viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: Варта нагадаць Мінюсту пазіцыю КПЧ ААН адносна нерэгістрацыі “Вясны”

2015 2015-05-06T18:48:57+0300 2015-05-12T15:07:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-nn.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч

Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч

Некаторыя групы спекулююць на сваім статусе незарэгістраваных па палітычных матывах грамадскіх аб’яднанняў, заявіла ў Жэневе падчас праходжання Беларуссю Універсальнага перыядычнага агляду прадстаўніца Мінюсту Ганна Шпак. Намеснік кіраўніка “Вясны” Валянцін Стэфановіч, які прысутнічаў на гэтым паседжанні, палічыў незалішнім у гэтай сітуацыі нагадаць чыноўнікам Мінюсту гісторыю з нерэгістрацыяй праваабарончага цэнтра.

Арганізацыя была пазбаўлена рэгістрацыі паводле рашэння Вярхоўнага суда Беларусі ў  2003 годзе.

“Наш праваабарончы цэнтр быў ліквідаваны за “грубае парушэнне”, дапушчанае ў 2001 годзе падчас назірання за выбарамі. Ліквідацыя арганізацыі адбылася паводле Грамадзянскага кодэкса, а не Закона “Аб грамадскіх аб’яднаннях”, паколькі ўжыць нормы гэтага закона было немагчыма: на момант ліквідацыі ў нас не было ніводнага папярэджання ад Мінюста як рэгіструючага органа. То бок, ніякіх парушэнняў заканадаўства з боку “Вясны” не было, - распавядае Валянцін Стэфановіч. - Нас ліквідавалі з той нагоды, з якой нам ужо выносіліся папярэджанні ў 2001 годзе. Па-першае, гэта пакаранне за адно і тое ж – праз два гады. Па-другое, у Грамадзянскім кодэксе ёсць артыкул 117, які гаворыць, што дзейнасць грамадскіх і рэлігійных арганізацый рэгулюецца спецыяльным заканадаўствам, то бок Законам “Аб грамадскіх аб’яднаннях”. Таму мы лічым, што ліквідацыя нашай арганізацыі была абсалютна незаконнай паводле нацыянальнага заканадаўства, не кажучы ўжо пра міжнародныя нормы”.  

Праваабаронца нагадвае, што з пункту гледжання нормаў міжнароднага права ацэнка ліквідацыі “Вясны” дадзена такой аўтарытэтнай міжнароднай структурай як Камітэт па правах чалавека ААН у 2007 годзе. Паводле рашэння Камітэта, ліквідацыя “Вясны” з’яўляецца парушэннем права заяўнікоў (а гэта 10 чалавек разам з кіраўніком арганізацыі Алесем Бяляцкім) на свабоду асацыяцыяў.

“Ураду Беларусі было прадпісана прыняць меры па аднаўленні нашых парушаных правоў - перарэгістраваць “Вясну”, выплаціць кампенсацыю і так далей. Гэтае рашэнне КПЧ улады Беларусі не выканалі па сённяшні дзень. Мала таго, у перыяд з 2007 па 2009 год сябры ліквідаванага праваабарончага цэнтра тройчы спрабавалі зарэгістраваць новую арганізацыю – такім чынам, у уладаў былі магчымасці для аднаўлення іх ў правах, але гэтага таксама зроблена не было”, - кажа Стэфановіч.

Пасля трэццяй адмовы ў рэгістрацыі ў 2009 годзе, якая была зроблена на абсалютна фармальных падставах, кіраўнік ПЦ “Вясны” Алесь Бяляцкі і сябры Рады Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч публічна заявілі, што наступныя іх звароты ў рэгіструючы орган бессэнсоўныя, таму што ўлады папросту не жадаюць рэгістраваць гэтую праваабарончую арганізацыю. З тых часоў ПЦ “Вясна” дзейнічае без рэгістрацыі.

Сітуацыя з адмовамі ў рэгістрацыі “Вясны” таксама атрымала ацэнку з боку Камітэта па правах чалавека ААН: у рашэнні па справе Алеся Бяляцкага КПЧ указвае, што адмова ў рэгістрацыі “Вясны” з’яўляецца парушэннем артыкула 22 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.  

“Такім чынам, ёсць ужо два рашэнні КПЧ ААН адносна “Вясны”, і ўлады, якія ратыфікавалі Пакт і Факультатыўны пратакол да яго, прызналі кампетэнцыю Камітэта, яго рашэнні, аднак, не выконваюць”, - адзначае Валянцін Стэфановіч.

На думку праваабаронцаў, гэта яскравы прыклад выбарачнага супрацоўніцтва Беларусі з механізмамі ААН.

Гэтую выснову пацвердзіў пастаянны прадстаўнік краіны ў ААН Міхаіл Хвастоў, які неаднаразова заяўляў, што ўлады не прымаюць і ніколі не прызнаюць мандат спецдакладчыка ААН па Беларусі. Як высветлілася, прынцыпам “падабаецца – не падабаецца” ўлады кіруюцца і ў дачыненнях з тэматычнымі спецдакладчыкамі ААН (запрашэнні ў Беларусь не могуць атрымаць, напрыклад, спецдакладчыкі па абароне праваабаронцаў і па свабодзе асацыяцыў): падчас Універсальнага перыядычнага агляду 4 траўня гэта пацвердзіла прадстаўніца МЗС Ірына Вялічка, распавёўшы, што міністэрства не накіроўвала запрашэнні тым тэматычным спецдакладчыкам, якія не пойдуць на канструктыўны дыялог з дзяржавай.

“Фактычна, упершыню мы сталі сведкамі публічнага прызнання выбарачнага супрацоўніцтва Беларусі з ААН. Я не чуў, каб яшчэ нейкія краіны свету публічна заяўлялі такое. Як праваабаронцы мы лічым гэта недапушчальным. Беларусь, якая як сябра ААН ратыфікавала большасць пактаў у галіне правоў чалавека, факультатыўныя пратаколы да іх, узяла абавязацельствы па іх  выкананні, зараз на ўвесь свет засведчыла, што фактычна адмаўляецца ад паўнавартаснага супрацоўніцтва з кантрольнымі механізмамі ААН”, - кажа Валянцін Стэфановіч.

Падобныя заявы з боку беларускіх уладаў выклікаюць сур’ёзную занепакоенасць праваабаронцаў, падкрэслівае прадстаўнік “Вясны”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства