Брэст: мясцовым дэпутатам зноў нагадваюць пра неабходнасць справаздач перад выбаршчыкамі
Актывісты грамадзянскай ініцыятывы “Сацыяльны офіс”, якія працягваюць у Брэсце кампанію “Народны кантроль”, накіравалі ліст на імя новаабранага старшыні гарадскога Савета дэпутатаў Мікалая Красоўскага.
Як паведаміў прадстаўнік “Сацыяльнага офісу” Юрый Жыдовіч, у звароце пералічаны прапановы, якія, на думку актывістаў, дазволяць палепшыць інфармаванасць насельніцтва пра дзейнасць народных абраннікаў. У прыватнасці, ініцыятытары ліста прапануюць, каб прыём грамадзян дэпутатамі гарсавета ажыццяўляўся не па месцы іх працы, а ў адмыслова адведзеным памяшканні.
Акрамя таго, актывісты лічаць неабходным істотна палепшыць дэпутацкі раздзел на інтэрнэт-старонцы Брэсцкага гарвыканкама. “Мы прапануем, каб на сайце была размешчана інфармацыя пра тое, дзе і калі дэпутаты будуць сустракацца са сваімі выбаршчыкамі, а таксама якім чынам народныя абраннікі будуць рабіць справаздачу пра сваю дзейнасць перад грамадзянамі”, - распавёў Юрый Жыдовіч.
У якасці прыкладу ў лісце да кіраўніцтва Брэсцкага гарсавета дэпутатаў прыведзена інтэрнэт-старонка іх калег з Гродна, адкуль можна даведацца не толькі пра імя і прозвішча дэпутата, але і атрымаць звесткі пра месца і перыдычнасць прыёму выбаршчыкаў.