viasna on patreon

У ААН прызналі зняволенне Алеся Бяляцкага парушэннем міжнароднага права і запатрабавалі яго вызваліць

2024 2024-07-19T11:44:40+0300 2024-07-19T12:52:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ales_bialiacki_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях 18 ліпеня апублікавала дакумент, у якім яна прызнае зняволенне заснавальніка Праваабарончага цэнтра "Вясна", лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага парушэннем міжнароднага права і патрабуе яго неадкладна і безумоўна вызваліць, а таксама надаць яму права на кампенсацыю і іншыя рэпарацыі ў адпаведнасці з міжнародным правам. Пра гэта гаворыцца ў прэсавым рэлізе ААН, піша "Радыё Свабода". Алесь Бяляцкі, асуджаны да 10 гадоў калоніі, утрымліваецца за кратамі ўжо больш за тры гады.

Алесь Бяляцкі. Фота: @rightlivelihood
Алесь Бяляцкі. Фота: @rightlivelihood

У сваім рашэнні Працоўная група прызнала затрыманне Бяляцкага адвольным з некалькіх прычын. Па-першае, "не звяртаючы ўвагі на канкрэтныя факты і не разглядаючы альтэрнатыўныя меры стрымання, абапіраючыся ў асноўным на цяжар абвінавачанняў, улады не змаглі належным чынам апраўдаць папярэдняе зняволенне Бяляцкага, якое доўжылася каля двух гадоў". Акрамя таго, Бяляцкаму адмовілі ў праве фізічна прысутнічаць на слуханнях па ягонай справе.

Па-другое, "падставай для арышту і наступнага затрымання Бяляцкага стала рэалізацыя ім свабоды выказвання меркаванняў і свабоды сходаў".

Па-трэцяе, яго "судзіў не незалежны і бесстаронні суд", а суд пад старшынствам суддзі, які знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюзу за вынясенне палітычна матываваных рашэнняў супраць мірных пратэстоўцаў. У гэтым судовым працэсе Бяляцкі быў "пазбаўлены эфэктыўнага юрыдычнага прадстаўніцтва". Нагадаем, прысуд па справе вясноўцаў вынесла Марына Запаснік

Алесь Бяляцкі на судзе
Алесь Бяляцкі на судзе

Таксама Працоўная група прыйшла да высновы, што права Алеся Бяляцкага на прэзумпцыю невінаватасці было парушана як заявамі ключавых дзяржаўных чыноўнікаў, так і тым, што ён быў вымушаны сядзець падчас судовага працэсу ў металічнай клетцы, што магло выклікаць перадузятасць суддзяў. Працоўная група адзначыла і "выразную мадэль стаўлення ўладаў да Бяляцкага на падставе ягоных палітычных перакананняў і і ягонай дзейнасці ў якасці праваабаронцы".

Акрамя гэтага, Бяляцкаму было адмоўлена ў праве на перапіску з сямʼёй і наведванне яго ў турме, адзначаецца ў дакуменце.

Прызнаючы гэтыя факты, Працоўная група заклікала ўлады Беларусі "неадкладна вызваліць Бяляцкага і надаць яму права на кампенсацыю і іншыя рэпарацыі ў адпаведнасці з міжнародным правам", а таксама забяспечыць поўнае і незалежнае расследаванне абставінаў яго зняволення і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

"Заклікаю міжнародную супольнасць выкарыстаць гэтае рашэнне, каб змагацца за вяртанне Алеся да жыцця, сям’і і працы"

Наталля Пінчук падчас выступу
Наталля Пінчук

Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук у каментары "Радыё Свабодзе" вітала рашэнне Працоўнай групы і заклікала міжнародную супольнасць прыняць далейшыя меры, каб забяспечыць вызваленне Алеся Бяляцкага і іншых беларускіх палітвязняў.

"Алесь застаецца несправядліва зняволеным у Беларусі, удалечыні ад сямʼі, пазбаўлены неабходных лекаў, і штодня жыве ў нечалавечых умовах. Я вітаю рашэнне Працоўнай групы і заклікаю міжнародную супольнасць прыняць далейшыя захады для забеспячэння яго вызвалення і вызвалення іншых палітычных зняволеных у Беларусі. Алесь так шмат працаваў на працягу ўсяго жыцьця, змагаючыся за дэмакратыю і правы чалавека.

Я заклікаю міжнародную супольнасць выкарыстаць гэтае рашэнне, каб змагацца за вяртанне Алеся да жыцця, сям’і і працы. Ад гэтага залежыць будучыня Беларусі".

"Яго затрыманне несправядлівае, незаконнае і жорсткае"

Міжнародны адвакат Алеся Бяляцкага Джарэд Генсэр таксама вітаў рашэнне Працоўнай групы і запатрабаваў "безумоўнага і неадкладнага вызвалення Алеся, а таксама ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі".

"Алесь быў адкрытым абаронцам і змагаром за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі і за яе межамі. Яго затрыманне несправядлівае, незаконнае і жорсткае", — падкрэсліў ён.


Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях — незалежны і бесстароньні орган, які складаецца з пяці чальцоў, прызначаных Радай ААН па правах чалавека. Яна мае паўнамоцтвы расследаваць і даваць юрыдычныя заключэнні па меркаваных выпадках адвольнага пазбаўлення волі. Справа Бяляцкага ўваходзіць у серыю справаў, якія Працоўная група разглядала ў сувязі з недэмакратычнымі прэзідэнцкімі выбарамі 2020 году ў Беларусі і наступнай маштабнай хваляў арыштаў і затрыманняў праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі.

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў і "Вясна" запатрабавалі вызвалення калег

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (FIDH-OMCT) і Праваабарончы цэнтр "Вясна" выступілі з сумеснай заявай у трэцюю гадавіну затрымання вясноўцаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства