viasna on patreon

Камітэт ААН прызнаў, што правы гомельскіх апазіцыянераў былі парушаны

2013 2013-11-13T17:08:37+0300 2013-11-13T17:08:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/aan-sciag.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

13 лістапада актывісты Руху «За свабоду!» і АГП Аляксандр Процка і Андрэй Толчын атрымалі паведамленне з Камітэту па правах чалавека ААН наконт скаргі на парушэнне правоў. Міжнародная структура прызнала, што беларускія ўлады парушылі права грамадзян на свабоду выказвання меркавання (артыкул 19 Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах). Камітэт ААН раіць беларускаму ўраду сплаціць Аляксандру Процка і Андрэю Толчыну выдаткі і маральную шкоду, аднавіць іх правы, а таксама прывесці нацыянальнае заканадаўства, у прыватнасці, Закон аб масавых мерапрыемствах, у адпаведнасць міжнародным абавязкам.

У 2008 годзе актывісты распаўсюджвалі ў Брагіне і Нароўлі запрашэнні на сустрэчу з лідэрамі апазіцыі, якія збіраліся наведаць «чарнобыльскія» раёны напярэдадні чарговай гадавіны аварыі на ЧАЭС. Аляксандр Процка і Андрэй Толчын былі затрыманы міліцыяй і пакараны штрафам і арыштам адпаведна. З такім рашэннем суду апазіцыянеры не згадзіліся і абскардзілі ў вышэйстаячых судовых інстанцыях, што не прынесла плёну. Тады грамадзяне звярнуліся ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Нагадаем, днямі Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што беларускія ўлады парушылі правы старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Уладзіміра Сякеркі на правядзенне мірнага сходу, забараніўшы ў снежні 2007 года правесці ў Гомелі мітынг у знак нязгоды з адменай льготаў насельніцтву краіны.

Камітэт па правах чалавека ААН нагадаў, што дзяржаве варта садзейнічаць ажыццяўленню права, а не шукаць непатрэбныя або неадпаведныя абмежаванні.

На падставе рашэння Камітэту ААН беларускі ўрад мусіць забяспечыць «ахвяры парушэння эфектыўны сродак прававой абароны, уключна з поўным пакрыццём выдаткаў і належнай кампенсацыяй», а таксама абавязаны «не дапускаць падобных парушэнняў у будучыні». Акрамя таго, беларускія ўлады абавязаны «змяніць нацыянальны Закон аб масавых мерапрыемствах і практыку яго прымянення такім чынам, каб забяспечыць кожнаму права на свабоду правядзення мірных сходаў».

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства