Уладзімір Лемеш пра ўмовы ўтрымання ў Салігорскім ІЧУ: на 15 чалавек 3 матрацы
Актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Уладзімір Лемеш правёў мінулыя выходныя ў салігорскім ІЧУ. Умовы ўтрымання за кратамі моладзевы актывіст назваў бесчалавечнымі ды прыніжаючымі годнасць і цяпер плануе падрыхтаваць адпаведную скаргу з гэтай нагоды.
Варта адзначыць, што яшчэ ў 2013 годзе ў салігорскім ізалятары часовага ўтрымання пасля шэрагу скаргаў грамадскіх актывістаў былі праведзеныя раманонтныя працы. Ацаніць зробленыя змены ва ўмовах знаходжання людзей у месцах прымусовага ўтрымання імкнуліся мясцовыя праваабаронцы з Беларускага Хельсінскага Камітэту. Улады, аднак, пабаяліся дапусціць прадстаўнікоў БХК у салігорскі ізалятар.
Па словах Уладзіміра Лемеша, пэўныя змены насамрэч адбыліся. У камеры з’явіўся ўмывальнік, а ўнітаз адмежавалі невялікай сценкай. Плёнка на вокнах была заменена на шклопакеты. Зрэшты, прынцыпова гэткі рамонт на сітуацыю не паўплываў. Зафіксаваных у стандартах асобных ложкаў на кожнага зняволеннага у камерах для “сутачнікаў” не з’явілася. Па ранейшаму людзі вымушаны туліцца на адной драўлянай гэтак званай “сцэне”.
- У камеры знаходзілася адначасова да 15 чалавек, а на “сцэне” ночыць могуць не больш за 8. Астатнія кладуцца ў нагах ці наогул на бетоннай падлозе. Большасць наўпрост не спіць усю ноч. Пры гэтым на ўсіх было толькі тры матрацы, - кажа Уладзімір Лемеш. - Умывальнік і адмежаваны ўнітаз гэта добра, але змыў у тым унітазе не працуе. Нейкай абрэзанай пластыкавай бутэлькай прыходзілася насіць туды ваду з ўмывальніка. Потым у гэту ж бутэльку налівалі гарбату, бо кубкаў не было.
Адзначае маладзён і нікуды нязніклыя праблемы з вентыляцыяй і натуральным асвятленнем:
- У перапоўненай камеры цыгарэтны дым увесь час, вентыляцыя ці не працуе ўвогуле ці наўпрост не спраўляецца. Шклопакеты паставілі, але самі вакенцы засталіся ў памерах такія ж мізэрныя. Натуральнага асвятлення ўдзень крытычна бракуе. Я там быў толькі двое сотак, а людзі і па пятнаццаць і па дваццаць пяць сядзяць у гэткіх умовах, - абураецца актывіст.
Уладзімір лічыць, што такі стан рэчаў прыніжае чалавечую годнасць ды патрабуе неадкладнага вырашэння. У бліжэйшыя дні ён плануе абмеркаваць сітуацыю са сваім адвакатам і накіраваць скаргу з гэтай прычыны ў Міністэрства ўнутраных спраў.