viasna on patreon

На 11 верасьня перанесены судовы разгляд адміністратыўнай справы маладафронтаўца Зьміцера Дашкевіча – удзельніка пікету каля расійскай амбасады.

2002 2002-09-09T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

8 верасьня, у Дзень беларускай вайсковай славы, каля 15 прадстаўнікоў Маладога Фронту правялі несанкцыянаваны пікет каля амбасады Расійскай Федэрацыі. Маладафронтаўцы пратэставалі супраць намераў кіраўніцтва суседняй краіны па інкарпарацыі Беларусі і стварэньня саюзнай дзяржавы. Удзельнікі пікету трымалі ў руках плакаты з пратэстнымі надпісамі, а затым перакінулі праз плот амбасады зварот да кіраўніцтва РФ і пудзіла, што зьнешне нагадвала прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Супрацоўнкі міліцыі, якія ахоўвалі амбасаду, спрабавалі спыніць несанцыянаваны пікет, але праз некаторы час маладафронтаўцы сышлі. У хуткім часе да амбасады былі дастаўленыя сапёры, якія праверылі, ці не зьяўляюцца перакінутыя рэчы выбуховымі прыстасаваньнямі.

Калі ўдзельнікі пікету ўжо разыходзіліся, у раёне амбасады міліцыянты, што былі ўзброеныя аўтаматамі, затрымалі двух маладафронтаўцаў – Зьміцера Дашкевіча і непаўнагадовага Артура Фінкевіча.

Затрыманых даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёну г. Мінску, дзе супрацоўнікі міліцыі былі намераныя ўзбудзіць супраць іх крымінальную справу. Аднак у рэшце рэшт на Зьміцера Дашкевіча склалі пратакол адміністрытаўнага правапарушэньня па арт. 167.1 КаАП РБ і адпусьцілі, аформіўшы позву ў РУУС. Матэрыял адміністратыўнай справы Артура Фінкевіча быў перададзены ў камісію па справах непаўнагадовых па месцы жыхарства.

9 верасьня на 10.00 Зьміцер Дашкевіч быў выкліканы ў РУУС Цэнтральнага раёну, адкуль ён быў дастаўлены ў суд Цэнтральнага раёну да судзьдзі Паўлючук. Зьм.Дашкевіч заявіў хадайніцтва аб удзеле ў працэсе адваката і сьведак. Судзьдзя задаваліла хадайніцтва і перанесла судовы разгляд на 11 верасьня на 12.00.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства