Выдавец газеты “Вольны горад” накіраваў скаргі ў Магілёўскі абласны суд
Выдавец газеты “Вольны горад” Уладзімір Кудраўцаў 1 лістапада накіраваў дзве скаргі на адрас Магілёўскага абласнога суда.
У надзорнай скарзе на рашэнне суда Крычаўскага раёна ад 17 чэрвеня 2013 года па пазову КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” аб абароне дзелавой рэпутацыі на імя старшыні Магілёўскага абласнога суда Уладзімір Кудраўцаў просіць:
- Вынесці пратэст на прадмет адмены рашэння суда Крычаўскага раёна ад 17 чэрвеня 2013 года і спыніць вытворчасць па справе;
- Спагнаць з пазоўніка на яго карысць выплачаную ім дзяржпошліну ў памеры 150000 рублёў;
- Вынесці прыватнае вызначэнне на адрас былога суддзі суда Крычаўскага раёна А. Курыліна, які зараз працуе старшынёй суда Слаўгарадскага раёна, і суддзяў па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда Домніч Т. Т., Маймусавай І. Д., Раманава А. П. за недастатковы прафесіяналізм;
- Паведаміць месца, дату і час разгляду яго надзорнай скаргі.
У касацыйнай скарзе ў судзебную калегію па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда на рашэнне суда Крычаўскага раёна ад 22 кастрычніка 2013 года па пазову КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” аб абароне дзелавой рэпутацыі выдавец газеты “Вольны горад” звяртаецца з просьбай:
- Адмяніць рашэнне суда Крычаўскага раёна ад 22 кастрычніка 2013 года і спыніць вытворчасць па справе;
- Спагнаць з пазоўніка на яго карысць 150000 рублёў выплачанай ім дзяржпошліны;
- Вынесці прыватнае вызначэнне на адрас суддзі суда Крычаўскага раёна Качанавай А. В. за недастатковы прафесіналізм.
Скаргі ў судовыя інстанцыі Уладзімір Кудраўцаў накіраваў пасля таго, як магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель азнаёміўся з адпаведнымі дакументамі і высветліў, што суддзі Крычаўскага раённага суда і Магілёўскага абласнога суда не мелі права разглядаць пазовы з боку КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” да незалежнай газеты “Вольны горад” аб абароне дзелавой рэпутацыі, дзе адказчыкам выступаў яе заснавальнік Уладзімір Кудраўцаў.
Барыс Бухель адзначыў, што спрэчкі паміж юрыдычнай асобай і фізічнай асобай, якія звязаныя з абаронай дзелавой рэпутацыі у сферы прадпрымальніцкай і іншай гаспадарчай (эканамічнай) дзейнасці мусіць разглядаць толькі гаспадарчы суд.
Па словах Барыса Бухеля, гэта прапісана ў артыкуле 47 Гаспадарча-працэсуальнага Кодэкса і ў пункце 6 Пастановы пленума Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь №16 ад 26 красавіка 2005 г.
Праваабаронца кажа, што суд Крычаўскага раёна наогул не меў права прымаць да разгляду пазовы з боку КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280”, а мусіў быў растлумачыць пазоўнікам, што з адпаведным пазовам яны павінны звяртацца ў гаспадарчы суд.
Уладзімір Кудраўцаў і журналісты “Вольнага горада” спадзяюцца, што, пасля разгляду скаргаў у Магілёўскім абласным судзе, суд спыніць вытворчасць па справах аб абароне дзелавой рэпутацыі па пазовах з боку КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” у сувязі з тым, што справы не падлягаюць разгляду ў судах з прычыны іх непадведамнасці.