viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Верасень 2013 года

2013 2013-10-10T17:24:00+0300 2013-12-16T17:27:46+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/agliad08.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У верасні не было зафіксавана станоўчай дынамікі ў сферы выканання правоў чалавека, сітуацыя заставалася стабільна кепскай, адбывалася далейшая кансервацыя негатыўных тэндэнцый, якія складаліся на працягу апошніх месяцаў.

Вызваленне з месцаў пазбаўлення волі палітвязня Аляксандра Францкевіча стала станоўчай падзеяй, але гэта адбылося не ў выніку канцэптуальных зменаў у падыходзе ўладаў да вырашэння праблемы палітычных зняволеных, а ў выніку сканчэння тэрміну пакарання, таму не можа разглядацца як пазітыўная прыкмета. Пасля вызваленння за А. Францкевічам быў устаноўлены прэвентыўны нагляд на 6 месяцаў, адпаведнае рашэнне пра што было прынята судом яшчэ падчас ягонага знаходжання ў калоніі. Гэта замацавала практыку кантролю за палітвязнямі і іх актыўнасцю пасля адбыцця пакарання. Дадзеная форма кантролю сур’ёзна абмяжоўвае правы былых палітычных зняволеных і стварае магчымасць прыцягнення іх да адказнасці, у тым ліку – крымінальнай, у выпадку парушэнняў вызначаных правілаў нагляду. Пра рэальнасць такой пагрозы сведчаць пакаранні ў выглядзе арыштаў былых палітычных зняволеных Васіля Парфянкова (6 месяцаў у 2012-2013 гг.) і Уладзіміра Яроменка (рашэнне пра арышт на 3 месяцы суд прыняў у жніўні 2013 года). Акрамя А. Францкевіча, прэвентыўны нагляд у верасні дзейнічаў у адносінах да яшчэ трох былых палітвязняў – Уладзіміра Яроменка (пастанова суда аб арышце пакуль не ўступіла ў сілу), Дзмітрыя Дашкевіча і Паўла Вінаградава.    

Да канца верасня ў месцах пазбаўлення і абмежавання волі працягвалі ўтрымлівацца 10 палітычных зняволеных: Алесь Бяляцкі, Мікалай Статкевіч, Мікалай Аўтуховіч, Эдуард Лобаў, Павел Севярынец, Мікалай Дзядок, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Ігар Аліневіч і Андрэй Гайдукоў. Адсутнасць палітычнай волі беларускіх уладаў на прынцыповае вырашэнне праблемы палітвязняў пакідала ўсё менш аптымізму на іх датэрміновае вызваленне. Ніякіх рэальных крокаў у гэтым накірунку не было прадэманстравана беларускім кіраўніцтвам ні сыходзячы з уласнага рашэння, ні з мэтай выканання патрабавання Еўрапейскага Саюзу, які па-ранейшаму вылучаў вызваленне палітвязняў як перадумову ўзнаўлення дыялогу з афіцыйным Мінскам.

Варта адзначыць, што ў верасні замацоўвалася тэндэнцыя апошніх месяцаў нарошчвання Еўрапейскім Саюзам кантактаў з беларускім бокам. Так , у сярэдзіне верасня міністр замежных спраў Уладзімір Макей прыняў удзел у сустрэчы кіраўнікоў МЗС краінаў «Усходняга партнёрства» , якая прайшла ў Ерэване ў рамках трэцяга раўнда нефармальных міністэрскіх дыялогаў. Вельмі актыўна таксама кантактавала з амбасадарамі еўрапейскіх краін і заходнімі калегамі намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына. Аднак і дадзеныя актыўныя крокі таксама не прынеслі станоўчых зрухаў.

Разуменне складанасці сітуацыі з правамі чалавека ў краіне было зафіксавана ў дакладзе, падрыхтаваным дакладчыкам Еўрапарламента па Беларусі Юстасам Палецкісам для Еўракамісіі, вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі, Рады ЕС і дзяржаў-членаў Еўрасаюза, які быў прэзентаваны 11 верасня ў Страсбургу. Ю.Палецкіс зазначыў, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае заставацца цяжкай. Еўракамісар па пытаннях пашырэння і добрасуседства Штэфан Фюле, які выступаў ад імя вярхоўнага прадстаўніка ЕС па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі, зазначыў, што выкладзеныя ў дакладзе рэкамендацыі «дапамогуць у вырашэнні пытання, як знайсці выйсце са складанай сітуацыі ў краіне-суседцы». Ён заявіў, што ЕС гатовы паўнавартасна супрацоўнічаць з Мінскам пры ўмове, што «ўсе палітычныя зняволеныя будуць вызвалены і рэабілітаваны, а Беларусь прадэманструе прагрэс у сферы захавання правоў чалавека». Ш.Фюле адзначыў таксама, што пасля прызначэння Уладзіміра Макея міністрам замежных спраў уладамі Беларусі быў зроблены шэраг захадаў для наладжвання адносінаў з ЕС.

Пра “паступовае наладжванне” двухбаковых адносінаў паміж Беларуссю і ЕС заявіў па вініках свайго візіту ў Мінск і кіраўнік дэпартамента Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Гунар Віганд. Еўрачыноўнік знаходзіўся з рабочым візітам у Беларусі 24—25 верасня. Ён назваў свой візіт часткай спроб Еўрасаюза "стаць бліжэй да Беларусі ў межах Усходняга партнёрства", саміт якога запланаваны на канец лістапада ў Вільнюсе: "Чакаем, што Беларусь будзе ўдзельнічаць у саміце і атрымае запрашэнне на яго ў такім жа фармаце, як і іншыя краіны-партнёры”. Г. Віганд зноў нагадаў, што” вызваленне і рэабілітацыя палітзняволеных па-ранейшаму застаюцца "неабходнай і абавязковай умовай для нармалізацыі адносін Еўрасаюза і Беларусі і рэалізацыі іх поўнага патэнцыялу".

Важным крокам да незаангажаванай ацэнкі сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі стаў даклад Спецыяльнага дакладчыка ААН Міклаша Харашці, падрыхтаваны да 68-ай сесіі Генеральнай асамблеі ААН і абнародаваны ў сярэдзіне верасня. У дакладзе Спецыяльны дакладчык надае асноўную ўвагу пытанню аб правах чалавека ў кантэксце выбарчых працэсаў у Беларусі. Ён разглядае характэрныя віды парушэнняў правоў чалавека мэтанакіраванага і сістэмнага характару, у выніку чаго Беларусь з'яўляецца адзінай краінай у Еўропе, у якой на працягу апошняга дзесяцігоддзя ў парламент не было абрана ні аднаго апазіцыянера. Спецыяльны дакладчык прадставіў рэкамендацыі для паляпшэння становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі ў адпаведнасці з яе міжнароднымі абавязацельствамі.

 

Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў

3 верасня пасля адбыцця трохгадовага тэрміну пазбаўлення волі з Івацэвіцкай калоніі быў вызвалены палітвязень Аляксандар Францкевіч. Ён распавёў, што ўвесь час адчуваў ціск, а апошнія пяць месяцаў правёў у памяшканні камернага тыпу. А. Францкевіч адзначыў, што ў калоніі вельмі дрэннае харчаванне -- пражыць можна толькі з таго, што дасылаюць сваякі, а з гародніны, якую давалі ў турме, была толькі морква. Аляксандар накіраваўся ў Наваполацк, дзе яму прызначылі прэвентыўны нагляд на паўгода, але не выключыў пераезду ў Мінск, каб мець магчымасць аднавіцца ў кампутарнай фірме, дзе працаваў да арышту.

3 верасня экспертная камісія, на разгляд якой Ашмянская мытня накіравала зборнік літаратуразнаўчых эсэ і нарысаў Алеся Бяляцкага “Асьвечаныя Беларушчынай”, што выйшаў у свет за час зняволення аўтара, прыйшла да высновы, што кніга “можа нанесці ўрон іміджу Рэспублікі Беларусь”. 40 асобнікаў выдання былі канфіскаваныя ў праваабаронцы Таццяны Рэвяка на беларуска-літоўскай мяжы ў пункце пропуску “Каменны Лог” 3 ліпеня бягучага года. Экспертызу праводзілі дацэнт кафедры гісторыі Беларусі Гродненскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы Уладзімір Ягорычаў і загадчык кафедры крымінальнага права і крыміналогіі юрыдычнага факультэта гэтага ж універсітэта Вадзім Хілюта. З даведкі экспертнай камісіі вынікае, што “эксперты” ў кнізе Алеся Бяляцкага шукалі “экстрэмізм”. 25 верасня зняволены кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі адзначыў сваё 51-годдзе. Гэта ўжо трэці Дзень нараджэння, які праваабаронца сустрэў у месцах пазбаўлення волі. 30 верасня Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прыняла рашэнне аб уганараванні Алеся Бяляцкага прэміяй імя Вацлава Гавела ў галіне правоў чалавека. Старшыня ПАСЕ Жан-Клод Міньён павіншаваў з узнагародай жонку праваабаронцы Наталлю Пінчук, якая прысутнічала на цырымоніі.

4 верасня стала вядома, што палітвязень Яўген Васьковіч, асуджаны на 7 гадоў пазбаўлення волі нібыта за спробу падпалу дзвярэй бабруйскага КДБ, у турме пазбаўлены газет. Пра гэта з ліста ўнука даведалася яго бабуля Тамара Уладзіміраўна, якая не атрымлівала ніякіх звестак амаль паўтары месяцы.

5 верасня Валянціна Аліневіч, маці палітвязня Ігара Аліневіча, паведаміла, што ад сына два тыдні няма званкоў і лістоў, а пасылкі з літаратурай забароненыя – дазволена толькі падпіска на друкаваныя выданні. Такія правілы ўведзены новым начальнікам Наваполацкай калоніі №10, дзе палітвязень адбывае пакаранне. 24 верасня Ігар Аліневіч сустрэў у зняволенні сваё 30-годдзе. У гэты дзень да яго прыехаў адвакат, адразу пасля сустрэчы з якім да Аліневіча прыйшоў дзяжурны і сказаў, што за тое, што Ігар не выйшаў на працу ў гэты дзень, яго караюць карцэрам. Асаблівасць сітуацыі ў тым, што Аліневіч быў прыняты ў прафесійна-тэхнічнае вучылішча, а такія зняволеныя вызваляюцца ад працы. Пасля карцэра І.Аліневіча выключылі з вучылішча без тлумачэння прычын.

9 верасня Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча паведаміла пра працяг ціску на палітвязня з мэтай атрымання прашэння аб памілаванні. У сваім лісце М. Статкевіч напісаў, што 21 жніўня пад час ранішняга абыходу адзін з начальнікаў аддзелаў Магілёўскай турмы заявіў яму, што "хопіць гуляць у казакі-разбойнікі, пара прымаць рашэнне", бо хопіць сядзець. М. Статкевіч адказаў яму, што мужчынскае рашэнне ён ужо даўно прыняў. У пачатку верасня М. Статкевіча па ініцыятыве адміністрацыі турмы выклікалі ў медсанчастку, але палітвязень выказаў недавер работнікам турэмнай медыцыны і адмовіўся адказваць на пытанні, датычныя ягонага здароўя. Адмова была звязана з тым, што пасля таго, як раней яму была аказаная меддапамога, стан ягонага здароўя значна пагоршыўся.

11 верасня Шчучынская раённая міліцыя прыняла пастанову аб спыненні крымінальнай справы супраць верніка-дабрачынца Аляксея Шчадрова паводле артыкулу 193.1 Крымінальнага кодэксу (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). На рукі дакумент А. Шчадроў атрымаў 24 верасня. Крымінальная справа спынена са спасылкай на п. 11 ч. 1 арт. 29 КПК - па узбуджанай справе вытворчасць падлягае спыненню пры наяўнасці падстаў для вызвалення ад крымінальнай адказнасці, прадугледжаных артыкуламі Асаблівай часткі Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Заўвага да 193-1 КК абвяшчае, што асоба, якая добраахвотна спыніла дзеянні, прадугледжаныя гэтым артыкулам, i заявiла аб гэтым дзяржаўным органам, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці, калі ў яго дзеяннях не ўтрымліваецца складу іншага злачынства. Аляксей Шчадроў за апошнія месяцы з дапамогай праваабарончых арганізацый зарэгістраваў прыватную сацыяльную ўстанову “Павер у сябе”, і рашэнне аб спыненні справы прынята з улікам рэгістрацыі ўстановы.

 17 верасня Марына Лобава, маці палітвязня Эдуарда Лобава, паведаміла, што яе сын паступіў у ПТВ пры Івацэвіцкай калоніі № 22, дзе адбывае пакаранне. Цяпер ён вучыцца на электразваршчыка, кожны дзень, акрамя выхадных у яго заняткі. Э. Лобаў будзе вучыцца 10 месяцаў, як у звычайным ПТВ, пасля гэтага атрымае дыплом, у якім не будзе пазначана, што ён атрыманы ў калоніі.  М. Лобавай гэта стала вядома з тэлефанавання сына.

 19 верасня стала вядома аб тым, што Мікалай Аўтуховіч, які адбывае пакаранне ў турме № 1 г. Гродна, нанёс сабе лязом пашкоджанні жывата. Прычынай стала здзеклівае стаўленне адміністрацыі да асуджанага. Два гады запар Мікалаю Аўтуховічу выносяць незаконныя спагнанні менавіта ў той момант, калі павінны быць пагашаны ўсе раней накладзеныя на яго пакаранні. На гэты раз Мікалаю Аўтуховічу 4 верасня паведамілі, што турэмным кантралёрам 27 жніўня на яго быў складзены рапарт за парушэнне правілаў унутранага распарадку папраўчай установы. Прычынай для складання рапарту паслужыла тое, што нібыта 26 жніўня ён пасля адбою не знаходзіўся на сваім спальным месцы, пры тым, што палітвязень прынцыпова выконвае рэжым. Праз месяц у дачыненні да яго павінны былі быць пагашаны ўсе спагнанні, але адміністрацыя турмы імкнецца трымаць Мікалая Аўтуховіча ў статусе «злоснага парушальніка рэжыму ўтрымання». Стала вядома таксама, што М. Аўтуховіч адбыў 2 сутак у ШЫЗА па невядомых прычнах. 26 верасня адвакат М. Аўтуховіча пасля наведвання свайго падабароннага паведаміла, што стан здароўя яго палепшыўся, і ён пераведзены ў камеру. Палітвязень абскардзіў вынесенае спагнанне пракурору Гродзенскай вобласці, аднак 24 верасня адміністрацыя папраўчай установы абвясціла яму адказ  пракуратуры, у якім паведамлялася, што ягоная скарга перанакіравана ў Дэпартамент выканання пакаранняў. Пададзеная дадатковая скарга пракурору Гродзенскай вобласці.

 23 верасня ў судзе Ленінскага раёна Гродна адбыўся разгляд справы журналіста Андрэя Пачобута, які ў ліпені 2011 года быў асуджаны за «паклёп на прэзідэнта» на 3 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады. Суд прыняў рашэнне вызваліць журналіста ад адбыцця пакарання ў сувязі з тым, што ён не парушыў заканадаўства. Працэс закрыцця крымінальнай справы аформіў суддзя Юрый Казакевіч.

25 верасня стала вядома, што палітычнага вязня Арцёма Пракапенку пазбавілі доўгатэрміновага спаткання з бацькамі. Яно было запланавана на снежань. Прычыну адмовы ў сустрэчы з роднымі не дазваляюць паведамляць. Пра гэта палітвязень расказаў сваёй маці Віялеце Пракапенка ў час тэлефоннай размовы.

 

Ужыванне прымусовай псіхіятрыі

 12 верасня Віцебскі абласны суд разгледзеў касацыйную скаргу на рашэнне суддзі Віцебскага райсуду Тацяны Дзегцяровай, якая санкцыянавала для урача-псіхіятра абласнога псіхіятрычнага шпіталю Ігара Пастнова прымусовае псіхіятрычнае лячэнне. У жніўні Ігар Пастноў, які жорстка крытыкаваў недахопы ў віцебскай сістэме аховы здароўя, быў змешчаны ў закрытае аддзяленне гэтай самай установы “са згоды пракурора” проста ў працоўны час. Разгляд касацыйнай скаргі прайшоў у адсутнасць самога І. Пастнова ў закрытым рэжыме: на яго не дапусцілі ні журналістаў, ні праваабаронцаў, ні давераную асобу Ігара Пастнова, ні ягонага адваката. Разгляд быў прызначаны тэрмінова: за дзень да працэсу ў абласным судзе казалі, што матэрыялаў справы ў іх няма, а пасля 16-ці суд быў прызначаны на раніцу наступнага дня. Рашэнне Віцебскага райсуду касацыйная судовая інстанцыя пакінула без зменаў. 20 верасня Ігара Пастнова перавялі з псіхіятрычнага шпіталя ў дзённы стацыянар. Ён паведаміў, што яму пастаўлены  дыягназ “разладжанне асобы па параноідным тыпе” і выказаў занепакоенасць тым, што любыя самастойныя захады  па абароне сваіх правоў будуць трактавацца як абвастрэнне хваробы. Таму ён аформіў даверанасць на праваабаронцу Пятра Іванова, каб той прадстаўляў ягоныя інтарэсы і займаўся ягонай справай.


Смяротнае пакаранне

17 верасня ў Вярхоўным судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі асуджанага да смяротнага пакарання 23-гадовага Паўла Селюна. Рашэнне аб прымяненні выключнай меры пакарання ў адносінах да П. Селюна ў чэрвені вынес Гродненскі абласны суд, прызнаўшы яго вінаватым па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь: арт.139 ч.2 пункты 1 і 6 (забойства дзвюх асоб, учыненае з асаблівай жорсткасцю ); арт.205 ч.1 (крадзёж); арт. 347 ч.1 (здзек над трупамі) , ст.378 (крадзёж асабістых дакументаў ). Касацыйную скаргу разглядала судовая калегія Вярхоўнага суда пад старшынствам намесніка старшыні Вярхоўнага суда Валерыя Калінковіча. Вызначэнне - пакінуць прысуд у сіле. Маці асуджанага яшчэ напярэдадні разгляду касацыі звярнулася да Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта з просьбай звярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі, каб яе сына памілавалі і адмянілі смяротнае пакаранне ў дачыненні да яго. 

 

Прымяненне катаванняў і іншых відаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання

 5 верасня жыхарка Светлагорска Валянціна Акуліч атрымала з Светлагорскага раённага аддзела Следчага камітэта чарговую пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце смерці яе сына Аляксандра Акуліча ў ІЧУ Светлагорскага РАУС у траўні мінулага года. Папярэднюю пастанову жанчына абскардзіла і ў ліпені бягучага года накіравала падрыхтаваную скаргу аб нязгодзе з вынесенай пастановай у раённую пракуратуру і раённы аддзел СК. У сувязі з гэтай скаргай 1 жніўня начальнік Светлагорскага РАСК Аляксандр Прыкалоцін адмяніў пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ад 9 чэрвеня 2013 года, была адноўлена даследчая праверка. Таксама па хадайніцтве Валянціны Акуліч была прызначаная дадатковая судова-медыцынская экспертыза. 27 верасня Валянціна Акуліч атрымала вынікі дадатковай судова-медыцынскай экспертызы, аднак пытанне аб тым, ці мелася прамая прычынна-выніковая сувязь паміж смерцю яе сына у ізалятары часовага ўтрымання і несвоечасова аказанай медыцынскай дапамогай, засталося без адказу. Паколькі супрацоўнікі следства неабгрунтавана абыходзілі пытанне аб своечасовасці аказання дзяжурнымі па ІЧУ Бачко А.А. і Сцешанковым Р.В. меддапамогі затрыманаму, які знаходзіцца ў хваравітым стане, маці памерлага не магла змірыцца з адмовай ва ўзбуджэнні крымінальнай справы і прасіла паставіць перад дадатковай экспертызай канкрэтныя пытанні. Але канкрэтных адказаў на гэтыя пытанні ёй атрымаць не ўдалося. У сувязі з заключэннем гэтых экспертаў жанчына выкладае свае патрабаванні пракурору: «Такім чынам, я настойваю на допыце экспертаў з мэтай атрымання тлумачэння дадзенага імі заключэння з улікам маіх меркаванняў. Мяне па-ранейшаму цікавіць пытанне аб тым, калі трэба было пачынаць лячэнне майго сына - пры праяве прыкмет захворвання або пасля таго, як супрацоўнікі ІЧУ збілі яго і «ўкрыжавалі» на кратах з дапамогай наручнікаў, якімі сродкамі - збіццём гумовай палкай ці медыкаментозна, а таксама аб тым, ці магла своечасова аказаная ў рамках пратакола дыягностыкі і лячэння медыцынская дапамога змяніць хаду хваробы». Таксама маці памерлага паўтарыла пракурору выкладзенае ў папярэдняй скарзе на адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

17 верасня Андрэй Бандарэнка, кіраўнік праваабарончай установы «Платформ інавейшн», якая займаецца захаваннем правоў чалавека ў пенітэнцыярных установах, паведаміў, што смерць Ігара Пцічкіна, які памёр 4 жніўня ў СІЗА №1 г. Мінска, магла наступіць у выніку збіцця так званым рэзервам — дзяжурнай групай для задушэння беспарадкаў. І. Пцічкін адчуў сябе кепска і доўгі час спрабаваў выклікаць доктара, аднак яму адмаўлялі. Яго падтрымалі сукамернікі, і ў асобна ўзятай камеры адбыўся міні-бунт. Быў выкліканы нарад, Ігара вывелі з камеры і працягвалі збіваць ужо ў калідоры. 27 верасня стала вядома, што супраць фельчара СІЗА № 1, які дзяжурыў у ноч смерці Ігара Пцічкіна, распачата крымінальная справа паводле часткі 2 артыкула 162 КК (неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медработнікам, што пацягнула за сабой па неасцярожнасці смерць пацыента. Праверку па факце смерці Ігара Пцічкіна праводзіць раённы аддзел Следчага камітэту Маскоўскага раёна Мінска, тэрмін правядзення праверкі падоўжаны да 4 лістапада. Сваякам дагэтуль афіцыйна не паведамілі прычыну смерці Ігара.

 

Пераслед праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі

14 верасня ў 8.30 на памежным пункце Цяруха пры вяртанні з Украіны была знята з цягніка для правядзення асабістага дагляду сябра Беларускага Хельсінкскага камітэту, актывістка ЛГБТ-руху Наталля Манькоўская.

Загад на дагляд дадзены кіраўніком змены мытнікаў капітанам Міхаілам Войнікам. Разам з Наталляй, каб адслчваць сітуацыю вакол калегі, выйшаў з цягніка Міша Мацкевіч з Цэнтру прававых трансфармацый. Пасля 3-гадзінных працэдур дагляду рэчаў і асабістага дагляду, складання адпаведных дакументаў Н. Манькоўская была вызвалена. Ніякіх рэчаў не вымалася. Прычыну правядзення даглядаў праваабаронцы не паведамілі.

14 верасня ў Мінску падчас спробы правядзення акцыі памяці загінулага ў СІЗА №1 Ігара Пцічкіна, якую планавалі правесці ягоныя родныя і сябры, быў затрыманы Андрэй Бандарэнка, кіраўнік праваабарончага установы "Платформы инновейшн". Ён быў дастаўлены ў РУУС Маскоўскага раёна, адкуль быў выпушчаны толькі позна ўвечары.

18 верасня ў судзе Савецкага раёна Мінска павінен быў адбыцца паўторны разгляд адміністрацыйнай справы сябра Рады Праваабарончага цэнтра “Вясна” Уладзіміра Лабковіча, абвінавачанага ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння па арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства) за раздачу паштовак пра зняволенага праваабаронцу Алеся Бяляцкага 5 жніўня. 6 жніўня суддзя Дз. Паўлючэнка прызнаў У. Лабковіча вінаватым і прыняў рашэнні аб накладанні на яго штрафу ў памеры 30 базавых велічынь. Гэтае рашэнне было адменена Мінскім гарадскім судом, справа была накіравана ў суд Савецкага раёна на перагляд іншаму суддзі. На гэты раз разгляд справы быў даручаны намесніку старшыні суда Эдуарду Якубоўскаму. На паседжанне не з'явіўся супрацоўнік міліцыі Смаляк, які ажыццяўляў затрыманне праваабароцаў, разгляд перанесены на 30 верасня. У гэты дзень сведка на судовы працэс не з'явіўся зноў, справа была перанесена на 7 кастрычніка.

27 верасня ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» ад імя праваабаронцы Паўла Левінава былі распаўсюджаны абразлівыя матэрыялы супраць вядомых у Віцебску актывістаў грамадзянскай супольнасці. Павел Левінаў сцьвярджае, што не мае ніякага дачынення да старонкі ў «Укантакце», створанай ад яго імя, і лічыць гэта правакацыяй. На старонцы праваабаронцы па адрасе vk.com/id164498091 можна было пабачыць відэа, на якім ён нібыта ладзіць адзіночны пікет з патрабаваннем «Свабоду папугаям!». Відэа з'явілася неўзабаве пасля таго, як споўнілася 2 гады з моманту заключэння пад варту праваабаронцы Алеся Бяляцкага, і лозунг «Свабоду палітвязням!» на фотаздымку П. Левінава быў заменены на «Свабоду папугаям!». Затым з’явіўся зняважлівы нарыс супраць кіраўніцы кампаніі «Наш дом» Вольгі Карач, якая напярэдадні заявіла пра магчымы ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах. Згаданыя матэрыялы былі выдалены са старонкі “Укантакце”, але ўсё яшчэ захоўваюцца ў кэшы пошукавых сістэм.

 

Актывізацыя ціску спецслужб на грамадска і палітычна актыўных грамадзян

4 верасня журналістку Ірыну Халіп, жонку лідэра грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава, разам з сынам затрымалі ў аэрапорце «Мінск-2». Служба бяспекі аэрапорта не прапусціла яе на пасадку, забраўшы дакументы. Супрацоўнікі службы бяспекі заявілі Ірыне Халіп, што выезд з краіны неабходна ўзгадніць з Камітэтам дзяржбяспекі, паколькі яна знаходзіцца ў абмежавальных спісах гэтага ведамства. Паўгадзіны Ірына з сынам чакалі, пакуль яе выезд з краіны ўзгодняць з КДБ. Затым іх усё ж прапусцілі на пасадку.

 

Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні

2 верасня ў судзе Першамайскага раёна г. Мінска адбыўся суд над прадпрыймальнікам Іллёй Дабратворам па абвінавачанні ў дробным хуліганстве (арт. 17.1 КаАП РБ). 30 жніўня каля 20 гадзін вечара ён праехаў у метро з разгорнутым бел-чырвона-белым сцягам у гонар вызвалення з турмы лідара «Маладога Фронту» Дзмітрыя Дашкевіча. На станцыі метро «Уручча» Іллю Дабратвора затрымалі супрацоўнікі міліцыі. У той жа дзень яго адвезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Суддзя Сяргей  Бандарэнка прызнаў Іллю Дабратвора вінаватым і прыняў рашэнне аб арышце яго на 5 сутак.

4 верасня актывіст нацыянал-бальшавіцкага руху Дзяніс Сахар быў прызнаны вінаватым у непадпарадкаванні законным патрабаванням службовай асобы (арт 23.4 КаАП РБ) і пакараны штрафам у 40 базавых велічынь. Справа разглядалася ў судзе Мінскага раёна, суддзя - Андрэй Бяліла. Абвінавачанне датычыла падзеяў 10 жніўня, калі Дзяніс Сахар з паплечнікамі быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі падчас правядзення нацболамі спартыўна-палявых збораў ў раёне Воўкавічскага вадасховішча ў Мінскім раёне. Разгляд справы Дзяніса Сахара двойчы пераносіўся з-за таго, што сведкі своечасова не з'яўляліся ў суд.

9 верасня суд Кастрычніцкага раёну Віцебску аштрафаваў сябра партыі "Справядлівы свет" Андрэя Андрэева на 20 базавых велічынь за  распаўсюд улётак пра "Народны рэферэндум". Рашэнне вынесла суддзя Алена Протас паводле артыкулу 22.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі). У жніўні А. Андрэева затрымалі падчас распаўсюду ўлётак у шматкватэрным доме.

14 верасня сваякі і сябры загінулага пры невысветленых абставінах у СІЗА №1 Ігара Пцічкіна былі затрыманыя пры спробе зладзіць хвіліну маўчання каля сценаў турмы. 13 удзельнікаў акцыі былі затрыманы каля следчага ізалятара і дастаўлены ў РУУС Маскоўскага раёна, пяцёра — на вуліцы Няміга, дастаўлены ў РУУС Цэнтральнага раёна. Міліцыя таксама затрымала карэспандэнтаў «Радыё Свабода» і газеты «Наша Ніва». Журналістаў адпусцілі прыкладна праз 3 гадзіны. На Аляксандра Гаўрыша, Сяргея Яўменава, Ігара Кавалёва, Віктара Катляніка і цяжарную сястру Ігара Пцічкіна Ірыну Мірановіч у РУУС Цэнтральнага раёна былі складзены пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння па абвінавачванні ў правядзенні масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КаАПП РБ), усё затрыманыя, акрамя І. Мірановіч, да суда былі дастаўленыя ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Адносна 12 удзельнікаў акцыі, дастаўленых у РУУС Маскоўскага раёну, таксама былі складзены пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння, але яны былі вызвалены без уручэння позваў у суд. З РУУС Маскоўскага раёна ў ЦІП быў дастаўлены толькі Аляксей Круглік у сувязі са знойдзенай у ягонай машыне паляўнічай зброяй, 16 верасня ён быў аштрафаваны на 5 базавых велічынь па абвінавачанні ў парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, адміністрацыйны пратакол аб правапарушэнні, звязаным з захоўваннем паляўнічай зброі, разглядаўся асобна. 16 верасня ў судзе Цэнтральнага раёна адбыліся суды над удзельнікамі акцыі, дастаўленымі з ЦІП. Ігар Кавалёў (суддзя Вікторыя Шабуня), Віктар Катлянік (суддзя Вікторыя Шабуня) і Аляксандр Гаўрыш (суддзя Наталля Вайцяховіч) былі аштрафаваныя на пяць базавых велічыняў, Сяргей Яўменаў (суддзя Наталля Вайцяховіч) - на шэсць базавых велічынь, Ірыне Міронавіч вынесена папярэджанне (суддзя Леанід Ясяновіч).

На 16 верасня былыя палітвязні Уладзімір Яроменак і Васіль Парфянкоў былі выкліканы ў РУУС Першамайскага раёна Мінска, дзе ім паведамілі, што 13 верасня суддзя суда Першамайскага раёна Юры Гарбатоўскі пакараў іх завочна арыштамі тэрмінам на пяць сутак па абвінавачванні ў парушэнні ўмоваў прэвентыўнага нагляду (арт. 24.12 КаАП РБ). Уладзімір Яроменак і Васіль Парфянкоў былі накіраваны з РУУС адбываць пакаранне ў Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў. Абодва былыя палітвязні знаходзяцца пад крымінальным пераследам за тыя ж учынкі. Уладзімір Яроменак 20 жніўня судом Першамайскага раёна быў асуджаны на тры месяцы арышту, Васіль Парфянкоў чакаў накіравання сваёй крымінальнай справы ў суд. 21 верасня Васіль Парфянкоў быў дастаўлены з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў у РУУС Першамайскага раёна, адкуль накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый у Светлагорску №1 на 12 месяцаў. Пастанова аб накіраванні Васіля Парфянкова ў ЛПП было прынята судом Першамайскага раёна Мінска яшчэ 4 верасня, грамадзянскую справу разглядаў суддзя Сяргей Бандарэнка. Паколькі рашэнне суда не было абскарджана ў Мінскі гарадскі суд, яно ўступіла ў сілу 17 верасня. Практыку прымусовай ізаляцыі грамадзянаў у ЛПП па-за межамі крымінальнага пераследу праваабаронцы разглядаюць як парушэнне правоў чалавека.

17 верасня грамадскі актывіст Мікалай Чарнавус быў выкліканы ў Баранавіцкую міжраённую пракуратуру, дзе атрымаў афіцыйнае папярэджанне. У лісце, які падпісаў Баранавіцкі міжраённы пракурор Більдзейка А.А., паведамлялася, што М. Чарнавус прызнаны арганізатарам несанкцыянаваных мітынгаў баранавіцкіх прадпрымальнікаў 27 чэрвеня на тэрыторыі мясцовога кааператыўнага рынку і перад уваходам у будынак гарвыканкама. Таксама ў афіцыйным папярэджанні ўказвалася, што М. Чарнавус выконваў функцыі арганізатара масавага мерапрыемства 1 ліпеня перад уваходам ў будынак Міністэрства па налогах і зборах РБ. Пракуратура нагадала Мікалаю Чарнавусу, як трэба выконваць закон “Аб масавых мерапрыемствах” і афіцыйна папярэдзіла аб недапушчэнні дзеянняў, парушаючых нормы закона. У выпадку далейшага парушэння парадку арганізацыі і правядзенні масавых мерапрыемстваў, папярэджвае пракуратура, грамадскі актывіст можа быць прыцягнуты да ўстаноўленай законам адказнасці.

22 верасня па дарозе з Гомеля ў Мінск (прыкладна ў 20 км ад Рэчыцы) быў затрыманы прыватны мікрааўтобус “Фіат” з 8 дэлегатамі ўстаноучай канферэнцыі па стварэнні каалiцыi "За сумленныя, справядлiвыя выбары для лепшага жыцця", дзевяты затрыманы – кіроўца. Мікрааўтобус быў спынены супрацоўнікамі Рэчыцкага ДАІ пад кіраўніцтвам маёра Ігара Лапаціна і капітана Васільчука на падставе таго, што транспартны сродак вельмі падобны на той, на якім 17 верасня было здзейснена ДТП, у якім пацярпела жанчына. Быў праведзены агляд мікрааўтобуса, у выніку якога высветлілася, што пад капотам таблічка прымацавана рознымі заклёпкамі. На падставе гэтых двух названых прычын мікраааўтобус разам з пасажырамі быў дастаўлены ў Рэчыцкі райаддзел міліцыі. Кіроўца выкліканы для разбіральніцтва ў РУУС, пасажыры засталіся чакаць яго і вынікаў разбіральніцтва ў мікраааўтобусе. Па невядомых падставах у кіроўцы запатрабавалі зрабіць адбіткі пальцаў і зняцца на відэа. Дактыласкапічныя дадзеныя былі знойдзены ў базе міліцыі, а здымацца на відэа без удакладнення статуса кіроўца адмовіўся. Супрацоўнікі ДАІ паведамілі затрыманым дэлегатам, што іх цікавіць толькі кіроўца, а самі яны могуць быць вольнымі. Праз 2 гадзіны кіроўца быў адпушчаны, супрацоўнікі ДАІ сказалі, што выклічуць яго асобна позвай, каб высветліць сітуацыю з біркай пад капотам. Пасля вызвалення кіроўцы ўсе накіраваліся ў Гомель, паколькі ехаць у Мінск на ўстаноўчы сход аказалася ўжо позна і нямэтазгодна. У гэты ж дзень былі затрыманы 2 дэлегаты ўстаноўчай канферэнцыі з Барысава -- Леў Марголін і Алег Лыско.

27 верасня ў Мінску быў затрыманы Павел Вінаградаў лідар «Zмены» - моладзевага крыла грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!». Ён вяртаўся з акцыі, якую актывісты «Zмены» правялі на плошчы Якуба Коласа. Удзельнікі акцыі расставілі на лаўках свіныя галовы з плакатамі, што заклікалі вызваліць палітвязняў, падняць заробкі ўрачоў, не ўводзіць выязную пошліну і інш. П.Вінаградава даставілі спачатку ў РУУС Маскоўскага раёну (па месцы жыхарства), а затым перавезлі ў РУУС Савецкага раёна, на тэрыторыі якога праводзілася акцыя. У гэты ж дзень Павел Вінаградаў быў асуджаны судом Савецкага раёна сталіцы на 15 сутак арышту па артыкуле 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання).  Рашэнне вынес суддзя Кірыл Палулех.

28 верасня былі затрыманыя чатыры ўдзельнікі фэстывалю бегу «Кубак выкліку», які прайшоў у Мінску па ініцыятыве беларускіх спартовак Аліны Талай і Аляксандры Герасімені. Прычынай затрымання сталі майкі, у якіх каманда інтэрнэт-праекту Serabranka хацела ўзяць удзел у забегу, і на якіх быў змешчаны партрэт палітзняволенага Мікалая Статкевіча, а таксама надпіс «Серабранка — за спорт, Беларусь і Статкевіча». Затрыманыя Кірыл Жываловіч, Яўген Напорка, Максім Дубоўскі і Андрэй Вісловіч былі дастаўлены ў Цэнтральнага раёна, дзе іх пратрымалі каля пяці гадзін. У дачыненні да затрыманых былі складзеныя пратаколы па ч. 1 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў). Трое затрыманых, акрамя К. Жываловіча, былі накіраваны ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў да суда. 30 верасня ў судзе Цэнтральнага раёна адбыўся разгляд адміністрацыйных справаў журналістаў і тэхнічных супрацоўнікаў інтэрнэт-праекту. Суддзя Вікторыя Шабуня вынесла Кірылу Жываловічу пакаранне ў выглядзе штрафу памерам 20 базавых велічынь; такімі ж штрафамі былі пакараны Яўген Напорка (суддзя Наталля Вайцяховіч), Андрэй Вісловіч (суддзя Аляксандр Якунчыхін) і Максім Дубоўскі. Суды праходзілі фактычна ў закрытым рэжыме: ў залу не прапусцілі журналістаў і правабаронцаў.


Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў

2 верасня Баранавіцкі ГАУС адмовіўся прадставіць мясцовай газеце “Intex-press” статыстыку па правапарушэннях, здзейсненых у стане алкагольнага ап'янення, фактах самагонаварэння, нелегальнага продажу спіртнога і інш. Карэспандэнтка газеты “Intex-press” Таццяна Некрашэвіч рыхтавала артыкул пра абмежаванне гандлю алкаголем у начны час, якое ініцыявалі органы ўнутраных спраў. Спачатку журналістка звярнулася па дадзеныя ў групу інфармацыі і грамадскіх сувязяў Баранавіцкага ГАУС. Там інспектар Вольга Сакута абяцала падрыхтаваць інфармацыю, аднак на працягу тыдня давала карэспандэнту адзін адказ: “Завіс камп’ютар. Не можам выбраць дадзеныя”. 2 верасня Вольга Сакута заявіла, што газеце “Intex-press” кіраўніцтва ГАУС забараніла даваць інфармацыю. У той жа дзень журналістка па тэлефоне дамовілася пра гутарку па гэтай жа тэме з начальнікам аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Баранавіцкага ГАУС Эдуардам Суднікам. 3 верасня ў прызначаны час яна прыехала на сустрэчу, але пачула, што інфармацыі Суднік не дасць, бо яму “забаронена прадастаўляць інфармацыю дадзенаму выданню”. На пытанне, хто забараніў, Эдуард Суднік адказаў, што кіраўніцтва ГАУС, а кіраўніцтву прыйшло распараджэнне з Баранавіцкага гарвыканкама.

3 верасня незалежны журналіст Уладзімір Жыгулоў атрымаў афіцыйнае папярэджанне, падпісанае намеснікам пракурора Віцебскай вобласці Георгіем Каранько, пра недапушчальнасць працы без акрэдытацыі на замежны сродак масавай інфармацыі – газету "Витебский курьер", зарэгістраваную ў Смаленску. Пракурор Павел Зайцаў, да якога быў выкліканы незалежны журналіст, апеляваў да прэцэдэнту ў абласным псыхіятрычным шпіталі, куды Уладзімір Жыгулоў прыехаў па запрашэнні галоўнага лекара Алены Мартынавай, якая пагадзілася на інтэрв'ю пра працу гэтай установы і пра стан Ігара Пастнова, змешчанага сюды на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне. Аднак, ад  гутаркі з журналістам А.Мартынава адмовілася, спаслаўшыся на занятасць, а яе намеснік Ігар Свіркуноў размаўляць з журналістам не стаў увогуле. Ён заявіў, што газета "Витебский курьер", дзе падрабязна выкладаецца гісторыя  Ігара Пастнова, не зарэгістравана ў Беларусі. Пракуратура палічыла, што дастаткова факту сустрэчы Уладзіміра Жыгулова з Ігарам Свіркуновым для высноваў аб супрацоўніцтве журналіста з "Витебским курьером" і вынясення папярэджання.

4 верасня ў Бабруйску вядомы мясцовы блогер Алег Жалноў з сынам каля будынка мясцовага ДАІ знялі на відэа парушэнне правіл дарожнага руху – няправільную паркоўку машын, якія належалі супрацоўнікам аддзела наркакантролю, што і месціцца ў тым жа будынку. Блогер звярнуўся з вуснай заявай з гэтай нагоды да інспектара ДАІ Аляксандра Бутоўскага, які таксама заехаў у той час на тратуар. Інспектар заявіў, што яго працоўны дзень скончаны, і выклікаў па мабільным тэлефоне іншых работнікаў міліцыі. Супрацоўнікі ДАІ, што прыбылі на месца (Аляксандр Аляксандраў, Віталь Падута, Яўген Сераштан), спрабавалі забараніць відэаздымкі, а пасля затрымалі абодвух Жалновых, звінаваціўшы ў парушэнні п. 35 правілаў дарожнага руху (неабгрунтаванае стварэнне перашкодаў руху транспартнага сродку). З прымяненнем сілы абодвух зацягнулі ў будынак і павалілі на падлогу, надзеўшы кайданкі. Затым даставілі ў міліцыю, дзе правялі асабісты дагляд і забралі некаторыя рэчы: тэлефоны, відэакамеру, смартфон, банкаўскія карткі, пропуск на працу, пашпарты. Затрыманых адпусцілі праз тры гадзіны, пасля таго, як следчы ўзяў з іх тлумачэнні. Рэчы вярнулі вечарам наступнага дня, але відэакасету і карту памяці смартфона, дзе былі зафіксаваныя падзеі каля будынка ДАІ, так і не аддалі. У ДАІ блогеру пагражалі “пасадзіць” па крымінальнай справе – нібыта за непадпарадкаванне і нанясенне цялесных пашкоджанняў супрацоўніку міліцыі.

5 верасня следчы ўпраўлення Следчага камітэта па горадзе Мінску Андрэй Еўлаш надаў працэсуальны статус сведкі па крымінальнай справе журналістцы TUT.BY Кацярыне Сінюк і папярэдзіў аб магчымай адказнасці за разгалошванне інфармацыі. Размова ішла пра яе матэрыял пра былога кіраўніка міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання “У дапамогу дзецям-сіротам” Вячаслава Давыдовіча, затрыманага 29 жніўня па падазрэнні ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Пасля затрымання Давыдовіча Кацярына Сінюк афіцыйна звярнулася па інфармацыю ў праваахоўныя органы Беларусі. Пасля публікацыі матэрыялаў журналістцы пачалі паступаць патрабаванні не паведамляць нічога пра лёс Вячаслава Давыдовіча. Такое ж патрабаванне выставіў і следчы Андрэй Еўлаш. Ён абвесціў журналістцы рашэнне прыцягнуць яе да крымінальнай справы ў якасці сведкі. Журналістку папярэдзілі, што ў выпадку разгалошвання матэрыялаў крымінальнай справы яна можа быць пакараная штрафам альбо арыштам да шасці месяцаў. Сама Кацярына Сінюк лічыць, што такія дзеянні – спроба прымусіць яе не пісаць пра арышт Вячаслава Давыдовіча.

6 верасня, напярэдадні Міжнароднага дня салідарнасці журналістаў, старшыня ГА "БАЖ" Жанна Літвіна і намеснік старшыні Андрэй Бастунец агучылі вынікі даследавання Індэкса, згодна з якімі Беларусь з’яўляецца самай праблемнай краінай па свабодзе СМІ сярод краін Усходняга партнёрства. Найбольш спрыяльныя для СМІ ўмовы сёння існуюць у Грузіі, на другім месцы – Малдова, на трэцім – Арменія, на чацвертым – Украіна, на пятым – Азербайджан. Зводны Індэкс рыхтавала міжнародная грамадская арганізацыя “Internews-Украіна” пры падтрымцы Еўрасаюза ў межах праекта «Назіранне за свабодай слова ва Усходнім рэгіёне Еўрапейскай палітыкі суседства», які паўстаў з ініцыятывы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.

8 верасня ў гарадскім парку культуры і адпачынку Бабруйска прайшла «Сушка» – выстава фотааматараў і фатографаў-прафесіяналаў. Любы ўдзельнік выставы з дапамогай прышчэпак для бялізны мог прымацаваць свае працы на спецыяльныя вяроўкі, працягнутыя паміж дрэвамі. У абмен на свае фатаграфіі можна было забраць тыя здымкі, што найбольш спадабаліся. Напярэдадні выставы стала вядома, што мясцовыя ідэолагі паставілі яе арганізатарам умову: ніякіх фотаздымкаў апазіцыйнага характару. Гэтак жа, як парнаграфічных, а таксама тых, што прапагандуюць фашызм, нацызм, расізм, міжнацыянальную варожасць, гвалт. Пад «апазіцыйнымі» мясцовыя ўлады мелі на ўвазе ўсе фотаздымкі, публікацыі, якія, на іх думку, не ўпісваюцца ў афіцыйную ідэалагічную дактрыну, таму «апазіцыйным» можа быць названа, напрыклад, фота бамжа, дрэнных дарог або шыкоўнай машыны мясцовага «мэра». «Сушка» – гэта міжнародны выставачны праект абмену фатаграфіямі, які аб'ядноўвае больш за 90 гарадоў і 40 000 удзельнікаў у розных краінах.

9 верасня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” апублікавала вынікі апытання па праблеме доступу да інфармацыі пры працы журналістаў з дзяржаўнымі ведамствамі. Своеасаблівы “рэйтынг закрытасці” узначаліла Міністэрства аховы здароўя -- больш чым 46% журналістаў заявілі, што маюць праблемы пры звароце па інфармацыю ў дадзенае міністэрства. На другім месцы па рэйтынгу закрытасці Мінсельгасхарч (40%), на трэцім – Камітэт дзяржаўнай бяспекі (33%).

18 і 19 верасня ў судзе Крычаўскага раёна працягваўся разгляд чарговага пазова КУП “Чэрыкаўскага ПМК-280” да газеты “Вольны горад”. Суддзя Антаніна Качанава высвятляла абставіны таго, ці сапраўды журналісты газеты “Вольны горад” у артыкуле “З абвяржэннем пачакаем” дыскрэдытавалі кіраўніцтва прадпрыемства і падрывалі дзелавую рэпутацыю КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280”. Гэты артыкул быў змешчаны ў нумары № 25 газеты “Вольны горад” ад 29 чэрвеня 2013 года. Суддзя Антаніна Качанава падышла да разгляду справы адказна. Яна запатрабавала ад адміністрацыі КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” прадставіць у суд калектыўныя дамовы работнікаў, іх працоўныя кніжкі, а таксама кнігу рэгістрацыі загадаў па прадпрыемству. Наступнае пасяджэнне суда суддзя прызначыла на 21 кастрычніка, каб адміністрацыя ПМК-280 змагла падрыхтаваць усе неабходныя дакументы.

 

Абмежаванне свабоды сходаў

2 верасня гарадзенскія праваабаронцы Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч і Раман Юргель падалі ў суд Ленінскага раёна Гродна скаргу на рашэнне Гарадзенскага гарвыканкаму ад 1 жніўня, якім было забаронена правядзенне інфармацыйнага пікету ў падтрымку Алеся Бяляцкага. Гарвыканкам, на думку заяўнікаў, парушыў іх канстытуцыйныя правы на свабодны распаўсюд інфармацыі і Закон “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”. Паводле заканадаўства, мясцовая ўлада абавязана даць афіцыйны адказ заяўнікам не пазней, чым за 5 дзён да заяўленага мерапрыемства. У дадзеным жа выпадку Гродзенскі гарвыканкам прыняў сваё рашэнне толькі 1 жніўня, а выслаў 2 жніўня, пра што сведчыць адпаведны штэмпель на канверце. У выніку двое з праваабаронцаў атрымалі рашэнне праз пошту толькі за дзень да заяўленага мерапрыемства, якое планавалася на 4 жніўня, а Віктар Сазонаў – увогуле 6 жніўня. 23 верасня ў выніку разгляду грамадзянскай справы суддзя Ленінскага раённага суду Жана Краўчанка не задаволіла скаргу праваабаронцаў. Яна прадказальна ўзяла бок Гродзенскага выканкаму, ігнаруючы нават той факт, што гарвыканкам пратэрмінаваў з афіцыйным адказам. Пракурор таксама была цалкам на баку выканаўчай улады, не звярнуўшы ўвагу суда на парушэнне заканадаўства з боку гарвыканкаму. Жана Краўчанка таксама не задаволіла некалькі хадайніцтваў заяўнікаў, у прыватнасці, хадайніцтва занатоўваць іх выступы і паказанні ў пратакол паседжання па-беларуску.

2 верасня суддзя Брэсцкага абласнога суда Наталля Сурма не задаволіла касацыйную скаргу Віктара Сырыцы на пастанову суддзі суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы Кацярыны Груда па справе Мілавідскага фэсту. Актывіст быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні правапарушэння, прадугледжанага ч. 2 арт. 23.34 КаАП і быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 20 базавых велічынь за падрыхтоўку і арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу ў Мілавідах 2 чэрвеня 2013 года. Віктар Сырыца даводзіў суду, што несанкцыянаванага масавага мерапрыемства не было, што ён толькі арганізаваў паездку людзей на афіцыйнае свята, анансаванае дзяржаўнай газетай “Наш край”. Аднак суддзя Наталля Сурма не знайшла падставаў для адмены пакарання.

2 верасня Слонімскі райвыканкам забараніў правядзенне запланаваных на 8 верасня пікетаў супраць размяшчэння ваенных баз замежных дзяржаў на тэрыторыі Беларусі, заяўкі на якія падавалі сябры Партыі БНФ Іван Шэга і Віктар Марчык. У адмове за подпісам старшыні Слонімскага райвыканкама Іосіфа Паўлюкевіча была названа наступная прычына: “Слонімскі раённы выканаўчы камітэт паведамляе, што Вам адмоўлена ў правядзенні пікетавання ў гарадскім парку па вуліцы Оперная 8 верасня 2013 г. у сувязі з тым, што згодна з планам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слонімскага райвыканкама на вышэйуказаную дату запланавана правядзення свята “Фарбы восені”. 

2 верасня Магілёўскі гарвыканкам не дазволіў мітынг і шэсце супраць размяшчэння на тэрыторыі Беларусі расійскай авіябазы, якое мусіла адбыцца 8 верасня. Пад калектыўнай заяўкай на правядзенне мерапрыемства падпісаліся восем лідараў дэмакратычных арганізацый і партый. У адказе чыноўнікі з гарвыканкаму прычыну адмовы патлумачылі тым, што пададзеная дэмакратамі заява не адпавядае ўстаноўленым гарвыканкамам патрабаванням. Нібыта спачатку трэба было заключыць дамову з міліцыяй і іншымі службамі, якія бы займаліся абслугоўваннем мітынгу, а толькі потым падаваць заяўку на мітынг. Тым часам далёка не ўсе службы, у тым ліку праваахоўныя, заключаюць дамовы на аказанне сваіх паслугаў без адпаведнага дазволу гарвыканкаму. Тут атрымліваецца замкнёнае кола, вынікам якога становіцца стопрацэнтная адмова ў правядзенні любога мерапрыемства, якое  пажадалі б правесці магілёўскія дэмакраты.

3 верасня суд Ленінскага раёна Магілёва ў асобе суддзі Андрэя Юрчанкі прызнаў законнай забарону пікета 4 жніўня насупраць будынка магілёўскага глаўпаштамта з нагоды двухгоддзя зняволення праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Праз суд праваабаронца Барыс Бухель хацеў таксама прызнаць рашэнне гарвыканкама аб адзіным вызначаным месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе незаконным. Падчас судовага працэсу стала вядома, што суддзя Юрчанка не ведае механізму падачы скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН, а таксама прэцэдэнтаў, якія звязаныя з Беларуссю. Праваабаронцам прыйшлося правесці для яго “лікбез”, а пасля перапынку ў судзе прынесці некалькі матэрыялаў такіх спраў, у якіх Камітэт прызнае парушэнні, дапушчаныя судовай сістэмай Беларусі ў дачыненні да пэўных грамадскіх актывістаў. Суддзю гэта ўразіла, аднак не паўплывала на вынік разгляду справы.

4 верасня стала вядома, што Баранавіцкі гарвыканкам не дазволіў пікет супраць расійскай авіябазы, які запланаваў грамадскі актывіст Мікалай Чарнавус на 8 верасня. У адказе, які падпісаў намеснік старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дзмітрый Касцюкевіч, паведамлялася, што Мікалай Чарнавус 19 лістапада 2012 года быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці згодна арт. 23.34 ч.2 КаАП за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства (за правядзенне дабрачыннага абеду на Баранавіцкім кааператыўным кірмашы). Забарона пікета была растлумачана менавіта гэтай падставай са спасылкай на арт. 5 (абзац 6) Закона РБ “Аб масавых мерапрыемствах” ад 30 снежня 1997 года.

5 верасня Валерый Міснікаў, прававы інспектар прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці па Віцебскай вобласці, атрымаў адмову ад адміністрацыі Чыгуначнага раёну на сваю заяўку на правядзенне пікету, прысвечанага сацыяльным праблемам працоўных. Пікет планаваўся на 8 верасня з колькасцю удзельнікаў – адзін чалавек. Акцыя была забаронена на падставе рашэння Віцебскага гарвыканкаму №881 "Аб арганізацыі і правядзенні масавых акцый", які прад'яўляе дадатковыя і практычна невыканальныя патрабаванні да арганізатараў масавых мерапрыемстваў, які ладзяцца без удзелу дзяржавы.

5 верасня Бялыніцкі райвыканкам адмовіў мясцовым прадстаўнікам Партыі БНФ у правядзенні 8 верасня пікету супраць размяшчэння замежных вайсковых баз на тэрыторыі нашай краіны. Адпаведны адказ за подпісам старшыні Бялыніцкага райвыканкама Аляксандра Вароніна атрымаў сябар Сойма Партыі БНФ з Бялыніцкага раёна Барыс Вырвіч. Падставай для адмовы паслужыла тое, што менавіта 8-га верасня з 8-00 да 14-00 на пляцоўцы перад будынкам раённага Цэнтра культуры павінен адбыцца традыцыйны восеньскі кірамаш па продажы сельскагаспадарчай прадукцыі.

5 верасня ўступіла ў сілу новае рашэнне аб масавых мерапрыемствах, якое прыняў Гомельскі гарвыканкам. На сайце гарвыканкаму паведамляецца, што мэтай прыняцця дадзенага рашэння з'яўляецца «пашырэнне пераліку месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе Гомелі, арганізатарамі якіх выступаюць грамадзяне, палітычныя партыі, прафесійныя саюзы, іншыя арганізацыі, а таксама ўдасканаленне ўзаемадзеяння арганізатараў масавых мерапрыемстваў і мясцовых органаў улады». Раней у горадзе была толькі адна пляцоўка для правядзення пікетаў і мітынгу – у спальным раёне, каля ДК «Віпра» таварыства глухіх. Зараз жа ў Гомелі вызначаны дзве пляцоўкі для пікетаў і мітынгаў. Прычым адна – у аддаленым мікрараёне Навабеліца, ля дзіцячай спартыўнай школы, а другая – на іншым канцы горада, у раёне, дзе размешчаны толькі прамысловыя будынкі, заводы і фабрыкі – пляцоўку ля сквера на скрыжаванні вуліц Барыкіна і Вайсковай. Цікава, што ранейшая адзіная пляцоўка была хоць у некалькіх кіламетрах ад цэнтру Гомеля, гэтыя ж пляцоўкі наогул размешчаны ў такіх месцах, што іх цяжка знайсці. У новым рашэнні перапісаны пункты мінулага рашэння аб абавязковым заключэнні платных дамоў з міліцыяй, «хуткай» і камунальнікамі.

7 верасня старшыня Быхаўскай раённай арганізацыі Партыі БНФ, пісьменнік і журналіст Сяргей Антонаў атрымаў з Быхаўскага райвыканкаму паведамленне аб забароне пікету супраць размяшчэння ў Беларусі замежных вайсковых баз 8 верасня ў мясцовым парку “50 год Перамогі”. Падставай для забароны правядзення пікетавання стала тое, што з 3 па 10 верасня ў парку “50 год Перамогі” прадпрыемства “Быхаўрайводаканал” праводзіць рамонтныя работы.

12 верасня Мінгарвыканкам забараніў правядзенне Маршу супраць абортаў, арганізатарамі якога выступілі грамадскае дабрачыннае аб’яднанне «Цэнтр падтрымкі сям’і і мацярынства «Матуля», брэсцкае маладзёжнае культурна-асветнае грамадскае аб’яднанне «У абарону жыцця і сямейных каштоўнасцяў», дабрачынны мясцовы фонд «Адкрытыя сэрцы». На марш было дабраславенне кіраўнікоў праваслаўнай і каталіцкай Цэркваў у краіне — мітрапалітаў Філарэта і Тадэвуша Кандрусевіча. Мэтай маршу было прыцягнуць увагу да абароны традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і жыцця ненароджаных дзяцей. Прычыну забароны арганізатары мерапрыемства назвалі “незразумелай”.

12 верасня Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь не прыняў да разгляду зварот салігорскага грамадскага актывіста Уладзіміра Шылы. У звароце салігорац казаў аб неканстытуцыйнасці правапрымяняльнай практыкі органаў выканаўчай улады і судоў агульнай юрысдыкцыі краіны, а таксама аб адмове ў правядзенні масавых мерапрыемстваў і аб неправамерным абмежаванні канстытуцыйнага права на свабоднае выказванне свайго меркавання і права на мірныя сходы. У сваім адказе Канстытуцыйны суд нагадаў У. Шылу, што ўзбуджэнне вытворчасці і вынясенне заключэння аб неканстытуцыйнасці нарматыўна-прававых актаў ажыццяўляецца толькі па прапановах Прэзідэнта, парламента, Вярхоўнага суда ды Савета Міністраў. Для звычайнага грамадзяніна Канстытуцыйны суд з’яўляецца недасяжным.

14 верасня Баранавіцкі гарвыканкам забараніў пікет супраць збяднення сем’яў, якія гадуюць дзяцей. Гэта стала вядома з ліста за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Дз. Касцюкевіча, які атрымаў актывіст гарадскога прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Рыгор Грык. Чыноўнік паведаміў, што ўлада не дае згоды на правядзенне пікету, бо ў адпаведнасці з рашэннем Баранавіцкага гарвыканкама ад 16 чэрвеня 2009 г. № 1497 “арганізатары масавага мерапрыемства незалежна ад колькасці прапанаваных удзельнікаў абавязаны заключыць дамовы”. Заяўнік адзначыў, што ведае пра гэтае патрабаванне, але заключыць дамовы з ЖКГ, паліклінікай і міліцыяй проста немагчыма. Таму ў сваёй заяве ён паведаміў, што актывісты РЭПа самастойна забяспечаць грамадскі парадак падчас пікету, а потым прыбяруць тэрыторыю ад смецця і абавязкова аплацяць выдаткі па медычнаму абслугоўванню ўдзельнікаў пікета ў 10-ці дзённы тэрмін пасля правядзення масавага мерапрыемства, але гэта не паўплывала на рашэнне выканкаму. 

19 верасня ў судзе Бярозаўскага раёна была разгледжана скарга праваабаронцаў Сяргея Русецкага, Тамары Шчапёткінай і грамадскай актывісткі Таццяны Тарасевіч, якія прасілі суд прызнаць неправамоцнымі адмову Бярозаўскага райвыканкаму ў пікеце-салідарнасці з палітвязнямі 4 жніўня, а таксама парушэнне тэрмінаў дачы адказу (замест 30 ліпеня, як таго патрабуе закон, адказ заяўнікам быў дасланы 2 жніўня). Кіраўнік юрыдычнага аддзела райвыканкама Яўген Каштэлян даводзіў, што спазненне з адказам звязана з тым, што ў выканкаме цярпліва чакалі ад заяўнікаў дамоваў, а яны іх не данеслі. У той жа час у міліцыі паведамілі, што дамову яны складуць толькі пасля рашэння райвыканкама. З Бярозаўскім ЖКГ дамова была, а бальніца адмовіла на падставе таго, што такой паслугі няма ў пастанове Міністэрства аховы здароўя, як і няма прэйскуранта на яе. Старшыня суда Бярозаўскага раёна Вадзім Мазоль, які вёў працэс, як і памочнік пракурора Аксана Гардзеюк не ўбачылі ў адмове і дзеяннях райвыканкама парушэнняў закона.

24 верасня кіраўнік Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл Іван Шэга атрымаў адмову на заяўку аб правядзенні 28 верасня пікета-пратэста супраць практыкі забаронаў правядзення масавых мерапрыемстваў, якія плануюцца дэмакратычнымі сіламі ў Слоніме. Адмова была падпісана старшынёй Слонімскага райвыканкама Іосіфам Паўлюкевічам і матывавана наступным чынам: «Згодна з планам работы аддзела адукацыі, спорта і турызма Слонімскага раённага выканаўчага камітэта не маем магчымасці прадставіць Вам месца ў гарадскім парку па вул.Оперная ў патрабуемы час, так як 28 верасня 2013 года ў 12.00 пачатак спартыўнага мерапрыемства “Спорт нам поможет силы умножить».

 24,25 і 26 верасня актывісты Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» планавалі ў Гомелі правесці пікеты з мэтай прапаганды ідэй партыі сярод насельніцтва і публічнага абмеркавання сацыяльна-эканамічнага становішча краіны. На ўсе заяўкі старшыня Гомельскай абласной арганізацыі партыі Уладзімір Сякерка атрымаў адмовы. Намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама Аксана Рудзянок забараніла «Справядліваму свету» правесці пікеты, паколькі да заяўкі не быў прыкладзены дагавор з гарадской паліклінікай на медыцынскае абслугоўванне мерапрыемства. З Гомельскай цэнтральнай гарадской паліклінікі Уладзімір Сякерка атрымаў адказ, што «штодзённае зняцце брыгады хуткай медыцынскай дапамогі з лініі 24, 25 і 26 верасня прывядзе да затрымкі абслугоўвання выклікаў і невыканання нарматываў». Адказ падпісаў галоўны ўрач гарадской паліклінікі Вячаслаў Яшчанка.

25 верасня сябра Слонімскай суполкі БХД Алесь Масюк атрымаў адмову на заяўку аб правядзенні 29 верасня ў гарадскім парку пікету, прысвечанага абароне “Газеты Слонімскай”, а таксама за права жыхароў Слонімшчыны свабодна афармляць падпіску на незалежнае выданне ў аддзяленнях РУП "Белпошта" і набываць яго ў кіёсках "Белсаюздруку". Адмова за подпісам старшыні Слонімскага райвыканкама Іосіфа Паўлюкевіча ўтрымлівала матывацыю забароны месавага мерапрыемства: “Згодна з планам работы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слонімскага раённага выканаўчага камітэта, РК ГА “БРСМ” 29 верасня 2013 года ў 12.00 у гарадскім парку па вул.Опернай пачатак традыцыйнай крос-віктарыны “Знай свой край”.

 

Абмежаванне свабоды асацыяцый

11 верасня ў судзе Лунінецкага раёна было вынесена рашэнне ў справе актывіста незалежнага прафсаюзу Леаніда Дубаносава, які лічыць незаконным сваё звальненне з РУП “Граніт”, што знаходзіцца ў Мікашэвічах. З рашэння суда вынікае, што Дубаносава звольнілі з працы з парушэннем заканадаўства (за што вынесена прыватнае вызначэнне) і ён мае падставы патрабаваць кампенсацыю нанесенай маральнай шкоды. Акрамя таго, адміністрацыя “Граніта” мусіць сплаціць прафсаюзнаму актывісту матэрыяльную дапамогу памерам 1 мільён рублёў. Разам з тым, старшыня раённага суду Міхаіл Дзенісовіч абвесціў, што выяўленыя парушэнні не з’яўляюцца падставай для аднаўлення Леаніда Дубаносова на працы. Таксама суддзя адмовіў у задавальненні той часткі позвы, якая тычыцца спынення дыскрымінацыі па прафсаюзнай прыналежнасці з боку кіраўніцтва мікашэвіцкага прадпрыемства, на чым настойваў Дубаносаў. 27 верасня Леанід Дубаносаў падаў касацыйную скаргу ў Брэсцкі абласны суд.

18 верасня ў судзе Ленінскага раёна Брэста прайшоў першы судовы працэс па скарзе актывіста кампаніі “Гавары праўду” Аляксандр Кузьмін з Белаазёрска, у якой ён просіць прызнаць неправамоцным папярэджанне, вынесенае яму за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі Бярозаўскай раённай пракуратурай (за подпісам Данілы Дзярабіна) і падтрыманае Брэсцкай абласной. Актывіст па-ранейшаму прытрымліваецца пазіцыі, якую выклаў спачатку ў Бярозаўскім РАУС (куды ў свой час звярнуўся з заявай цяпер ужо былы старшыня  Белаазёрскага гарвыканкама Вячаслаў Дамброўскі, каб прыцягнулі Кузьміна да крымінальнай адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі), а далей і ў пракуратурах, што дзеянні ягоныя не парушаюць закон, паколькі кампанія “Гавары праўду” – гэта не грамадская арганізацыя, а грамадская ініцыятыва. Бярозаўскі РАУС фактычна пагадзіўся з пазіцыяй Аляксандра Кузьміна, прызнаўшы, што складу злачынства ў ягоных дзеяннях няма, але пракурор вырашыў інакш.

19 верасня грамадскі актывіст Мікалай Чарнавус падаў у суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы скаргу на дзеянні начальніка ўпраўлення эканомікі гарвыканкама Раісы Уласовіч. М. Чарнавус адзначыў, што неаднаразова звяртаўся ў Баранавіцкі гарвыканкам і Брэсцкі аблвыканкам, каб атрымаць памяшканне для грамадскага аб’яднання баранавіцкіх украінцаў “Кабзар”. Спачатку гарвыканкам выдзеліў памяшканне (вул. Савецкая, д.60), але потым хутка адмовіўся ад папярэдняга рашэння. Разам з тым, на афіцыйным сайце Баранавіцкага гарвыканкама размешчана інфармацыя, што ў горадзе шмат вольных памяшканняў. Але на ўсе просьбы М. Чарнавуса аб выдзяленні памяшкання для ГА “Кабзар” з мэтаю атрымання юрыдычнага адрасу адказваюць, каб актывісты заплацілі 2 млн. рублёў і ўдзельнічалі ў аўкцыёне. Мікалай Чарнавус просіць суд абавязаць Баранавіцкі гарвыканкам выдзяліць адно з вольных памяшканняў для ГА “Кабзар”.


 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства