viasna on patreon

Сябрам камісіі па працоўных спрэчках перад разглядам скаргі Уладзіміра Табулы нагадалі, калі ў кожнага скончыцца кантракт

2015 2015-12-07T00:06:09+0300 2015-12-07T00:06:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/tabula-uladzimir-granit.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Табула, Мікашэвічы.

Уладзімір Табула, Мікашэвічы.

Камісія па працоўных спрэчках на прадпрыемстве “Граніт” у Мікашэвічах падтрымала адміністрацыю ў пакаранні інжынера па ахове працы Уладзіміра Табулу. Ён паспрабаваў аспрэчыць вымову, вынесеную 2-га лістапада, на якую спаслаліся падчас агучвання рашэння пра непрацягненне кантракта. Вёў паседжанне сакратар камісіі, юрыст прадпрыемства Сяргей Лахаў. Вёўся аўдыёзапіс паседжання, якое доўжылася 3 гадзіны, чаго, па словах Табулы, ніколі ў практыцы працы камісіі не было. Пра тое, што афіцыйна вёўся аўдыёзапіс, у пісьмовым рашэнні камісіі не адзначана.

Юрыст Сяргей Лахаў выказваў перад камісіяй адно абвінавачванне Табуле за другім, учыніў публічны экзамен наконт профпрыдатнасці, хаця не мае на гэта паўнамоцтваў. Падчас паседжання камісіі некаторыя сябры афіцыйнага прафсаюза нясмела спрабавалі заступіцца, бо выяўленыя недахопы былі па прамысловай бяспецы, а не па ахове працы, за што адказныя непасрэдна тыя людзі, што кіруюць вытворчым працэсам.

Інспектар па ахове працы Табула казаў, што патрабаванні-прадпісанні дзяржпрамнагляду ў верасні месяцы не тычыліся ягонай сферы адказнасці. І яшчэ 6-га лістапада ён атрымаў станоўчую характарыстыку для атэстацыі, якая павінна была адбыцца 12 лістапада. А за дзень да яе яму паведамілі, што не працягнуць кантракт.

Уладзімір Табула лічыць, што яго проста выжываюць з прадпрыемства за тое, што ён не парывае сувязяў са звольненымі сябрамі незалежнага прафсаюза. Па словах Уладзіміра Табулы, адзін з удзельнікаў камісіі негалосна яму паведаміў, што перад паседжаннем кожнаму з сябраў камісіі было зачытана, калі заканчваюцца кантракты і было сказана, што няхай думаюць, каго падтрымліваць. Рашэнне камісіі было абвешчана ў парушэнне закону не праз 3 дні, а праз 5.

Дарэчы, на прадпрыемстве працуюць 4 інспектары па ахове працы, але да астатніх прэтэнзій няма.

Цяпер Уладзімір Табула чакае адказаў з Генеральнай пракуратуры, Міністэрства працы і з абласных структур, куды ён звярнуўся з заявамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства