Сябры Яўгена Васьковіча просяць падтрымаць яго лістамі
Галіна Смірнова, старшыня бабруйскай суполкі прафсаюза РЭП, расказала, што Яўген Васьковіч адчувае недахоп падтрымкі з волі.
-Я размаўляла з Рушанняй Васьковіч, маці Яўгена, і яна паміж іншым адзначыла, што ён скардзіўся на недахоп інфармацыі пра вольнае жыццё. Сказаў, што раней атрымліваў шмат лістоў з Беларусі і з замежжа, а зараз яму пішуць адзінкі. Яму там вельмі цяжка без нашых лістоў. Канешне, не заўсёды ў яго бывае час адказаць, бо шмат працы, але хацелася б, каб пра Жэньку не забывалі. Тым болей, 26 лютага ў яго Дзень народзінаў, было б добра, калі б ён атрымаў шмат прыгожых і цёплых паштовак ад сяброў і неабыякавых незнаёмцаў, - кажа Галіна Смірнова.
Нагадаем, што Яўген Васьковіч пераведзены з турмы ў калонію, і зараз яму трэба пісаць на адрас 212013, Магілёў, Слаўгарадская шаша, 183, ПК № 15.
-Таксама ёсць у Жэні праблема з атрыманнем прэсы, - працягвае распавядаць Галіна Смірнова. - Напрыканцы мінулага года мы сабралі грошы на газеты і часопісы, агулам на 800 тысяч рублёў. Я аформіла падпіску на самыя розныя выданні, ад "Прэсболу" да "Нашай Нівы", але, як стала вядома, да гэтага часу ні адно з выданняў да яго не дайшло. Мне падказалі, што трэба перадаць Яўгену чэкі, каб ён мог іх прадаставіць начальству ў калоніі. Я так і зрабіла, даслала яму чэкі. Спадзяюся, гэта вырашыць праблему, і ён атрымае і студзеньскія, і лютаўскія нумары, - адзначыла бабруйская актывістка.