Незалежных журналістаў з Глыбокага вінавацяць у парушэнні заканадаўства аб СМІ
Міліцыя распачала новыя справы за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. 25 чэрвеня ў міліцыю выклікалі глыбоцкіх незалежных журналістаў Таццяну Смоткіну і Зміцера Лупача. Іх апытылі пра артыкулы на інтэрнэт-сайтах "Еўрарадыё" і Радыё “Рацыя".
Таццяну Смоткіну старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Глыбоцкага РАУС Вячаслаў Барыла распытваў пра матэрыял "Дарогі ў Глыбокім стануць пазітыўнымі", разьмешчаны 9 чэрвеня на сайце Радыё “Рацыя".
"У міліцыі мне паказалі афіцыйную паперу з пракуратуры, дзе пазначана, што я парушыла заканадаўства аб СМІ і артыкул 22.9 ч.2 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Старшы інспектар Барыла сказаў, што збірае на мяне матэрыялы ў суд. Адзінае, чаго яму бракуе – гэта даведкі, што я не акрэдытаваная як журналістка Радыё “Рацыя". Ён даслаў запыт пра гэта і чакае адказу. Таму сказаў, каб я прыйшла ў панядзелак для складання адміністрацыйнага пратакола. Дарэчы, ён прызнаўся, што ў якасці ўзору для фарміравання справы для суду яму даслалі дакументы асуджанай да штрафу берасцейскай журналісткі Аліны Літвінчук", -- распавяла Таццяна Смоткіна.
Журналістка гаворыць, што не хавала факту супрацоўніцтва з Радыё "Рацыя":
"Па-першае, пад тэкстам стаіць мой подпіс, бо я не баюся і не хаваюся. Па-другое, я так і сказала ў міліцыі, што ганаруся супрацоўніцтвам з незалежным СМІ, бо гэта дазваляе мне пісаць праўду, быць шчырай і бараніць інтарэсы людзей. На ўсе іншыя пытанні міліцыянта я адказваць адмовілася, спаслаўшыся на 27 артыкул Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які дае грамадзяніну права не сведчыць супраць сябе".
Таццяна Смоткіна асобна падкрэсліла, што старшы інспэктар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Глыбоцкага РАУС Вячаслаў Барыла не патлумачыў ёй правы і абавязкі перад пачаткам размовы. А калі справа дайшла да подпісаў у пратаколе апытання, то сказаў, што забыўся пра гэта, "бо тут рэдка бываюць нармальныя пісьменныя людзі, якім трэба тлумачыць іх правы". Пра гэта журналістка зрабіла заўвагу ў пратаколе.
Гутарка журналіста Зміцера Лупача са старшым інспектарам Барылам тычылася матэрыялу "Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасьня 1939 года", размешчаным на сайце "Еўрарадыё" 9 чэрвеня.
"Інспектар Вячаслаў Барыла паказаў мне раздрукоўку гэтага матэрыяла з сайта, дзе выстаўлены тэкст без пазначэння аўтарства. А потым - ксеракопію з газеты "Вольнае Глыбокае", дзе пад артыкулам стаіць маё прозвішча. На думку супрацоўніка міліцыі, аўтарства артыкула ў газеце з'яўляецца доказам таго, што я супрацоўнічаю і з "Еўрарадыё". Спадар Барыла сказаў, што даслаў запыт наконт мае акрэдытацыі і цяпер чакае адмоўнага адказу", - расапавёў Зміцер Лупач.
Яго таксама выклікаюць у міліцыю ў наступны панядзелак, каб скласці пратакол пра правапарушэнне. Верагодна, тады ж Зміцеру Лупачу і Таццяне Смоткінай паведамяць дату суду. Паводле часткі 2 артыкула 22.9 ч.2 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ), ім пагражаюць штрафы памерам ад 20 да 50 базавых велічынь.