viasna on patreon

Клімавічы: штраф замест папярэджання пасля ўказання на незаконнасць фармавання адміністрацыйнай камісіі

2014 2014-05-18T07:09:38+0300 2014-05-18T07:09:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marchanka-alena.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алена Марчанка

Алена Марчанка

Адміністрацыная камісія Клімавіцкага райвыканкама пакарала штрафам у памеры 15 базавых велічынь жыхарку вёскі Дамамерычы Алену Марчанка. Паседжанне адміністрацыйнай камісіі, на якім адбыўся новы разгляд адміністрацыйнай справы адносна спадарыні Марчанка, прайшло ў Клімавічах 13 траўня.

Алена Марчанка, якая асабіста прысутнічала на пасяджэнні камісіі, кажа, што адразу было бачна перадузятае стаўленне членаў камісіі пры паўторнам разглядзе яе адміністрацыйнай справы.

Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што вынесшы пакаранне ў выглядзе штрафа ў памеры 15 базавых велічынь, адміністрацыйная камісія Клімавіцкага райвыканкама проста адпомсціла Алене Марчанка за яе прынцыповую пазіцыю ў адстойванні сваіх правоў.

“На мой погляд, адміністрацыйная камісія Клімавіцкага райвыканкама, прызначыўшы Алене Марчанка штраф у памеры 15 базавых велічынь, а не папярэджанне, фактычна пакарала яе за сам факт падачы скаргаў на яе пастанову і незаконныя дзеянні, за якія кіраўніцтва Клімавіцкага райвыканкама і адміністрацыйнай камісіі былі пакараныя, - выказвае меркаванне Барыс Бухель. – Гэта ні што іншае, як помста з боку адміністрацыйнай камісіі, і гэта будзе адным з аснаванняў для напісання скаргі з яе боку ў суд”.

Нагадаем, што супрацьстаянне законапаслухмянай спадарыні Марчанкі з мясцовымі ўладамі пачалося пасля таго, як яна выступіла супраць знішчэння сваіх свіней у сувязі з небяспекай распаўсюджання афрыканскай чумы свіней.

Пастановай па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні ад 08.01.2014 года адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама спадарыня Марчэнка была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці па ч.1 арт.15.38 КаАП у выглядзе папярэджання за парушэнне ветэрынарных і ветэрынарна-санітарных правіл.

Алена Марчанка не пагадзілася з вынесенай пастановай і падала скаргу ў суд Клімавіцкага раёна. Таксама спадарыня Марчанка падала скаргу на дзеянні службовых асоб адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама на імя пракурора Клімавіцкага раёна. У скарзе яна звярнулася з просьбай правесці праверку дзейнасці адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама ў сувязі з тым, што пры разглядзе яе адміністрацыйнай справы былі дапушчаны парушэнні заканадаўства. У выніку пракуратура прызнала парушэнне закона пры фармаванні адміністрацыйнай камісіі і ўказала Клімавіцкаму райвыканкаму на неабходнасць выканання закона.

Суд Клімавіцкага раёна 5 лютага адмяніў пастанову адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама і пастанавіў адправіць адміністрацыйную справу жыхаркі вёскі Домамерычы Алены Марчанкі на новы разгляд. 13 лютага Алена Марчанка накіравала скаргу ў Магілёўскі абласны суд на пастанову суда Клімавіцкага раёна, згодна з якой яе адміністрацыйная справа накіравана на новы разгляд, а не спыненая з-за шматлікіх парушэнняў заканадаўства службовымі асобамі.

Па словах Алены Марчанка, яна абавязкова будзе абскарджваць у судзе пастанову адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама аб пакаранні яе штрафам у памеры 15 базавых велічынь.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства