблем, восенню 2015 года яе рэдактар Таццяна Іўкіна з імпэтам распавядала ў газеце “Магілёўскія ведамасці” аб тым, што раёнка накіравала з ўласнага бюджэта каля 350 мільёнаў рублёў сельгаспрадпрыемствам Крычаўскага раёна на закупку гаруча-змазачных матэрыялаў, бо газета можа сабе гэта дазволіць, і калектыў у накладзе не застанецца.

Гэта і не дзіўна, бо ў Крычаўскім раёне шырока распаўсюджана прымусовая падпіска на раённую газету “Крычаўскае жыццё”, прадпрыемствам і арганізацыям раёна даводзяць адмысловыя заданні, колькі іх працаўнікоў у абавязковым парадку павінны выпісаць раёнку. У перыяд падпісной кампаніі райвыканкамаўскія чыноўнікі праводзяць адмысловыя “штабы” дзеля забеспячэння неабходнага ўзроўню падпіскі на дзяржаўныя выданні ў Крычаўскім раёне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства