viasna on patreon

Суд Клімавіцкага раёна разгледзіць скаргу на прадузятае рашэнне адміністрацыйнай камісіі

2014 2014-06-02T07:13:01+0300 2014-06-02T07:13:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marchanka-alena-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алена Марчанка

Алена Марчанка

Жыхарка вёскі Дамамерычы Клімавіцкага раёна Алена Марчанка 31 траўня атрымала ўведамленне з суда Клімавіцкага раёна, што разгляд яе скаргі на пастанову адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама ад 13.05.2014 г. адбудзецца ў судзе 17 чэрвеня ў 10-30. Разглядаць скаргу Алены Марчанкі будзе суддзя суда Клімавіцкага раёна Таццяна Іваненка.

Па словах Алены Марчанкі, такое ж уведамленне з суда накіравана і старшыні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама Наталлі Асмалоўскай.

“Зараз буду рыхтаваць свой выступ у судзе, каб паспрабаваць давесці сваю правату, - кажа Алена Марчанка. – Я лічу, што мая адміністрацыйная справа на паўторным пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама была разгледжана перадузята і неаб’ектыўна. Было адхілена маё хадайніцтва аб адводзе членам адміністрацыйнай камісіі, якія ўдзельнічалі ў першым разглядзе маёй адміністрацыйнай справы. У сваёй скарзе ў суд Клімавіцкага раёна я прывяла шматлікія факты парушэнняў норм беларускага заканадаўства, якія дазволіла сабе адміністрацыйная камісія Клімавіцкага райвыканкама, узмацніўшы адміністрацыйная пакаранне ў адносінах да мяне ў параўнанні з папярэднім разглядам.

Таксама буду кансультавацца з Барысам Леанідавічам (Бухелем – з. р.) і, магчыма, запішуся на асабісты прыём да міністра ўнутраных спраў і ў адміністрацыю кіраўніка краіны. У Клімавічах улады мяне выстаўляюць ледзь не прафесійнай скаржніцай, а я проста змагаюся за справядлівасць і за выкананне норм беларускага заканадаўства”.

Нагадаем, што Алена Марчанка 22 траўня падала скаргу на пастанову адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама ў суд, дзе яна просіць суд спыніць адміністрацыйную справу ў адносінах да яе, вынесці прыватнае вызначэнне на адрас адміністрацыйнай камісіі, а таксама вярнуць дзяржпошліну.

Пастановай па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні жанчына была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці па ч. 1 арт. 15 КаАП у выглядзе штрафа ў памеры 15 базавых велічынь за парушэнне ветэрынарных, ветэрынарна-санітарных правіл.

Спадарыня Марчанка лічыць, што адміністрацыйная камісія Клімавіцкага райвыканкама, прызначыўшы ёй штраф пры паўторным разглядзе пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні, проста адпомсціла ёй за прынцыповую пазіцыю і за сам факт падачы скарг на папярэднюю пастанову і незаконныя дзеянні адміністрацыйнай камісіі, за якія кіраўніцтва Клімавіцкага райвыканкама і адміністрацыйнай камісіі былі прыцягнуты да адказнасці.

Папярэдняй пастановай па справе спадарыня Марчэнка была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе папярэджання. Суд Клімавіцкага раёна адмяніў пастанову адміністрацыйнай камісіі і пастанавіў адправіць адміністрацыйную справу на новы разгляд.

Супрацьстаянне спадарыні Марчанкі з мясцовымі ўладамі пачалося пасля таго, як яна выступіла супраць знішчэння сваіх свіней у сувязі з небяспекай распаўсюджання афрыканскай чумы свіней.

Алена Марчанка займаецца свінагадоўляй, каб былі грошы аплочваць лячэнне і навучанне сына, які з’яўляецца інвалідам з дзяцінства.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства