Бабруйск: Галадоўнікаў з ТДіА выштурхалі з гарвыканкаму
Чацвёра сябраў Свабоднага прафсаюза беларускага, з якімі не працягнулі кантракты на заводзе ТДіА, ад сённяшняга дня пачалі галадоўку.
З 10 гадзін раніцы Мікалай Жыбуль, Аляксандр Варанкін, Алег Шаўчэнка і Аляксандр Грамыка знаходзіліся ў будынку гарвыканкама, там яны збіраліся правесці першы дзень галадоўкі. Але каля 12 гадзін дня іх адтуль выштурхаў супрацоўнік міліцыі.
-Чыноўнікі на нас нібыта не звярталі ўвагі, але, напэўна, яны і выклікалі міліцыю, - распавядае Аляксандр Варанкін. - Прыйшоў падпалкоўнік Міліцыі Сяргей Рудзько, сказаў, што прачытаў у інтэрнэце пра галадоўку. Ён даволі груба нас выштурхаў з будынка, хапаў за адзенне, а потым яшчэ і прапанаваў адвесці нас на біржу працы.
Зараз галадоўнікі знаходзяцца ля будынка гарвыканкама. Яны збіраюцца тут стаяць да вечара, у спадзяванні, што чыноўнікі ўсё ж звярнуць увагу на іх праблему.
-Маем намер галадаць да таго часу, пакуль Аляксандр Лукашэнка, як гарант Канстытуцыі, не зверне ўвагу на тое, што адбываецца на заводзе ТДіА. Мы ўжо зразумелі, што мясцовыя чыноўнікі не хочуць займацца нашай праблемай, - кажуць галадоўнікі.
"Свабодаўцы" сцвярджаюць, што іх сваякі паставіліся да галадоўкі з разуменнем.
-Яны разумеюць, што за праўду трэба змагацца, па-іншаму ў нашай краіне немагчыма, - адзначыў Аляксандр Варанкін.