Журналістам патлумачылі правы праз 2 тыдні пасля пачатку адміністрацыйнага працэсу
10 ліпеня глыбоцкіх журналістаў Таццяну Смоткіну ў Зміцера Лупача выклікалі ў міліцыю, каб падпісаць пратакол пра тое, што ім патлумачылі іх правы. "У чым сэнс дакумента, калі пратакол пра правапарушэнне складзены на мяне яшчэ 25 чэрвеня, і тады пра мае правы ніхто не згадваў,"-- дзівіцца Таццяна.
25 чэрвеня глыбоцкіх незалежных журналістаў Таццяну Смоткіну і Зміцера Лупача апытылі пра артыкулы на інтэрнэт-сайтах "Еўрарадыё" і “Радыё Рацыя".
"Яшчэ тады ў пратаколе апытання я пазначыла, што мае правы мне ніхто не патлумачыў. Праз некалькі дзен на нас са Зміцерам склалі пратаколы пра правапарушэнне - што мы парушылі заканадаўства аб СМІ і артыкул 22.9 ч.2 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Глыбоцкага РАУС Вячаслаў Барыла ўжо перадаў матэрыялы па нашых справах у суд і нават прызначыў даты судоў – 9 і 10 ліпеня. Аднак суды не адбыліся – дакументы адправілі ў міліцыю на дапрацоўку", - распавяла Таццяна Смоткіна.
Відаць, "дапрацоўкай" і было складанне новага дакумента для судовай справы. Бо ў пратаколах пра правапарушэнні не было подпісаў Смоткінай і Лупача пра тое, што ім патлумачылі іх правы. Ды ніхто і не тлумачыў, гаворыць Таццяна:
"У пратаколах, якія пабывалі ў судзе, - пустая графа, дзе мы мусілі падпісацца. Гэта і ёсць галоўнае сведчанне, што правы нам ніхто не тлумачыў. Які сэнс складаць дадатковы пратакол, што нам патлумачылі нашы правы, 10 ліпеня? Прайшло 2 тыдні ад пачатку працэсу, а мы, па сутнасці, не мелі магчымасці скарыстацца нашымі законнымі правамі? Дый зноў ніхто нічога не тлумачыў – так, торкнулі нейкую паперыну. Там пералічаны правы, а вы, маўляў, падпішыце. Я напісала, што толькі з гэтага пратаколу і даведалася, што мела на нешта права. Але скарыстацца ім ужо не было магчымасці".
"Мы не юрысты і не можам ведаць спецыфікі завядзення адміністрацыйных спраў. Таму пры першай жа размове ў міліцыі нам мусілі патлумачыць, што і як: што маем права на адваката, на карыстанне роднай мовай, на перакладчыка, калі спатрэбіцца… Раз нам такога не сказалі – значыць, пазбавілі гэтых правоў. Відаць, у судзе заўважылі гэтую недарэчнасць. Але ж сітуацыю не выправіць "заднім чыслом", калі толькі 10 ліпеня ў міліцыі нам прапанавалі падпісаць пратакол, што цяпер мы ведаем свае правы", -- дадае Зміцер Лупач.
Паводле журналістаў, старшы інспектар Вячаслаў Барыла ўпікаў іх за тое, што пра ўсе ягоныя пралікі яны паведамляюць калегам, і звесткі пра гэта з'яўляюцца ў інтэрнэце. Ён сказаў, што перадае справы ў суд, і няхай ужо там прызначаюць дату працэсаў - каб не атрымалася, як мінулым разам, калі дату прызначыў ён.
Супраць Таццяны Смоткінай распачатая адміністрацыйная справа за артыкул “Дарогі ў Глыбокім стануць пазітыўнымі", размешчаны 9 чэрвеня на сайце Беларускага “Радыё Рацыя” (Польшча). Паводле матэрыялаў справы, адміністрацыйны працэс ініцыяваны Глыбоцкай пракуратурай. Зміцера Лупача вінавацяць за артыкул "Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года", размешчаны 9 чэрвеня на сайце "Еўрарадыё".