Брэст: гарадскі савет дэпутатаў прыняў рашэнне, якое абавязвае народных абраннікаў рэагаваць на звароты выбаршчыкаў
Адмысловае рашэнне з’явілася вынікам абмеркавання пытання пра тое, як мясцовыя дэпутаты працуюць са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб.
Нягледзячы на тое, што ў прынятым дакуменце гаворыцца пра створаную сістэму працы, якая забяспечвае выкананне дзеючага заканадаўства і дазваляе “сваечасова і якасна вырашаць значныя для насельніцтва пытанні”, далей узгадваецца пра недахопы ў справаводстве зваротаў грамадзян, няякасны разгляд пытанняў, недастатковае вывучэнне фактычных абставінаў і ўлік інтарэсаў тых, хто з’яўляецца аўтарам звароту. Як адзначаецца ў рашэнні, “няўзгодненасць дзеянняў асобных служб гарадской улады цягне за сабой неаднаразовыя звароты ў наглядныя вышэйстаячыя інстанцыі”.
У выніку Брэсцкі гарадскі савет дэпутатаў заклікаў сваіх калег няўхільна выконваць палажэнні Закона РБ “Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў”; пры вырашэнні пытанняў выбаршчыкаў “праяўляць прынцыповую пазіцыю, працаваць на апярэджанне зваротаў грамадзян у гарвыканкам і ў вышэйстаячыя органы ўлады”; у працы з выбаршчыкамі шырэй выкарыстоўваць магчымасці электроных сродкаў масавай інфармацыі (у тым ліку для інфармавання пра месца і час, калі ладзіцца асабісты прыём і справаздача).
Акрамя таго, прэзідыюм гарсавета мусіць штоквартальна аналізаваць звароты грамадзян і юрыдычных асоб, а паводле вынікаў гэтага аналізу рабіць кіраўніцтву гарвыканкама прапановы наконт прыняцця захадаў, якія б папераджвалі абгрунтаваныя скаргі насельніцтва. Дэпутаты таксама заклікаюць мясцовыя выканаўчыя ўлады, каб яны запрашалі народных абраннікаў падчас разгляду зваротаў грамадзян (асабліва калектыўных), калі справа тычыцца сацыяльна-значных праблем горада.
Варта заўважыць, што мясцовыя актывісты ўжо неаднаразова звярталіся да гарсавет з прапановамі, якія дазволілі б палепшыць інфармаванасць насельніцтва пра дзейнасць народных абраннікаў.