Брэст: распаўсюджаны праваабарончы бюлетэнь “Брэсцкае права” (фота)
На цэнтральный вуліцах горада і некаторых рынках прадстаўнікі праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і Свабоднага прафсаюза Беларускага распаўсюдзілі некалькі сотняў асобнікаў бюлетэня “Брэсцкае права”.
Як адзначыў адзін з удзельнікаў акцыі Ігар Маслоўскі, уся інфармацыя, змешчаная ў бюлетэні, датычыць мясцовай тэматыкі. “На нашу думку, у Брэсцкім рэгіёне не выконваюцца асноўныя правы чалавека, парушаецца Канстытуцыя краіны і шэраг міжнародных дакументаў, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь, - пракаментаваў Маслоўскі. - У першую чаргу, гэта тычыцца Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Толькі за апошні месяц мясцовыя ўлады некалькі разоў адмаўлялі партыйным і грамадскім актывістам у іх законным праве на мірныя сходы”.
Паводле старшыні рэгіянальнай арганізацыі Свабоднага прафсаюза Беларускага Валянціна Лазарэнкава, падчас распаўсюду праваабарончага бюлетэня, актывісты ладзілі невялікае апытанне наконт выканання правоў чалавека ў рэгіёне. “У размовах з жыхарамі горада фактычна кожны другі сведчыў, што сутыкаўся з парушэннем сваіх палітычных, эканамічных ці сацыяльных правоў”, - пракаментаваў вынікі такіх размоў Лазарэнкаў.