viasna on patreon

Суд адхіліў і другую скаргу Генадзя Лойкі на дыскрымінацыю беларускай мовы

2014 2014-04-11T14:20:45+0300 2014-04-11T16:44:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lojka-japishkin.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Г.Лойка и прадстаўнік "Белінвестбанка" ў судзе. Фота: svaboda.org

Г.Лойка и прадстаўнік "Белінвестбанка" ў судзе. Фота: svaboda.org

11 красавіка суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Алена Сямак адхіліла пазоў беларускамоўнага мастака і грамадзянскага актывіста Генадзя Лойкі супраць “Белінвестбанка”, праігнараваўшы аргументы заяўніка і прадстаўніка грамадскасці Валянціна Стэфановіча аб дыскрымінацыйным падыходзе банка да беларускай мовы.

Сутнасць пазову Генадзя Лойкі была ў тым, што з 2012 году ён дамагаецца ад кіраўніцтва «Белінвестбанка» магчымасці абслугоўвацца па-беларуску. Банк адмаўляе яму ў гэтым, спасылаючыся на «тэхнічныя прычыны», а кіраўніцтва банка лічыць «немэтазгоднай» замену тэхнічнага забеспячэння з прычыны высокай затратнасці.

Заяўнік паведаміў у судзе, што лічыць дзеянні “Белінвестбанка” дыскрымінацыйнымі. Змест выступу Лойкі цытуе сайт Радыё Свабода: “У лістападзе 2012 году ён прыйшоў заключаць дамову на карыстанне банкаўскай карткай. Папрасіў дамову па-беларуску, бо расейскую дамову не разумее. Банк паабяцаў, што ў першай палове 2013 будуць беларускамоўныя дамовы, таму Лойка пагадзіўся падпісаць дамову па-расейску. Аднак банк сваё абяцанне не выканаў. Лойка сцвярджае, што ніводнае слова ў расійскамоўнай дамове яму не зразумелае, а тлумачэнні банка пра тое, што тэхнічнай магчымасці для вырабу беларускамоўных дамоваў няма, падаюцца яму неабгрунтаванымі пры сучасным развіцці тэхналогій”.

Прадстаўнік банка гэтыя прэтэнзіі не прызнае. Паводле Радыё Свабода, сп. Япішкін у спрэчках бакоў не пагадзіўся, што ў дачыненні да Лойкі мела месца дыскрымінацыя: «Яго абслужылі, ён сышоў з дамовай. Ніхто не абмяжоўвае Лойку ў выкарыстанні беларускай мовы. Ён зараз размаўляе па-беларуску, у банку ён размаўляе па-беларуску, ніхто яго не абмяжоўвае. Няма ніякіх пытанняў. Наяўнасць дакумента на адной мове не кажа, што ёсць прыярытэт адной мовы над іншай». На думку прадстаўніка банка, «заяўнік не зусім правільна разумее нормы заканадаўства, якія права выкарыстання беларускай мовай прадстаўляюць у роўнай ступені, як і расейскай. Гэта не дае права патрабаваць ад іншых суб’ектаў, каб з ім размаўлялі на пэўнай мове. Гэта будзе супярэчыць і Канстытуцыі і закону аб дзяржаўных мовах».

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які браў удзел у судовым паседжанні як прадстаўнік грамадскасці ад Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны, настойваў на законнасці пазову Генадзя Лойкі:

Стэфановіч: Патрабаванні Лойкі выдаць бланк дамовы на беларускай мове законныя?

Япішкін: Законныя. Але правы аднаго сканчаюцца там, дзе пачынаюцца правы іншага. Мы маем права прадстаўляць дамовы на расійскай мове.

Стэфановіч: То бок правы Лойкі законныя, але не могуць быць рэалізаваныя?

Япішкін: Так.

Праваабаронцавыказаў сваё меркаванне ў судовых спрэчках:

«Канстытуцыя ўстанаўлівае, што дзяржаўнымі мовам зяўляюцца расійская і беларуская. Фармальна яны маюць роўны юрыдычны статус, закон аб мовах у 5 і 6 артыкулах гарантуе грамадзянам краіны свабоднае карыстанне дзяржаўнымі мовамі РБ. Але практыка сведчыць, што рэалізацыя грамадзянамі права свабодна карыстацца адной з дзяржаўных моваў, абмяжоўваецца.

Білінгвізм азначае, што дзяржава мусіць гарантаваць магчымасць выкарыстання абедзвюх моў найперш у дзяржаўных установах. Гэта не права на ігнараванне моваў. Наданне перавагі адной мове ў параўнанні з іншай — гэта праява дыскрымінацыі. Канстытуцыйны суд таксама звяртаў увагу на гэтую праблему.

Мне складана ўявіць, якія цяжкасці ўяўляе выданне дамовы ў банку на беларускай мове. Я лічу, што мы маем прыклад класічнай дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце.

Так, беларускамоўныя грамадзяне складаюць меншасьць у краіне. Але паводле апошняга перапісу каля 20 працэнтаў заявілі, што карыстаюцца беларускай мовай дома ўвесь час.

Лічу, што дзеянні “Белінвестбанка” парушаюць правы грамадзяніна Лойкі і прашу суд прызнаць дзеянні банка незаконнымі і абавязаць банк заключыць дамову з грамадзянінам Лойкам на беларускай мове».

Нягледзячы на довады заяўніка Генадзя Лойкі і прадстаўніка грамадскасці Валянціна Стэфановіча наконт таго, што дадзены выпадак з’яўляецца класічнай дыскрымінацыяй па моўнай прыкмеце, суддзя Алена Сямак прыняла рашэнне адхіліць пазоў да “Белінвестбанка”.  Нагадаем, што 10 красавіка гэтая ж суддзя адмовіла ў задавальненні пазова Генадзя Лойкі да КДБ, прызнаўшы тым самым, што чыноўнікі не абавязаныя карыстацца беларускай мовай у стасунках з грамадзянамі.

 

Паводле svaboda.org

 

 

 

Валянцін Стэфановіч і Генадзь Лойка ў судзе. Фота: svaboda.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства