viasna on patreon

Правы чалавека ў Беларусі. Лістапад 2014 года

2014 2014-12-10T14:15:00+0300 2014-12-14T12:05:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/agliad08.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Лістапад адзначыўся тэндэнцыяй да пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека. За кратамі працягвалі ўтрымлівацца 7 палітычных зняволеных, прычым супраць аднаго з іх – Мікалая Дзядка, які павінен быў вызваліцца пасля поўнага тэрміну адбыцця пакарання 3 сакавіка 2015 года, была ўзбуджана новая крымінальная справа па частцы 1 артыкула 411 КК РБ - злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Гэты артыкул ужо не ўпершыню выкарыстоўваецца супраць палітычных вязняў з мэтай далейшай іх ізаляцыі, прадухілення актыўнасці і запалохвання.

У лістападзе таксама ўступіў у сілу прысуд у адносінах да гомельскага актывіста Юрыя Рубцова, касацыйная скарга якога засталася без задавальнення. Пасля таго, як актывісту будзе вызначана месца адбыцця пакарання (паўтары гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу) і ён будзе накіраваны адбываць вызначаны судом прысуд, ягонае прозвішча папоўніць спіс палітзняволеных.

Аддзел па грамадзянстве і міграцыі Першамайскага РУУС Мінска прыняў рашэнне аб высылцы на 3 гады з Беларусі старшыні праўлення Цэнтра прававой трансфармацыі «Lawtrend» Алены Танкачовай. Такая непрапарцыйная мера пакарання праваабаронцы -- грамадзянкі Расійскай Федэрацыі, якая пражывае ў Беларусі амаль 30 гадоў, за чатыры выпадкі відэафіксацыі ДАІ нязначнага перавышэння дапушчальнай хуткасці руху аўтамабіля, зарэгістраванага на імя Алены Танкачовай, расцэньваецца як пераслед за прафесійную дзейнасць і імкненне ўладаў знішчыць крытычныя галасы ў краіне.

У лістападзе стала вядома пра прывядзенне ў выкананне смяротнага прысуду ў дачыненні да жыхара Гомеля Аляксандра Грунова, індывідуальная скарга якога зарэгістравана і пакуль не разгледжана Камітэтам па правах чалавека ААН.

Працягвалася практыка прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці журналістаў, якія супрацоўнічвюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі па абвінавачанні ў “незаконым вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ”. Прычым атрыманне акрэдытацыі па-ранейшаму блакавалася МЗС Беларусі.

Магчымасці рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў заставалася мінімальнымі. Былі забаронены шэраг заяўленых публічных мерапрыемстваў па абмежавальных і незаконных падставах, пры гэтым не толькі несанкцыянаваныя, але і нават дазволеныя акцыі заканчваліся пераследам, як гэта адбылося з арганізатарам акцыі ўшанавання памяці продкаў Дзяды і шэсця да месца расстрэлаў ахвяраў бальшавіцкага тэрору ў Лошыцы Юрасём Беленькім.

 

У адсутнасці рэальных механізмаў уплыву ўнутры краіны на магчымасці адстойвання правоў чалавека працягвалася замацаванне сітуацыі, калі найбольшыя чаканні станоўчай дынамікі звязваліся са знешнім удзеяннем, найперш у пытанні вызвалення палітвязняў. Аднак інтэнсіўныя кантакты беларускіх уладаў з Еўрапейскім Саюзам, ягонымі структурамі і асобнымі краінамі, а таксама з ЗША не прывялі да рэальных паляпшэнняў у дадзеным накірунку. Нарошчванне кантактаў адбывалася на фоне зніжэння ўзроўню патрабаванняў адносна вызвалення палітычных зняволеных з прынцыповай пазіцыі перадумовы для ўзнаўлення і развіцця прагматычных кантактаў і ўзаемадзеяння да традыцыйнай каштоўнаснай рыторыкі.

Так, 19 лістапада дырэктар дэпартамента Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Гунар Віганд паведаміў журналістам, што на ўсіх сустрэчах з афіцыйнымі прадстаўнікамі Беларусі ён уздымаў пытанне аб вызваленні палітвязняў. Па яго словах, гэта не было сюрпрызам для яго суразмоўцаў. «Усе разумеюць, што ёсць шэраг крокаў, якія неабходна зрабіць, каб можна было цалкам выкарыстаць патэнцыял адносін паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, - сказаў ён. - Ёсць пэўныя крокі, якія ўжо можна прадпрымаць, але паглыбленне супрацоўніцтва немагчыма без зрухаў у сферы вяршэнства права, дэмакратыі і правоў чалавека». Адказваючы на пытанне, ці магчыма паляпшэнне адносін паміж Беларуссю і ЕС, калі палітвязні не будуць вызваленыя і паляпшэнняў у сферы дэмакратыі не будзе, Віганд сказаў: «Цяпер мы гэта прапрацоўваем, але будзе лепш для ўсіх, калі абодва бакі будуць настроены на супрацоўніцтва і будуць прадпрымаць крокі для гэтага». Пры гэтым дыпламат адзначыў, што адносіны Беларусі і ЕС не абмежаваныя адной праблемай палітвязняў, але «ёсць рэчы, якія нельга ігнараваць". Візіт Гунара Віганда ў Беларусь -- гэта быў чацвёрты раўнд прамежкавай фазы па дыялогу аб мадэрнізацыі, які Еўракамісія вядзе як з грамадзянскай супольнасцю, так і з урадам Беларусі. На сустрэчах абмяркоўвалася супрацоўніцтва ў правядзенні рэформаў у сферы адукацыі, рэгіянальнага развіцця і сацыяльных пытаннях. «Гэта была добрая канцэнтраваная дыскусія, - сказаў Віганд. - Мы абмеркавалі магчымыя патрэбы ў рэформах ў дадзеных сферах, а таксама іх магчымую падтрымку з боку ЕС. Сёння былі канкрэтныя абмеркавання, задачай якіх было пазначыць шэраг сфер для супрацоўніцтва».

Дадзеныя словы еўрапейскага чыноўніка сведчаць пра тое, што ЕС намераны працягваць супрацоўніцтва з афіцыйным Мінскам незалежна ад рашэння беларускім уладаў адносна лёсу палітвязняў, што дае падставы сумнявацца ў трывалай пазіцыі Еўрапейскага Саюза адносна раней агучаных прынцыпаў узнаўлення стасункаў выключна пасля іх вызвалення. Гэта выклікае насцярожанасць, паколькі адыход ад публічна заяўленай пазіцыі можа спрыяць замарожванню пытання і абыходу яго наўзамен эканамічнай і палітычнай мэтазгоднасці.

 

Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў

 

1 лістапада Марына Адамовіч, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча, патлумачыла, якія прадукты мае магчымасць зняволены набыць на 2 базавыя велічыні, якія яму дазволены на месяц: 140 грамаў сыру і 100 грамаў каўбасы, зефір (на дзень па палове зефіранкі), вафлі (адну на дзень). Паводле паведамлення Мікалая Статкевіча, у магілёўскай турме ўключылі ацяпленне і выдалі цёплае адзенне. 8 лістапада Марына Адамовіч паведаміла, што 12 студзеня 2015 завершыцца трохгадовы тэрмін ўтрымання М. Статкевіча ў турме, пасля чаго ён можа быць вернуты ў шклоўскую калонію, дзе яму застанецца адбыць ад агульнага тэрміну яшчэ 2 гады. 29 лістапада Марына Адамовіч паведаміла, што ўпершыню з вясны Мікалаю Статкевічу дазволілі набыць 2 кілаграмы цыбулі. Па яе словах, раней у адміністрацыі казалі, што цыбулі хапае, але яму чамусьці не прыносілі, колькі ні замаўляў.

 

1 лістапада Рушанія Васьковіч, маці палітвязня Яўгена Васьковіча, паведаміла пра верагодны перавод сына з магілёўскай турмы ў мясцовую калонію. Гэткую выснову яна зрабіла пасля тэлефанавання ў спецаддзел турмы, дзе ёй сказалі, што Яўгена ўжо ў іх няма. Палітвязень адбыў 3 гады ў крытай турме, куды трапіў паводле рашэння выязнога суда па абвінавачанні ў парушэнні рэжыму ўтрымання. У магілёўскай калоніі Васьковічу прыйдзецца дабываць з агульнага тэрміну яшчэ амаль 3 гады.

 

8 лістапада Валянціна Аліневіч, маці палітвязня Ігара Аліневіча, паведаміла, што ён пасля спаткання 21 кастрычніка з бацькамі, калі толькі выйшаў з карцэру, дзе ён адбыў 30 дзён, не выходзіць на сувязь. Маці Ігара Аліневіча не выключыла, што з яе сынам зноў нешта адбываецца ў калоніі.

 

15 лістапада жонка палітвязня Мікалая Дзядка Валерыя Хоціна паведаміла, што яе муж змешчаны ў адзіночную камеру ў магілёўскай турме. Перад гэтым Мікалай 8 сутак адбыў у карцэры, але прычын пакарання ён не паведаміў у лісце да жонкі. Падчас ўтрымання ў карцэры зняволенаму прыйшла бандэроль з лекамі, якую яму перадалі па выхадзе. 20 лістапада з’явілася інфармацыя пра ўзбуджэнне ў дачыненні да Мікалая Дзядка крымінальнай справы па частцы 1 артыкула 411 КК РБ - злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Пра гэта бацькам Мікалая паведаміў дзяржаўны адвакат, якога выклікалі для прад’яўлення абвінавачвання. Справа была заведзена 13 лістапада. Палітвязня плануюць перавесці ў СІЗА як падследнага. 22 лістапада Валерыя Хоціна паведаміла, што Мікалаю Дзядку прызначылі судова-псіхалагічную экспертызу. У лютым палітвязень павінен быў выйсці на волю, у яго заканчваўся тэрмін пакарання ў 4 гады 6 месяцаў. Артыкул 411 КК РБ праваабаронцы ацэньваюць як спадчыну Савецкага Саюза, якая перакачавала ў сучаснае крымінальнае заканадаўства Беларусі, аналагаў гэтага артыкула няма ні ў заканадаўстве РФ, ні Украіны. Фактычна гэта пралангаванне тэрміну зняволення ў турме, гэты крымінальны артыкул дае магчымасць яго селектыўнага прымянення ў дачыненні да “непажаданых” вязняў. Праваабаронца выказалі апасенне, што судовы працэс па справе Мікалая Дзядка можа прайсці ў закрытым рэжыме.

 

15 лістапада Пётр Парфянкоў, бацька палітвязня Васіля Парфянкова, са спасылкай на ліст сына апісаў умовы ў адзіночцы ў калоніі ў Горках, дзе ён утрымліваецца: сцены мокрыя, спаць даводзіцца не распранаючыся , і ўсё роўна холадна. Васіль Парфянкоў знаходзіцца ў адзіночнай камеры некалькі месяцаў. На волю палітвязень мусіць выйсці 5 снежня бягучага года.

 

17 лістапада стала вядома, што 24 кастрычніка 2014 г. Камітэт па правах чалавека ААН прыняў рашэнне па справе Алеся Бяляцкага, старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" і віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), прызнаўшы, што дзяржава Беларусь парушыла яго правы, гарантаваныя артыкуламі 9 (права на свабоду і асабістую недатыкальнасць), 14 (права на справядлівае судовае разбіральніцтва) і 22 (свабода асацыяцый) Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Пасля таго, як "Вясна" была ў 2003 годзе пазбаўленая дзяржаўнай рэгістрацыі, яе заснавальнікі тройчы (у 2007 і 2009 гадах) звярталіся ў Мінюст Рэспублікі Беларусь за рэгістрацыяй, але дзяржава тройчы адмаўляла ў рэгістрацыі гэтай арганізацыі, пазбавіўшы яе такім чынам магчымасці адкрываць рахункі на сваё імя для прыцягнення фінансавання сваёй дзейнасці. Паводле высноваў Камітэта, парушэннем свабоды асацыяцыі з'яўляюцца адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі Праваабарончага цэнтра "Вясна", прынятыя толькі на падставе таго, што ў пададзеных на рэгістрацыю дакументах меліся нязначныя неадпаведнасці патрабаванням Міністэрства юстыцыі, якія маглі быць выпраўленыя пры прадастаўленні міністэрствам такой магчымасці заснавальнікам. Адмовы ў рэгістрацыі прывялі да забароны дзейнасці арганізацыі на тэрыторыі Беларусі і перашкодзілі рэалізацыі яе сябрамі сваіх правоў. Прысуд Алеся Бяляцкага да працяглага тэрміну пазбаўлення волі за дзеянні, звязаныя з атрыманнем і расходаваннем сродкаў на фінансаванне дзейнасці арганізацыі, якую ён узначальвае, быў прамым следствам парушэння свабоды асацыяцыі. Пры разглядзе справы беларускія суды адхілілі доказы таго, што гэтыя сродкі прызначаліся і выкарыстоўваліся менавіта на названыя мэты, і не разглядалі справу з пункту гледжання гарантый права на свабоду асацыяцый. У гэтых умовах прыцягненне Алеся Бяляцкага да крымінальнай адказнасці Камітэт расцаніў як парушэнне гэтага права. Камітэт па правах чалавека таксама заключыў, што ўтрыманне пад вартай Алеся Бяляцкага ў перыяд папярэдняга расследавання мела адвольны характар, паколькі рашэнне аб арышце прымалася пракурорам, а не судом, і грунтавалася толькі на цяжары прад'яўленага абвінавачання, а не на фактах, якія сведчалі б пра неабходнасць і мэтазгоднасць дадзенай меры. Камітэт прызнаў, што ў працэсе крымінальнага пераследу Алеся Бяляцкага была парушаная прэзумпцыя невінаватасці, што выявілася ў інфармацыі дзяржаўных СМІ і выказваннях Прэзідэнта, якія да ўступлення ў законную сілу прысуду суда сцвярджалі аб вінаватасці Алеся Бяляцкага, а таксама ў тым, што падчас судовых пасяджэнняў яго ўтрымлівалі ў клетцы і дастаўлялі ў суд у кайданках. У рашэнні Камітэта па правах чалавека ўказана, што Алесь Бяляцкі мае права на належныя сродкі прававой абароны, а менавіта: перагляд заявы "Вясны" аб дзяржаўнай рэгістрацыі, зняцце судзімасці, адэкватную кампенсацыю, уключаючы пакрыццё выплат, зробленых паводле судовых рашэнняў. Акрамя таго, Камітэт пастанавіў, што дзяржава павінна перагледзець сваё ўнутранае заканадаўства аб асацыяцыях і прывесці яго ў адпаведнасць з артыкулам 22 Пакта. Рашэнне Камітэта па гэтай справе мае прэцэдэнтны характар. Яно ясна дэманструе, што дзеянні дзяржавы, накіраваныя на перашкоды дзейнасці праваабарончай арганізацыі - ад адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі асацыяцыі да прыцягнення да адказнасці яе сябраў за ажыццяўленне імі права на асацыяцыю - з'яўляюцца парушэннем міжнароднага права. Ніякія маніпуляцыі з унутраным заканадаўствам з боку дзяржаўных органаў не хаваюць гэтага парушэння перад тварам міжнароднай супольнасці.

 

21 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі грамадскага актывіста з Гомеля Юрыя Рубцова, асуджанага 6 кастрычніка судом Цэнтральнага раёна Мінска па абвінавачанні ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 391 Крымінальнага кодэкса “Абраза суддзі або народнага засядацеля” на паўтары гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. У аснове абвінавачання – заява суддзі суда Савецкага раёна Мінска Кірылы Палулеха, які сцвярджаў, што падчас разгляду адміністрацыйнай справы Юрыя Рубцова 28 красавіка той нібыта яго абразіў. Юрый Рубцоў тлумачыў, што ў той дзень яго даставілі ў суд Савецкага раёна Мінска напаўаголеным, што абражала ягоную годнасць. Апроч таго, ён не змог азнаёміцца з матэрыяламі адміністрацыйнай справы, паколькі быў без акуляраў. Таму і сказаў, што гэта “не суд, а судзілішча”. Актывіст заявіў адвод судовай калегіі на чале з суддзёй Людмілай Шапашнікавай, казаў пра недавер усім беларускім суддзям. Амаль гадзіну раіліся суддзі адносна адводу на свой адрас і ў выніку яго не задаволілі. У выніку судовага разгляду ў задавальненні скаргі Юрыю Рубцову было адмоўлена. Праваабаронцы заявілі, што пасля таго, як Юрый Рубцоў будзе накіраваны адбываць пакаранне, ён будзе лічыцца новым палітвязнем.

 

25 лістапада Марына Лобава, маці палітвязня Эдуарда Лобава, які адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі, мела спатканне з сынам, якое працягвалася каля 2 гадзін. Размова ішла праз шкло па тэлефоне. Эдуард Лобаў павінен выйсці на волю ўжо 18 снежня гэтага году і, па словах маці, ён чакае вызвалення і асабліва не гаварыць пра тое, што ў яго адбываецца. 29 лістапада Марына Лобава са спасылкай на званок сына паведаміла, што яе сыну прызначаны на год прэвэнтыўны нагляд, які пачне дзейнічаць, калі ён выйдзе з калоніі 18 снежня. Па словах Марыны Лобавай, яна не ведае дакладнай даты суда, які адбыўся ў калоніі. Эдуарда Лобава прывялі на выязное паседжанне суддзі і вынеслі гэтае рашэнне без адваката. Марына Лобава адзначыла, што адвакат загадзя накіроўвала просьбу ў івацэвіцкі суд і калонію, каб не праводзілі слуханні без яе, але гэтага не ўлічылі. І на спатканні, якое адбылося некалькі дзён таму, маці пра суд не паведамілі, не папярэдзілі і самога зняволенага. Пасля вызвалення Эдуард Лобаў планаваў ехаць вучыцца за мяжу, але цяпер гэтыя планы мусяць быць адтэрмінаваны мінімум на год.

 

Смяротнае пакаранне

 

3 лістапада стала вядома, што асуджанаму да смяротнага пакарання жыхару Гомеля Аляксандру Грунову адмоўлена ў памілаванні. Паводле атрыманай праваабаронцамі інфармацыі, справа Аляксандра Грунова 13 кастрычніка паступіла ў Гомельскі абласны суд з пазнакай, што асуджанаму адмоўлена ў памілаванні, і ўсе працэсуальныя дзеянні па абскарджанні смяротнага прысуду выкарыстаныя. 4 лістапада Вольга Грунова атрымала паштовае апавяшчэнне, у якім значылася, што ёй прыйшла пасылка “да запатрабавання”. У гэтай пасылцы былі рэчы, у якіх Аляксандр быў апрануты падчас знаходжання ў камеры смяротнікаў мінскай турмы Валадаркі, у тым ліку -- турэмную робу. На турэмнай робе смяротніка напісаны белай фарбай літары "ИМН" - выключная мера пакарання. Гэта ўжо другі выпадак, калі родным расстралянага дасылаюць робу, у якую ён быў апрануты падчас знаходжання ў СІЗА. Першы такі выпадак быў з маці растралянага Паўла Селюна. Праваабаронцы лічаць, што такія дзеянні ўладаў прыносяць дадатковыя пакуты родным пакаранага і з'яўляюцца жорсткім і бесчалавечным абыходжаннем. 12 лістапада з абласнога суда Вользе Груновой было накіравана афіцыйнае паведамленне аб прывядзенні ў выкананне прысуду ў дачыненні да яе сына. 18 лістапада Гомельскі цэнтр стратэгічнай цяжбы накіраваў паведамленне сп. Крыстафу Хэйнсу, Спецыяльнаму дакладчыку ААН па пытанні аб пазасудовых пакараннях смерцю. У паведамленні праваабаронцы інфармуюць спецдакладчыка аб прывядзенні ў выкананне смяротнага прысуду ў дачыненні да гамяльчаніна Аляксандра Грунова, індывідуальная скарга якога знаходзіцца на разглядзе ў Камітэце па правах чалавека ААН. Праваабаронцы выказалі занепакоенасць прывядзеннем у краіне ў выкананне смяротнага пакарання, якое па сваёй сутнасці з'яўляецца пазасудовым смяротным пакараннем. У звароце праваабаронцы заклікалі Спецдакладчыка ААН распачаць усе магчымыя дзеянні ў рамках свайго мандату. 27 лістапада Гомельскі абласны суд, якi вынес смяротны прысуд Аляксандру Грунову, адмовіў яго маці ў паведамленні пра месца пахавання расстралянага. Вольга Грунова атрымала пісьмовую адмову за подпісам старшыні суда Сяргея Шаўцова. Цяпер яна мае намер у судовым парадку дамагацца змены беларускага заканадаўства, якое накладае табу на інфармацыю пра месцы пахавання расстраляных паводле смяротных прысудаў. Згодна з артыкулам 155 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, які рэгулюе парадак выканання смяротнага пакарання ў Беларусі, адміністрацыя ўстановы, у якой адбываецца смяротнае пакаранне, абавязаная паведаміць пра выкананне прысуду ў суд, які пастанавіў яго, а суд паведамляе аднаму з блізкіх сваякоў. Цела для пахавання не выдаецца, пра месца пахавання не паведамляецца. Камітэт па правах чалавека ААН неаднаразова крытыкаваў беларускае заканадаўства, заклікаў дзяржаву спыніць катаванні сваякоў расстраляных.

 

14 лістапада стала вядома, што справа асуджанага да смяротнага пакарання і расстралянага Васіля Юзэпчука, жыхара Драгічынскага раёна, была разгледжана Камітэтам па правах чалавека ААН у кастрычніку 2014 года. Пры разглядзе было ўстаноўлена парушэнне п.3 арт. 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, паколькі Юзэпчук не быў дастаўлены да суддзі ў тэрміновым парадку для вырашэння пытання пра яго арышт. Камітэт таксама прызнаў парушэнне дзяржавай арт. 7 Пакта, які забараняе катаванні і бесчалавечнае абыходжанне. Пасля затрымання Юзэпчук падвяргаўся катаванням: яго збівалі супрацоўнікі міліцыі, марылі голадам, кідалі ў карцэр, прымусова паілі гарэлкай і давалі невядомыя пігулкі. Васіль Юзэпчук пад прымусам прызнаўся ў здзяйсненні серыі забойстваў жанчын-пенсіянерак ў Драгічынскім раёне, але затым ён адмовіўся ад сваіх прызнанняў і паведаміў пра катаванні. Пасля гэтага яго змясцілі ў ізалятар і зноў катавалі, каб адмовіўся ад сваіх слоў. Юзэпчук паўторна заявіў пра катаванні, але гэтыя заявы не былі разгледжаны належным чынам. Юрыст-праваабаронца Раман Кісляк, які прадстаўляў інтарэсы Васіля Юзэпчука ў Камітэце, адзначыў, што міжнародны орган прызнаў і неадпаведнасць судовага разгляду крытэрам незалежнасці і бесстароннасці, доказы віны з’яўляліся ўскоснымі і не дазвалялі зрабіць адназначную выснову адносна вінаватасці. Ні адна з праведзеных экспертыз не падцвердзіла вінаватасць асуджанага. Камітэт палічыў, што асуджэнне да смерці па выніках судовага разбіральніцтва не адказвае патрабаванням арт. 14 Пакта (мінімальныя гарантыі справядлівага судовага працэса) і сведчыць пра адвольнае пазбаўленне жыцця, то бок пра парушэнне права на жыццё (арт. 6 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах). Справа Васіля Юзэпчука ужо трэцяя, у якой Камітэт вызначыў парушэнне права на жыццё ў сувязі з вынясеннем смяротнага пакарання. Васіль Юзэпчук - па нацыянальнасці цыган, меў разумовую адсталасць, дрэнна арыентаваўся ў часе, непісьменны. Ён быў прызнаны вінаватым Брэсцкім абласным судом у забойствах з абцяжарваючымі абставінамі і асуджаны да смяротнага пакарання ў ліпені 2009 года. Прысуд уступіў у сілу 2 кастрычніка 2009 года пасля разгляду касацыйнай скаргі ў Вярхоўным судзе РБ. Справа Васіля Юзэпчука была зарэгістравана ў Камітэце па правах чалавека ААН 12 кастрычніка 2009 г. Камітэт прыняў меры абароны, паведаміўшы дзяржаве аб неабходнасці ўстрымацца ад выканання смяротнага пакарання, пакуль справа знаходзіцца на разглядзе ў Камітэце. У сакавіку 2010 года Васіль Юзэпчук быў расстраляны.

Ужыванне катаванняў і іншых відаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання

 

5 лістапада ў чацвёрты раз пракуратурай была адменена адмова ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце катаванняў асуджанага хлоркай Пятра Кучуры ў ПК-15 за подпісам старэйшага следчага Магілёўскага міжраённага аддзела СК П.Л. Скавародкіна. Нягледзячы на тое, што замкнёнае кола - з пастаноў следчага Скавародкіна і наступных рашэнняў пракурора аб іх адмене - разарваць пакуль не атрымоўваецца, жонка асуджанага Людміла Кучура здавацца не збіраецца. Яна заяўляе, што не стоміцца ​​дамагацца азнаямлення з матэрыяламі праверкі, якія ад яе як заяўніка і яе мужа як пацярпелага старанна хавае следчы орган. Яна намерана дабівацца, каб службовыя асобы, якія здзейснілі злачынства, былі пакараныя.

 

24 лістапада стала вядома, што суд Светлагорскага раёна адмяніў пастанову Светлагорскага РАСК аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце смерці Аляксандра Акуліча, які памёр у траўні 2012 года ў ІЧУ Светлагорскага РАУС, адбываючы адміністратыўны арышт. Справа атрымала новы паварот, калі намеснік старшыні Вярхоўнага суда, разгледзеўшы наглядную скаргу, 22 верасня прынёс пратэст на прадмет адмены пастановы суда Светлагорскага раёна і накіравання справы на новы разгляд у гэты суд. У пачатку кастрычніка пратэст быў разгледжаны Прэзідыумам Гомельскага абласнога суда, які, задаволіўшы яго, накіраваў справу ў суд Светлагорскага раёна на новы разгляд. Суддзя Ірына Алісейка, разгледзеўшы скаргу маці загінулага Валянціны Акуліч на пастанову следчага Светлагорскага РАСК аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце смерці Аляксандра Акуліча, адмяніла яе. Суддзя задаволіла скаргу Валянціны Аляксееўны па ўсіх падставах. У сваёй пастанове Ірына Алісейка ўказала тыя супярэчнасці, якія "маглі паўплываць на правільнасць рашэння, прынятага супрацоўнікамі Светлагорскага РАСК". Па-першае, "па выніках дадатковай камісійнай судова-медыцынскай экспертызы ўстаноўлена іншая, чым пры правядзенні першапачатковых праверак, прычына смерці Акуліча А.А.". У пасведчанні аб смерці ўказваецца тромбаэмбалія лёгачнай артэрыі, а ў заключэнні эксперта №72 ад 29 красавіка 2013 года - хранічная алкагольная інтаксікацыя, якая ўскладнілася развіццём алкагольнага дэлірыя. Падкрэслім, што раней ні следства ні суд не ацанілі гэтага адрознення. Па-другое, указваецца на супярэчнасці ў тлумачэннях супрацоўнікаў ІЧУ Сцешанкова Р.І. і Бачко А.А. наконт збіцця імі Аляксандра Акуліча. Суддзя заключае, што яны не былі падрабязна апытаныя. "Так, у ходзе праверкі не высветлена, колькі разоў і ў якія часткі цела імі наносіліся ўдары ПР-73 Акулічу А.А .; у чым выяўляўся аказанне Акулічам А.А. непадпарадкавання; чаму хуткая дапамога была выклікана не адразу, а праз пэўны прамежак часу. Кім наносіліся ўдары па галаве і тыльнай паверхні стопаў Акулічу А.А., механізм іх нанясення, неабходнасць нанясення дадзеных цялесных пашкоджанняў". Пры гэтым суддзя звяртае ўвагу на тое, што замест выкліку хуткай дапамогі супрацоўнікі ІЧУ збівалі адміністратыўна арыштаванага, які знаходзіўся ў хваравітым стане. Акрамя таго, указваецца, што не былі апытаныя асобы, якія знаходзіліся ў адной камеры з Аляксандрам Акулічам і якія ўтрымліваліся ў той дзень у іншых камерах ІЧУ. Асобна яна адзначае, што следчым органам не дадзеная ацэнка дзеянняў супрацоўнікаў ІЧУ Сцешанкова і Бачко на прадмет выканання імі патрабаванняў арт.23 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17.07.2007 года "Аб ораганах ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь", а менавіта - абавязкі па неадкладным аказанні медыцынскай і іншай неабходнай дапамогі, у дадзеным выпадку, асобе, якая знаходзiцца ў бездапаможным або небяспечным для жыцця або здароўя стане, а таксама патрабаванняў арт.26 - на прадмет правамернасці прымянення спецсродкаў і фізічнай сілы, а таксама прыняцця мераў па неадкладным аказанні медыцынскай дапамогі, якая відавочна была неабходная Аляксандру Акулічу.

 

24 лістапада актывіст прафсаюза РЭП Аляксандр Вайцешык, які адбыў 2 сутак у Ізалятары часовага ўтрымання Нясвіжскага РАУС за просьбу выдаць яму кнігу скаргаў і прапаноў у пункце грамадскага харчавання г. Нясвіжа, напісаў скаргу ў Генеральную пракуратуру на ўмовы ўтрымання яго пад вартай у камеры № 4. Аляксандр Вайцешык адзначыў, што ў камеры было вельмі холадна, асабліва ноччу, з-за таго, што батарэя не грэла. Па ягоных адчуваннях, тэмпература ўдзень скадала +12-14 градусаў, а ноччу каля 10. Ад холаду не было сна і немагчыма было сагрэцца. Вентыляцыя ў камеры не працавала, і ад дыма курцоў было вельмі цяжка дыхаць, у сувязі з чым у яго з’явіўся моцны кашаль. У скарзе адзначаецца, што ў камеры № 4 няма туалета, а сукамернікі карысталіся адкрытым вядром, якое стаяла ў брудным куце. Смурод у камеры быў настолькі вялікі, што ў такіх умовах немагчыма адчуваць сябе чалавекам. І ў такіх антысанітарных умовах затрыманыя павінны былі снедаць, абедаць, вячэраць і ноччу спаць. У прыбіральню, адзначае Аляксандр Вайцешык, сукамернікаў не выводзілі з-за недахопу міліцыянераў. У камеры № 4 не было вады для піцця, недастаткова дзённага і электрычнага святла, доктар ні разу не праводзіў агляду стану затрыманых, патэлефанаваць сям’і ці родзічам не ўяўлялася магчымым, на шпацыр затрыманых таксама ніхто не выводзіў.

 

Пераслед праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі

 

4 лістапада ў Магілёўскім абласным судзе абласное ўпраўленне юстыцыі адклікала пазоў на прыпыненне дзейнасці Магілёўскага праваабарончага цэнтра ў сувязі з тым, што праваабарончая арганізацыя здолела знайсці новы юрыдычны адрас. Прычынай для пазову ў суд з боку абласнога ўпраўлення юстыцыі паслужыла тое, што грамадская арганізацыя не прадставіла ў час дакументы, якія былі неабходы для рэгістрацыі зменаў юрыдычнага адрасу. Напярэдадні судовага працэсу аблюст вынес Магілёўскаму праваабарончаму цэнтру (МПЦ) два пісьмовых папярэджанні. У МПЦ быў юрыдычны адрас, аднак у сувязі з тым, што ў пададзеных дакументах у аблюст чыноўнікі выявілі недакладнасці ў метражы памяшкання, гэтыя дакументы вярнулі назад. Праваабаронцы спадзяваліся, што выпраўленне дакументаў вырашыць пытанне, аднак гаспадар памяшкання адмовіўся працягваць арэнду.

 

5 лістапада аддзел па грамадзянстве і міграцыі Першамайскага РУУС Мінска разгледзеў пытанне аб высылцы з Рэспублікі Беларусі старшыні праўлення Цэнтра прававой трансфармацыі «Lawtrend» Алены Танкачовай, якой 30 кастрычніка быў ануляваны від на жыхарства ў Беларусі. Згодна з рашэннем, праваабаронца на працягу месяца павінна пакінуць Беларусь. Гэтае абмежаванне будзе дзейнічаць тэрмінам тры гады, без права вяртання, затым магчымы перагляд рашэння. У Аддзел па грамадзянстве і міграцыі Першамайскага РУУС былі перададзеныя 7 тысяч хадайніцтваў аб прыпыненні працэдуры высылкі Алены Танкачавай. Працэдура пазбаўлення віду на жыхарства, пазней і высылкі ў дачыненні грамадзянкі Расійскай Федэрацыі Алены Танкачовай, якая пражывае ў Беларусі з 1985 года, была распачатая ў верасні бягучага года. Падставай да пачатку працэдуры паслужылі чатыры выпадкі відэафіксацыі ДАІ нязначнага перавышэння дапушчальнай хуткасці руху аўтамабілем, зарэгістраваным на імя Алены Танкачовай. 28 лістапада Алена Танкачова падала скаргу ў ГУУС Мінгарвыканкама на рашэнне Першамайскага РУУС аб высылцы з Беларусі. У гэты ж дзень Першамайскі РУУС Мінска працягнуў праваабаронцы тэрмін рэгістрацыі на знаходжанне ў Беларусі на адзін месяц у сувязі з падачай скаргі на іх дзеянні па высылцы. У адпаведнасці з законам «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь» факт падачы скаргі -- гэта падстава для прыпынення высылкі да моманту разгляду скаргі.

 

21 лістапада праваабаронцу і публіцысту з Гродна Уладзіміру Хільмановічу патэлефанаваў супрацоўнік РАУС Ленінскага раёна Аляксей Вайцешка і паведаміў, што ў дачыненні да яго складзены пратакол адміністрацыйнага правапарушэння (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве паводле артыкулу 23.34, частка 3 КаАП). Потым гэты прадстаўнік міліцыі прыехаў да Хільмановіча дадому, азнаёміў з пратаколам правапарушэння і склаў пратакол апытання. Пратакол склаў начальнік ООПП Свіслацкага РАУС маёр міліцыі Віктар Ганчарэвіч. У віну Хільмановічу ставіцца ўдзел у традыцыйным Дні памяці паўстанцаў 1863 года, які прайшоў у Свіслачы 26 кастрычніка, а таксама фатаграфаванне на фоне бел-чырвона-белага сцяга. 25 лістапада суддзя суда Ленінскага раёна Гродна Алена Пятрова аштрафавала Уладзіміра на 35 базавых велічынь.

 

Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні

 

1 лістапада да свіслацкага актывіста Юрыя Глебіка завіталі прадстаўнікі міліцыі. Яны паведамілі, што ў дачыненні да яго складзены пратакол за нібыта здзейсненае адміністрацыйнае правапарушэнне 26 кастрычніка, калі ў Свіслачы адбыўся традыцыйны штогадовы Дзень памяці паўстанцаў 1863 года. Юрый Глебік тады выступіў перад прысутнымі, трымаючы ў руках нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг. 24 лістапада Юрый Глебік быў аштрафаваны мясцовым раённым судом па абвінавачанні ва ўдзеле ў “несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве” на 10 базавых велічынь.

17 лістапада ўчастковы Кобрынскага РАУС лейтэнант міліцыі Анатоль Тарасюк запрасіў па тэлефоне ў аддзяленне Алеся Меха у сувязі з удзелам актывіста ва ўшанаванні ўдзельнікаў паўстання Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы. Алесь Мех запатрабаваў позву, і 18 лістапада такая позва была ўручана яму, а таксама ягонаму непаўнагадоваму сыну Антону. 21 лістапада Алесь Мех у РАУС азнаёміўся з матэрыяламі адміністрацыйнай справы па абвінавачанні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, што прыйшлі са Свіслачы. Пратакол быў складзены і падпісаны начальнікам Свіслацкага РАУС маёрам міліцыі Віктарам Гандарэвічам. Сведкамі ў тым, што Аляксандр Мех удзельнічаў у мерапрыемстве і ўскладаў кветкі, сталі супрацоўнікі міліцыі гэтага РАУС Юрый Садоўскі і Дзяніс Паўлючэня. Судовы працэс над Алесем Мехам прызначаны на 4 снежня, на гэты ж дзень прызначана паседжанне камісіі па справах непаўнагадовых Кобрынскага райвыканкаму па справе Антона Меха.

25 лістапада ў судзе Леніскага раёна Гродна прайшлі адміністрацыйныя працэсы ў дачыненні да яшчэ чатырох чалавек, якія прысутнічалі ў Свіслачы на традыцыйным Дні памяці паўстанцаў. Суддзя Алена Пятрова па абвінавачанні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве аштрафавала публіцыста і праваабаронцу Уладзіміра Хільмановіча і актывіста партыі АГП Ежы Грыгенчу на 35 базавых велічынь кожнага, а журналіста Радыё Свабода Міхаіла Карневіча і актывіста партыі АГП Віталя Лопасава -- на 15 базавых велічынь кожнага. Фактычна ўсе былі асуджаныя на падставе таго, што яны прысутнічалі ў Свіслачы ў гэты дзень, у матэрыялах спраў і ў паказаннях сведкаў – свіслацкіх міліцыянтаў -- не знайшлося нічога, што пацвердзіла б здзяйсненне пералічанымі асобамі нейкага правапарушэння. Асабліва недарэчна выглядала рашэнне па адміністрацыйнай справе ў дачыненні да акрэдытаванага журналіста Міхаіла Карневіча, які выконваў у той дзень свае прафесійныя абавязкі.

 

8 лістапада музыкаў гурта «Дзецюкі» і здымачную групу затрымалі АМАПаўцы каля Заслаўя, дзе здымаўся кліп на песню «Хлопцы-балахоўцы». У міліцыю патэлефанавалі мясцовыя жыхары Заслаўя, якіх насцярожылі людзі ў вайсковай форме. Музыкі былі апранутыя ў вайсковыя строі часоў грамадзянскай вайны. На здымачнай пляцоўцы былі і бел-чырвона-белыя сцягі, якія выкарыстоўвалі ў якасці рэквізіту. Усяго было затрымана 18 чалавек. Міліцыянты палічылі здымкі кліпа за несанкцыянаванае шэсце. Затрымалі на той падставе, што ніякіх дазваляльных папераў музыкі не мелі. Дазвол на здымкі неабходна было атрымаць у Заслаўі. Пасля разбіральніцтва ў аддзяленні міліцыі Заслаўя міліцыянты вярнулі музыкам відэаматэрыялы і частку рэквізіту.

 

11 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Гродна быў аштрафаваны вядомы грамадска-палітычны актывіст Ежы Грыгенча. Ён быў затрыманы міліцыяй 2 кастрычніка, калі як удзельнік кампаніі “Гавару праўду” збіраў подпісы грамадзянаў за пытанні “Народнага рэферэндуму”. Суддзя Юрый Казакевіч не ўзяў пад увагу ўсе акалічнасці адміністрацыйнай справы і прысудзіў Грыгенчу штраф – 10 базавых велічыняў. Суд вынес рашэнне аб парушэнні выбарчага заканадаўства нібыта за невыкананне працэдуры рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў Цэнтрвыбаркаме, што прадуглежана пры арганізацыі рэферэндуму па ініціыятыве грамадзян. Але подпісы “Народнага рэферэндуму” збіраюцца пад зваротам грамадзян у Палату прадстаўнікоў і да прэзідэнта, каб гэтыя суб'екты ініцыявалі правядзенне рэферэндуму. На працэсе Грыгенча не толькі сказаў гэта на словах, але і папрасіў дадаць да адміністрацыйнай справы Закон аб зваротах грамадзян.

 

17 лістапада ў судзе Першамайскага раёна Мінска адбыўся суд над намеснікам старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрасём Беленькім па абвінавачанні ў парушэнні ч.2 арт.23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства). Паводле міліцэйскага пратаколу, Юрась Беленькі не забяспечыў ахову парадку і медыцынскае абслугоўванне падчас акцыі Дзяды, якая праходзіла 2 лістапада. Нягледзячы на тое, што 27 кастрычніка адбылося сумеснае пасяджэнне прадстаўнікоў ГУУС Мінгарвыканкама, пракуратуры з арганізатарам мерапрыемства, у пратаколе значыцца, што ён не ўзгадніў меры па забеспячэнні аховы парадку. Суддзя Анастасія Папко не задаволіла хадайніцтва сп. Беленькага пра выклік у суд прадстаўніка міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама Грышчанкі і пракурора Смаленскага. Прадстаўнік Мінгарвыканкаму Юрый Уральскі ў судзе сказаў, што “істотных парушэнняў з боку арганізатараў не было”, а пра неаплату ім “не паведамілі”. Суддзя прызнала Ю. Беленькага вінаватым і вынесла рашэнне пра штраф памерам у 20 базавых велічыняў. 

28 лістапада суд Ленінскага раёна Мінска разгледзеў адміністратыўную справу Юрася Беленькага і прысудзіў яму штраф у памеры 30 базавых велічынь па абвінавачанні ў парушэнні парадку арганізацыі шэсця да месца расстрэлаў ахвяраў бальшавіцкага тэрору 9 лістапада ў Лошыцы (ч.2 арт.23.34 КаАП). Справу разглядала суддзя Марына Запаснік. Яна задаволіла ўсе хадайніцтвы сп.Беленькага (пра ўдзел адваката, допыт сведкі), але па выніку адмовіла ў праглядзе відэа з агульнага паседжання у Мінгарвыканкаме 27 кастрычніка і з самой акцыі. Сп.Юрась даводзіў у судзе, што меры па бяспецы былі ўзгодненыя на паседжанні 27 кастрычніка, а таксама перад акцыяй 9 лістапада, а пра працэдуру аплаты яму не паведамілі, пратакол правпарушэння склалі 12 лістапада, хаця паслугі па забеспячэнні парадку КХП БНФ павінна была аплаціць паводле закону цягам 10 дзён пасля акцыі.

 

21 лістапада былы палітвязнь Андрэй Гайдукоў раздаваў у Наваполацку ўлёткі пра беларускіх палітзняволеных. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі яго нібыта за правядзенне несанкцыянаванай акцыі, але ў пастаунку склалі пратакол ужо за распаўсюд улётак без выходных дадзеных. Пасля афамлення неабходных дакументаў А. Гайдукоў быў вызвалены. 24 лістапада актывіст зноў быў затрыманы ў Полацку за распаўсюд улётак. У РАУС быў складзены пратакол аб парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства (арт. 23.34 КаАП) і выдадзена позва ў суд на 27 лістапада. Разам з тым, 25 лістапада Андрэя Гайдукова забралі ў суд проста з кватэры. У судзе ён заявіў хадайніцтва аб удзеле ў працэсе абаронцы і паведаміў, што мае дамову з мінскім адвакатам, які дабрацца так хутка да Полацку ў таго няма фізічнай магчымасці. Суддзя Уладзімір Бясецкі чакаць не пагадзіўся: ён сказаў, што дае паўгадзіны, каб затрым аны заключыў дамову з полацкім адвакатам. А. Гайдукову давялося на гэта пагадзіцца. Выніку Уладзімір Бясецкі прызнаў А. Гайдукова вінаватым у парушэнні артыкула 23.34 КаАП і за "правядзенне несанкцыянаванага пікета з раздачай улётак" асудзіў на арышт тэрмінам 10 сутак.

 

24 лістапада лідар “Змены” Павел Вінаградаў, вядомы частымі адвольнымі затрыманнямі і арыштамі, заявіў пра свой намер пераехаць з Мінска да бацькі ў Беразіно. Асноўная прычына -- пагроза трапіць у ЛТП. Актывіст мае тры адміністрацыйныя спагнанні за “знаходжанне ў стане ап’янення ў грамадскім месцы”. У выніку праваахоўнікі змогуць атрымаць магчымасць адправіць яго на медыцынскае абследаванне для накіравання ў ЛТП, а потым пасля першага ж пратакола “за п’янку” актывіст увогуле можа стаць кліентам гэтай медыцынска-папраўчай установы. Пастановы аб адміністрацыйных правапарушэннях знаходзяцца на абскарджанні.

 

25 лістапада ў Светлагорску пры спробе зладзіць пікет каля райвыканкаму Юрыя Ляшэнку, грамадскага актывіста, інваліда 1 групы, забрала хуткая дапамога. Ён спрабаваў зладзіць каля райвыканкаму пікет у абарону правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі, у тым ліку ў знак пратэсту супраць невыканання правоў інвалідаў пры капітальным рамонце з элементамі мадэрнізацыі жылога двухпавярховага дома па вуліцы Леніна. Райвыканкам забараніў праводзіць масавае мерапрыемства. Але 25 лістапада Юрый Ляшэнка выехаў на вазку на цэнтральную плошчу Светлагорска. Праз некалькі хвілін, не паспеў ён і разгарнуць плакат, як да яго падбеглі супрацоўнікі «хуткай», якая з мігалкамі пад'ехала на плошчу, і мужчыну пацягнулі ў аўтамабіль. У шпіталі яму памералі ціск, зрабілі кардыяграму, сказалі, што ў яго тахікардыя і ўкалолі укол. Потым прыйшоў міліцыянер, які апытаў актывіста. Пасля наведвання міліцыянера, які склаў пратакол па артыкуле 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства), медсястра сказала Юрыю Ляшэнка, што ён можа ісці дахаты, бо яму «аказана неабходная дапамога». 27 лістапада павінен быў адбыцца суд па адміністрацыйнай справе Юрыя Ляшэнка, але быў перанесены. Калі Юрый Ляшэнка з адвакатам прыбылі ў суд, да іх падышоў падпалкоўнік міліцыі і паведаміў, што суд пакуль не адбудзецца, бо матэрыялы справы патрабуюць дапрацоўкі. Паколькі грамадскі актывіст павінен з'ехаць за мяжу на лекаванне, ён напісаў заяву ў суд, каб справу не разглядалі без яго прысутнасці.

 

Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў

 

3 лістапада сябра ГА “БАЖ” Аліна Літвінчук з Брэста паведаміла, што яе абвінавачваюць у парушэнні артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях: у “незаконнай перадачы і вырабе інфармацыі замежнаму сродку масавай інфармацыі, які не мае акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь”. Аліну Літвінчук выклікалі позвай у адзін з апорных пунктаў Брэста ў якасці сведкі па адміністрацыйнай справе. Калі 29 кастрычніка журналістка наведалася ў міліцэйскі пастарунак, ёй патлумачылі, што яна з’яўляецца абвінавачанай. У якасці “пацярпелага” ў пратаколе фігураваў кіраўнік Брэсцкага гарадскога аддзялення грамадскай арганізацыі “Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых” Аляксандр Драчук. Да пратакола быў прыкладзены зварот за подпісам намесніка начальніка ўпраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці А. Крупенькіна ад 1 кастрычніка 2014 года, які рабіў выснову пра “незаконную журналісцкую дзейнасць ад імя замежнага сродку масавай інфармацыі Літвінчук А.С.” У звароце, у прыватнасці, гаварылася, што 25 верасня г.г. журналістка ўзяла інтэрв’ю ў кіраўніка грамадскага аб'яднання “Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых” Аляксандра Драчука і падрыхтавала публікацыю па праблеме ўжывання насельніцтвам брэсцкага рэгіёна наркатычных рэчываў. Гэты матэрыял у верасні быў размешчаны на сайце «Беларускага Радыё Рацыя» пад назвай «Аднагодкі школьнікаў распавядуць пра шкоду спайсу». Такім чынам, адзначаецца ў звароце, “у дзеянні Літвінчук А.С. бачацца прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь (незаконны выраб прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі)”. Азнаёміўшыся з матэрыяламі справы, журналістка адмовілася даваць паказанні, скарыстаўшыся канстытуцыйным правам не сведчыць супраць самой сябе. Пасля гэтага супрацоўнік міліцыі Дзмітрый Сверба склаў адпаведны пратакол і ўручыў ёй позву ў суд на 6 лістапада. Увечары 31 кастрычніка гісторыя атрымала нечаканы працяг: супрацоўнікі міліцыі паспрабавалі пранікнуць у кватэру журналісткі, каб перапісаць пратакол, які суд вярнуў на дапрацоўку. Журналістка зноў адмовілася даваць паказанні і падпісваць новы пратакол. 6 лістапада па хадайніцтве журналісткі працэс перанеслі. З-за ўдзелу у навучальнай сесіі за межамі Беларусі Аліна перадала ў суд Ленінскага раёна Брэста заяву з просьбай перанесці разгляд справы на час пасля вяртання на радзіму. У судзе ўзялі пад увагу яе хадайніцтва і забавязалі з'явіцца да суддзі Святаслава Каліны 25 лістапада, калі дакладна і стане вядомая дата працэсу.

 

5 лістапада, у сусветны дзень “Станем за журналістыку”, у Віцебску мясцовыя журналісты і актывісты сфатаграфаваліся на фоне будынка з малюнкам – выявамі трох жалезных клетак, з якіх вырываецца зробленая з газеты птушка. Удзельнікі фотасесіі таксама трымалі ў руках папяровых птушак або клеткі. У хуткім часе ўдзельнікаў фотасесіі пачалі выклікаць у РАУС Чыгуначнага раёна і складаць пратаколы аб нібыта адміністрацыйным правапарушэнні – удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. 28 лістапада ў судзе Чыгуначнага раёна Віцебска былі разгледжаны адміністрацыйныя справы журналістаў Зміцера Казакевіча і Алены Сцяпанавай, а таксама актывісткі Алены Шабуні. У выніку ўсе былі прызнаныя вінаватымі ў парушэнні арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў) і аштрафаваны: Зміцер Казакевіч і Алена Сцяпанава на 20 базавых велічыняў кожны, Алена Шабуня – на 18 базавых велічынь. Разгляд справы Казакевіча суддзёй Аленай Цыганковай заняў каля 30 хвілін. З боку абвінавачання выступаў складальнік пратакола, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі АУС Чыгуначнага раёна Віцебска Аляксандр Рыбакоў. Ён сказаў, што “фотасесія” была “акцыяй”, бо, маўляў, так пісалі ў інтэрнэце. Суддзя Дзяніс Губанаў вёў справу і прызнаў вінаватай журналістку Алену Сцяпанаву. Той жа суддзя вынес рашэнне аштрафаваць Алену Шабуню на 18 базавых велічыняў. Меншыя памеры штрафу Дзяніс Губанаў патлумачыў тым, што ў яе трое дзяцей, сярод якіх двое непаўнагадовых. Усяго па справе фотасесіі праходзяць сем чалавек. Суды над журналістам Кастусём Мардзвінцавым і актывісткай Таццянай Севярыне прызначаны на 1 снежня, над жыхаром Віцебска Пятром Берлінавым, шараговвым мінаком, які далучыўся да фотасесіі -- 3 снежня. На праваабаронцу Паўла Левінава пратакол да канца месяца не быў складзены: ён заявіў, што будзе заключаць дамову з абаронцам, і таму яго візіт у міліцыю да маёра Рыбакова быў адкладзены.

 

13 лістапада незалежнаму журналісту Андрэю Мялешку патэлефанавалі з РАУС Ленінскага раёна Гродна і сказалі, што ў дачыненні да яго заведзена новая адміністрацыйная справа па арт. 22.9 ч. 2 КаАП (“незаконы выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”). Яго выклікалі ў пастарунак, каб узяць тлумачэнні з нагоды інтэрв'ю з прафесарам Гродзенскага універсітэта Валерыем Чарапіцам, але журналіст запатрабаваў афіцыйнай позвы. У гэты ж дзень старэйшы лейтэнант аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага РАУС Войцешка і прапаршчык Грынь прыйшлі да журналіста ў кватэру, каб узяць тлумачэнні адносна гэтага інтэрв'ю. Са слоў супрацоўнікаў міліцыі вынікала, што справа ўжо заведзеная і праз некалькі тыдняў будзе ў судзе. Гэта ўжо трэцяя на працягу года адміністрацыйная справа супраць журналіста з аднолькавым абвінавачаннем: першы раз яго ашрафавалі на 30 базавых велічынь у чэрвені, другі – у кастрычніку (35 базавых велічынь).

 

13 лістапада журналіст Алесь Залеўскі атрымаў афіцыйную позву ў Слонімскі РАУС. Начальнік Слонімскага РАУС Валерый Раманчук паведаміў, што ў ягоных дзеяннях “заўважаны склад адміністрацыйнага правапарушэння”, і яго справу накіруюць у суд. Алесь Залеўскі - штатны супрацоўнік Польскага грамадскага тэлебачання TVP, часткай якога з'яўляецца “Белсат”, аўтар і вядоўца праграм “Людскія справы” і “Рэпартаж Залеўскага”. Гэта ўжо другая адміністрацыйная справа ў дачыненні да яго цягам бягучага года. У траўні Карэліцкі раённы суд пакараў журналіста штрафам у памеры 30 базавых велічынь за нібыта “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ” (арт. 22. 9 ч 2. КаАП). Падставай стаў рэпартаж пра прыватны краязнаўчы музей у Міры.

 

17 лістапада падаткавая інспекцыя Ленінскага раёна Магілёва выклікала незалежнага журналіста Алеся Буракова на 20 лістапада да намесніка начальніка аддзела Каральковай. Нагода для візіта – падача падаткавых дэкларацый (разлікаў) па падаходнаму падатку з фізічных асоб за 2010-2013 гады (прыбыткі, якія былі атрыманы з-за мяжы). Пры сабе падаткавікі просяць мець пашпарт, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць рэзідэнцтва ў Расійскай Федэрацыі. Алесь Буракоў адзначыў, што гэта ўжо трэці выклік з падаткавай інспекцыі за апошнія некалькі месяцаў. Ён падкрэслівае, што пасля канфіскацыі ў яго кампутараў у межах адміністрацыйнай справы за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі праваахоўнікі шукалі ў ягоным кампутары ўсё, што датычылася ганарараў, грошай, сайтаў “Свабоднага фармату” і “Дойчэ Вэле”.

 

18 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Гродна адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы Вольгі Крапоцінай, яка была затрыманая 19 верасня з улёткамі ў падтрымку Украіны. Суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў грамадскую актывістку вінаватай у “незаконным вырабе і распаўсюдзе друкаванай прадукцыі” (арт. 22.9 ч.2 КаАП) і аштрафаваў на 30 базавых велічынь. Вольга Крапоціна сваёй віны не прызнала, спасылаючыся на тое, што кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь паводле Канстытуцыі мае права на вольны распаўсюд інфармацыі. У матэрыялах справы фігуравала таксама экспертыза Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, якая прызнала самаробныя ўлёткі Крапоцінай “масава-палітычным неперыядычным выданнем”.

 

24 лістапада расійскімі памежнікамі была затрымана беларуская журналістка з Гомеля Ларыса Шчыракова разам з кіроўцам Кастусём Жукоўскім. Гомельцы здымалі матэрыял на беларуска-расійскай мяжы ў Добрушскім раёне. Пазней яны пераехалі праз мяжу на тэрыторыю Расіі і там здымалі грузавікі, што рухаюцца з Беларусі ў Расію для сюжэта аб абмежаванні Расіяй транзіту беларускага экспарту. У гэты час іх спынілі расійскія памежнікі, адабралі пашпарты і пыталі, з якой мэтай вядуцца здымкі. Ларысу Шчыракову і Кастуся Жукоўскага пратрымалі расійскія памежнікі і невядомыя ў цывільным, якія не прадставіліся, дзве гадзіны. Пытанні невядомых тычыліся інфармацыі: з якой мэтай здымалі на памежнай тэрыторыі. Прэтэнзіі складаліся ў тым, што нібыта на відэа маглі трапіць супрацоўнікі ФСБ.

 

26 лістапада журналістку-фрылансера з Бярозы Тамару Шчапёткіну па тэлефоне выклікаў намеснік начальніка аддзела аховы грамадскага парадку Бярозаўскага РАУС Мікалай Пракурат з нагоды яе журналісцкай дзейнасці. Тамара Шчапёткіна спачатку пагадзілася на прапанову прыйсці 27-га а першай палове дня, але потым сказала Мікалаю Пракурату, што калі яна парушыла законы, якімі павінна займацца міліцыя, то, супрацоўнікі міліцыі мусяць даслаць ёй позву. 30 лістапада Тамара Шчапёткіна ў РАУС азнаёмілася з матэрыяламі справы. У адміністрацыйным пратаколе, складзеным Мікалаем Пракуратам, адзначана, што журналістка парушыла арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Падставай для абвінавачання стала інтэрв’ю на сайце неакрэдытаванага ў Беларусі “Беларускага Радыё Рацыя” з загадчыкам цэнтральнай Бярозаўскай аптэкі Алегам Казюпай на тэму выдачы лекаў па рацэптах. Дарэчы, на сайце ”Радыё Рацыя” кароткая інфармацыя са здымкам Казюпы змешчана без указання аўтарства. Сярод здымкаў 4 жанчын, паказаных Казюпе і дырэктару сярэдняй школы № 1 Бярозы Мікалаю Жуковічу, у якога Шчапёткіна таксама брала інтэрв’ю, яны прызналі Тамару Шчапёткіну. Толькі Казюпа чамусьці сказаў, што Шчапёткіна сябе назвала Галінай Васілевіч. Справа бліжэйшым часам будзе накіравана ў суд.

 

30 лістапада мясцовыя праваабаронцы паведамілі, што старшыня Салігорскага райвыканкаму Аляксандр Рымашэўскі “рэкамендаваў” усім кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый Салігорскага раёна “актыўна падпісацца” на грамадска-палітычную газету “Шахцёр”, заснавальнікам якой з’яўляецца Салігорскі раённы выканаўчы камітэт. “З мэтай ідэалагічна правільнага інфармавання насельніцтва раёна аб палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне, Мінскай вобласці, на Салігоршчыне” старшыня райвыканкаму таксама “рэкамендаваў” прыняць меры па актыўнаму і масаваму удзелу ў падпісной кампаніі на газету работнікаў працоўных калектываў. Следам за зваротам Аляксандра Рымашэўскага кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Салігоршчыны атрымалі ліст ад галоўнага рэдактара газеты “Шахцёр” Сяргея Квіткевіча. Спасылаючыся на “рэкамендацыю” Аляксандра Рымашэўскага, галоўрэд без лішніх эўфемізмаў уведаміў адміністрацыі салігорскіх прадпрыемстваў аб неабходнасці ўжо абавязковага афармлення ведамаснай падпіскі на газету, а таксама давёў квоту на індывідуальную падпіску не менш за 50% ад колькасці работнікаў у працоўным калектыве. Краўнікі прадпрыемстваў абавязаны прадставіць справаздачу аб выкананні плана па падпісцы на газету “Шахцёр” у ідэалагічны аддзел Салігорскага райвыканкаму.

 

Абмежаванне свабоды сходаў

 

2 лістапада ў Мінску прайшла дазволеная Мінгарвыканкамам традыцыйная акцыя да Дня памяці продкаў - «Дзяды - 2014», якая ўключала шэсце і мітынг. Мерапрыемства было арганізавана Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй БНФ. Назіральнікі ад Праваабарончага цэнтру "Вясна" і РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт", якія ажыццяўлялі маніторынг ходу масавага мерапрыемства, ацанілі яго як маючае мірны характар цягам усяго сходу. Пазітыўна былі адзначаны дзеянні супрацоўнікаў ДПС па забеспячэнні руху калоны праз перакрыжаванні па маршруце шэсця і прысутнасць адмыслова пазначаных супрацоўнікаў інфармацыйнай службы міліцыі. Разам з тым, зафіксаваны праблемы ў працы міліцыі па забеспячэнні грамадскага парадку падчас масавага мерапрыемства. Мелі месца ўмяшанні ў свабоду мірных сходаў, а менавіта беспадстаўныя затрыманні ўдзельнікаў, якія былі ацэнены як неправамерныя і адвольныя. Па-ранейшаму занепакоенасць выклікала немагчымасць ідэнтыфікаваць супрацоўнікаў праваахоўных органаў як такіх з-за адсутнасці форменнай вопраткі, а таксама ідэнтыфікацыйных картак на супрацоўніках у форме. Немагчыма было таксама ідэнтыфікаваць службовыя аўтамабілі, якія выкарыстоўваліся праваахоўнымі органамі, адсутнічалі машыны хуткай дапамогі па маршруце масавага мерапрыемства. Пры такіх абставінах удзельнікі ў выпадку неабходнасці не маглі ведаць, да каго звярнуцца па дапамогу. Варта адзначыць, што рэгуляванне парадку правядзення масавых сходаў у Беларусі, замацаванае Законам “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” ад 30 снежня 1997 года (у рэдакцыі ад 08.11.2011), супярэчыць міжнародным стандартам. У сумесным заключэнні Венецыянскай камісіі і БДІПЧ/АБСЕ (CDL-AD (2012) 006) адзначана: “Закон аб масавых мерапрыемствах характарызуецца падрабязным празмерным рэгуляваннем працэдурных аспектаў правядзення сходаў. Закон стварае складаную працэдуру захавання жорсткай і працаёмкай працэдуры атрымання дазволу, у той жа час пакідаючы большую свабоду дзеянняў адміністрацыйным органам для прымянення Закона. Гэтая працэдура не адлюстроўвае пазітыўнае абавязацельства дзяржавы забяспечваць і заахвочваць ажыццяўленне права на свабоду мірных сходаў і на свабоду выказвання меркаванняў”.

 

7 лістапада сябры Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Пётр Сарапеня і Ян Дзяржаўцаў планавалі ў Віцебску правесці масавае мерапрыемства з мэтай інфармаваць суграмадзянаў "аб наступствах контррэвалюцыйнага кастрычніцкага перавароту" і "аб неабходнасці забароны ў Беларусі кампартыі і яе ідэалогіі", аднак атрымалі адмову. Забарону чыноўнікі абгрунтавалі сумнавядомым рашэннем Віцебскага гарвыканкаму №881 "Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску". Згодна з гэтым рашэннем, заяўнікі мусяць прыкладаць да заяўкі ў раённую адміністрацыі таксама і дамовы на абслугоўванне акцыі медыкамі, супрацоўнікамі міліцыі і ЖКГ. Апрача апошніх, заключаць любыя дамовы з актывістамі згаданыя структуры адмаўляюцца.

 

19 лістапада стала вядома, што Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў парушэнне права на мірны сход і атрыманне інфармацыі сябра Партыі БНФ Сяргея Лазенкі. Актывіст быў затрыманы ў жніўні 2007 года і прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства – сход гарадской арганізацыі Партыі БНФ у офісе партыі ў Брэсце. Акрамя С. Лазенкі тады былі затрыманы яшчэ 24 чалавекі, сярод якіх -- палітык Павел Севярынец, які прэзентаваў сваю новую кнігу “Лісты з лесу”. Затрыманыя былі дастаўлены ў РУУС Маскоўскага раёна, большасць – пакараныя штрафамі, а Павел Севярынец і Андрэй Шарэнда атрымалі адміністрацыйныя арышты.

 

20 лістапада стала вядома, што Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў неаднаразовае парушэнне права на мірны сход і свабоду выказвання меркавання актывіста АГП з Гомеля Уладзіміра Няпомняшчых. Адзін з эпізадаў звароту Уладзіміра Няпомняшчых датычыў «маўклівай акцыі», якая прайшла летам 2011 года ў Гомелі. Актывіст на адной з плошчаў Гомеля удзельнічаў у акцыі «апладысментаў», заклікаючы гараджан прыняць удзел у мірным сходзе ў выглядзе вулічнага шэсця. Яго абвінавацілі ў парушэнні закону аб масавых мерапрыемствах, суддзя суду Чыгуначнага раёну Гомеля Ілля Свірыдаў пакараў актывіста буйным штрафам. Другі эпізод: 7 кастрычніка 2011 года апазіцыянер распаўсюджваў сярод жыхароў Гомеля ўлеткі з заклікам да ўдзелу ў Народным Сходзе, які адбываўся з ініцыятывы мясцовых дэмакратаў дзеля абмеркавання сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне. Суддзя суду Цэнтральнага раёну Гомеля Алена Цалкова таксама пакарала актывіста буйным штрафам.

 

З 20 па 24 лістапада сябры бабруйскай суполкі АГП і іншыя грамадскія актывісты Бабруйска планавалі правесці пікеты супраць размяшчэння ў горадзе расійскай ваеннай базы і звярнуліся ў гарвыканкам па адпаведны дазвол. Месцам правядзення актывісты ўказвалі стадыён фабрыкі "Славянка" -- гэта адзінае ў Бабруйску месца, вызначанае гарвыканкамам для правядзення пікетаванняў. Чыноўнікі знайшлі прычыну, каб адмовіць у правядзенні акцый. Намеснік старшыні гарвыканкаму Аляксандр Маркачоў напісаў, што якраз у гэтыя дні на стадыёне будзе праводзіцца адкрытае Першынство ДЮСШ па футболе. Пасля гэтага актывісты пачалі падаваць заявы на іншыя даты: з 30 лістапада па 4 снежня. Актывістка Галіна Смірнова вырашыла зайсці на стадыён, каб паглядзець, як праходзіць Першынство па футболе. Але ніякіх спаборніцтваў там не было: на дзвярах комплекса была размешчана аб'ява, у якой было пазначана, што Першынство ДЮСШ па футболе, запланаванае на перыяд з 20 па 24 лістапада, у сувязі з умовамі надвор'я пераносіцца на перыяд з 30 лістапада па 4 снежня, гэта значыць -- якраз тыя даты, на якія актывісты пачалі падаваць заявы.

 

21 лістапада ў судзе Маскоўскага раёна Мінска разглядалася скарга Уладзіміра Андрыенкі на рашэнне Мінгарвыканкама, які не даў дазволу на правядзенне адзіночнага пікета салідарнасці з Украінай каля амбасады Расійскай Федэрацыі. У абгрунтаванні свайго рашэння намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка напісаў, што адзіночны пікет не будзе спрыяць захаванню добраўпарадкавання і зеляніны, створыць перашкоды для пешаходнага руху і руху транспарту, не будзе спрыяць выкананню ПДР. Пры гэтым чыноўнікі спасылаліся на артыкул 9 Закона “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”. У судзе прадстаўніком Мінгарвыканкама спадаром Уральскім былі дадаткова агучаныя патрабаванні да заяўніка: маўляў, патрэбна да заявы прыкласці мапу з канкрэтна намаляванай кропкай, дзе будзе стаць пікетоўшчык, заключыць загадзя дамову з міліцыяй і іншымі структурамі, яшчэ трэба падстроіцца пад надвор’е, бо яно таксама будзе ўлічвацца пры прыняцці рашэння пра дазвол акцыі. Нягледзячы на абсурднасць вылучангых патрабаванняў, суддзя Гусакова прызнала скаргу неабгрунтаванай і не задаволіла яе.

 

22 лістапада на цэнтральнай плошчы Светлагорска інвалід першай групы, грамадскі актывіст Юрый Ляшэнка планаваў правесці пікет, каб прыцягнуць увагу грамадскасці і выказаць пратэст супраць невыканання правоў інвалідаў пры капітальным рамонце з элементамі мадэрнізацыі жылога двухпавярховага дома па вуліцы Леніна. Светлагорскі гарвыканкам адмовіў у дазволе на правядзенне пікету, таму што «месца правядзення пікета не адпавядае патрабаванням рашэння райвыканкама»: «Раённы выканаўчы камітэт забараняе правядзенне пікету на цэнтральнай плошчы», - было сказана ў адказе. Адзінае месца, дзе дазволена ладзіць пікеты - сцэнічная пляцоўка ў гарадскім парку культуры і адпачынку - знаходзіцца на ўскраіне горада у закінутым стане.

 

Абмежаванне свабоды асацыяцый

 

5 лістапада Мікалай Жыбуль, Аляксандр Варанкін, Алег Шаўчэнка і Аляксандр Грамыка -- пазбаўленыя працы сябры пярвічкі Свабоднага прафсаюза беларускага на зводзе ТДіА (трактарных дэталяў і агрэгатаў) распачалі галадоўку. Яны лічаць, што адміністрацыя завода не працягнула з імі кантракты менавіта з-за прафсаюзнай прыналежнасці. З 10 гадзін раніцы яны знаходзіліся ў будынку гарвыканкама, дзе збіраліся правесці першы дзень галадоўкі, але каля 12 гадзін дня іх адтуль выштурхаў супрацоўнік міліцыі. 6 лістапада Мікалай Жыбуль, Аляксандр Варанкін, Аляксандр Грамыка і Алег Шаўчэнка працягвалі акцыю каля будынка адміністрацыі прадпрыемства. На сваім працоўным месцы да галадоўкі таксама далучыўся "свабодавец" Генадзь Лабачоў. Актывісты-прафсаюзнікі прастаялі каля прахадной увесь працоўны дзень. Ніхто з адміністрацыі прадпрыемства да іх не падыходзіў. 10 лістапада актывісты працягнулі акцыю пратэсту каля Бабруйскага гарвыканкаму. Да іх з гарвыканкаму ніхто не выйшаў, каля 12:30 усіх удзельнікаў галадоўкі затрымала міліцыя. Праз 2 гадзіны затрыманых адпусцілі з пастарунку, папярэдзіўшы пра недапушчальнасьць правядзення несанкцыянаванай акцыі. 12 лістапада безвынікова скончылася сустрэча бабруйскіх галадоўнікаў з старшынём Бабруйскага гарвыканкаму Андрэем Каваленкам. 14 лістапада сябры Свабоднага прафсаюзу Беларускага заявілі, што спыняюць галадоўку пратэсту. Іх патрабаванне аб аднаўленні на працы не было выканана. У міліцыі актывістам паведамілі, што на іх склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Паводле міліцыі, актывісты правялі несанкцыянаванае масавае мерапрыемства -- галадоўку.

 

13 лістапада мясцоваму каардынатару аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” (БХД) Аляксандру Храпко было вынесена афіцыйнае папярэджанне за подпісам намесніка пракурора Брэсцкай вобласці Аляксандра Тачко. У тэксце дакумента, які Храпко атрымаў, гаворыцца, што ён афіцыйна папярэджаны “аб недапушчальнасці ўдзелу ў дзейнасці і выступу ад імя незарэгістраванай партыі”. Пры гэтым прадстаўнік абласной пракуратуры спаслаўся на частку 3 артыкула 7 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб палітычных партыях”. Таксама вядома, што свае высновы пракуратура зрабіла на падставе матэрыялаў, дасланых Камітэтам дзяржаўнай бяспекі. У прыватнасці, размова ідзе пра тое, што брэсцкі актывіст прымаў удзел у кампаніях “’За малы памежны рух’’ і “Абаронім нашых дзяцей ад алкагалізму”, ініцыятарамі якіх выступілі сябры арганізацыйнага камітэту па стварэнні партыі БХД.

 

25 лістапада Грамадскае аб'яднанне беларускіх пенсіянераў "Наша пакаленне" паведаміла што зламыснікі ўзламалі пошту і змянілі паролі на сайце арганізацыі. На думку яе кіраўніцтва, гэта нанесла непапраўны ўрон дзелавой рэпутацыі. «Так, у выніку ўзлому арганізацыйнай пошты, зламыснікі вялі перапіску ад імя партнёраў арганізацыі, у выніку чаго былі сарваны некаторыя намечаныя мерапрыемствы. Акрамя гэтага, быў нанесены непапраўны ўрон дзелавой рэпутацыі арганізацыі сярод некаторых замежных партнёраў, сябраў ГАБП "Наша пакаленне" і актывістаў ІАУ "Пенсійны выпадак". На жаль, дакладна ўстанавіць, калі гэта было зроблена, не атрымліваецца, аднак, вядома, што не менш, чым месяц таму. У цяперашні час узмоцнена антывірусная абарона кампутарнай тэхнікі арганізацыі, аднак, мы звяртаемся да ўсіх, хто пісаў нам лісты на электронны адрас belpensioners@yahoo.com і не атрымаў нават фармальнага адказу, даслаць сваё паведамленне зноўку альбо прадубляваць яго на электронны адрас - pension.event.by@gmail.com. Мы таксама просім улічваць вышэйсказаную інфармацыю тым, хто, магчыма, атрымліваў ад нас "дзіўныя" лісты», - адзначана ў заяве "Нашага пакалення". Таксама паведамляецца, што на сайце арганізацыі былі змененыя паролі, у выніку чаго абнаўленне інфармацыі было немагчымым.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства