viasna on patreon

УУС пра дыскрымінацыю цыганоў у прэсе: гэта інфармацыйна-прафілактычная праца

2014 2014-08-21T07:19:07+0300 2014-08-21T12:05:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cygany.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

20 жніўня гомельскія праваабаронцы Алесь Яўсеенка і Марыя Клімовіч атрымалі адказ на зварот у УУС Гомельскага аблвыканкама наконт дыскрымінацыі цыганоў у СМІ. Нагадаем, занепакоенасць праваабаронцаў выклікаў чарговы артыкул у прэсе з антыцыганскімі выказваннямі. Раённая газета «Чырвоны кастрычнік» (Акцябрскі раён Гомельскай вобласці) апублікавала артыкул аўтарства мясцовай міліцыі з заклікам да грамадзян праяўляць пільнасць. Артыкул дае парады кшталту: «Сцеражыцеся асоб цыганскай нацыянальнасці, якія пад любой падставай (варажбы, продажу тавараў, куплі хатніх жывёл, папіць вады) спрабуюць пранікнуць у ваша жыллё і здзяйсняюць крадзяжы грошай, каштоўнасцяў». Міліцыя піша ў раённай газеце: «У выпадку з'яўлення ў населеных пунктах раёна асоб цыганскай нацыянальнасці, а таксама работнікаў сацыяльных службаў, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія выклікаюць падазрэнне, просьба неадкладна паведаміць у аддзел унутраных спраў па тэл. 102».

У сувязі з гэтым праваабаронцы прасілі УУС і абласное ўпраўленне ідэалагічнай працы звярнуць увагу на публікацыі матэрыялаў, што прапагандуюць цыганафобію. Заяўнікі чарговы раз нагадалі чыноўнікам, што дыскрымінацыя (па нацыянальных, рэлігійных, палітычных і іншых прыкметах) забаронена заканадаўствам і Канстытуцыяй.

Варта падкрэсліць, што Марыя Клімовіч і Алесь Яўсеенка неаднаразова ўздымалі пытанне дыскрымінацыі цыганоў у прэсе. Раней адказы чыноўнікаў зводзіліся да ўдзячнасці за актыўную грамадзянскую пазіцыю і абяцанкі «правесці тлумачальную працу», разабрацца і прасачыць за выкананнем заканадаўства, а менавіта – не прапускаць больш у друк матэрыялы з канкрэтызацыяй расавых, этнічных і нацыянальных прыкмет злачынцаў.

Гэтым жа разам адказ з УУС за подпісам намесніка начальніка ўпраўлення Аляксандра Некрашевіча быў неканкрэтным. «Аналіз злачынстваў (крадзяжоў у пенсіянераў, састарэлых грамадзян) дазваляе зрабіць выснову аб тым, што большасць з іх здзейсняецца асобамі цыганскай дыяспары», - напісана з адказе. «Для папярэджання супрацьпраўных дзеянняў і ліквідацыі прычын, якія садзейнічаюць іх здзяйсненню, праводзіцца інфармацыйна-прафілактычная праца, як з прадстаўнікамі нацыянальных меншасцяў, так і з насельніцтвам, накіраваная не на распальванне міжнацыянальнай варожасці, а на эфектыўнае рашэнне існуючай праблемы», - патлумачыў праваабаронцам намеснік начальніка УУС.

Неабходна падкрэсліць, што ў адказе не прыводзяцца нейкія статыстычныя дадзеныя, якія б сведчылі пра тое, што «большасць злачынстваў здзейсняецца асобамі цыганскай дыяспары».

Нагадаем, нядаўна ў гомельскай газеце «Савецкі раён» быў апублікаваны артыкул пад назвай «Цыганы парушаюць закон не часцей за астатніх гамяльчан». Са спасылкай на начальніка РАУС Аляксандра Слесарэнку паведамлялася, што ў Савецкім раёне па 103 адрасах пражываюць 385 цыганоў. І вось у мінулым годзе было зарэгістравана ўсяго два злачынствы, пад падазрэнне ў здзяйсненні якіх патрапілі цыганы. Аналагічна ў 2013 годзе ў мазырскай газеце «Жыццё Палесся» быў надрукаваны матэрыял пра «цыганоў-злачынцаў». У тым жа матэрыяле прыводзіліся звесткі, што за год у раёне грамадзяне здзейснілі больш за дзве тысячы злачынстваў, з якіх толькі некалькі былі здзейснены цыганамі. Тым не менш, міліцыя рабіла ў артыкуле акцэнт менавіта на тым, што цыганы – злачынцы.

«Намеснік начальніка УУС сцвярджае, што мясцовая міліцыя ў дадзеным выпадку, я маю на ўвазе Акцябрскі раён, не мела на мэце распальваць нацыянальную варожасць, а проста па іх падліках большасць крадзяжоў здзейсняецца быццам бы прадстаўнікамі цыганскай нацыянальнасці. Але кожнай службовай асобе трэба памятаць, што абараняючы адных добрых людзей, нельга крыўдзіць другіх добрых людзей і пляваць у душу ўсім цыганам. Я думаю, такая сітуацыя склалася таму, што некаторыя службовыя асобы не лічаць сумленных цыганоў роўнымі прадстаўнікамі карэннай нацыі. Таму, я лічу, тым асобам, якія адказваюць за ідэалагічную працу ў міліцыі, трэба працаваць над фарміраваннем у супрацоўнікаў УУС станоўчага вобраз цыганоў», - лічыць Марыя Клімовіч.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства