Cалігорскі аўтапарк папрасілі апублікаваць расклад для вазочнікаў
У Міжнародны дзень людзей з абмежаванымі магчымасцямі салігорскі правабаронца Аляксей Валабуеў звярнуўся ў салігорскі аўтобусны парк №1 з просьбай прывесці арганізацыю руху грамадскага транспарту і інфармацыйныя матэрыялы аб яго раскладзе ў адпаведнасць з аб’ектыўнымі патрэбамі людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
“Улічваючы той факт, што па аб’ектыўных прычынах далёка не ўсе аўтобусы з’яўляюцца нізкападлогавымі і абсталяваны прыстасаваннямі для зручнага заезду інвалідных вазкоў, я прапанаваў кіраўніцтву аўтапарка зрабіць вялікі і адначасова вельмі просты крок насустрач людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Зрабіць так, каб інваліды-вазочнікі дакладна ведалі, у які час па гарадскіх маршрутах курсуюць аўтобусы з прыстасаваннямі для заезду інвалідных вазкоў, - кажа Аляксей Валабуеў. - Безумоўна, дзеля гэтага прыйдзецца дадаткова папрацаваць над арганізацыяй руху грамадскага транспарту ды ўнесці адпаведныя пазнакі ў інфармацыйныя матэрыялы. Але мне здаецца, што гэта не надта вялікі кошт для забеспячэння права людзей з абмежаванымі магчымасцямі на безбар’ерны асяродак. У краінах, дзе да правоў чалавека ставяцца больш паважліва, гэта звычайная практыка. У нас жа аб гэтым пакуль нават не здагадваюцца.”
Праваабаронца заклікаў кіраўніцтва аўтапарку паставіць сябе на месца “тых вазочнікаў, якія ў дождж ці непагадзь, чакаючы аўтобуса на прыпынку, гадаюць, ці будзе наступны аўтобус прыстасаваны для іх патрэбаў.” Копія зварота была таксама накіравана старшыні Салігорскага райвыканкама.