Жонка Алеся Бяляцкага: Званок таксама як момант сустрэчы
Праваабаронца
Алесь Бяляцкі, якога трымаюць ў Бабруйскай калёніі, працягвае ліставаньне
з домам і сябрамі, а часам мае магчымасьць патэлефанаваць,
паведаміла жонка палітвязьня Натальля
Пінчук.
«Раз на тыдзень, бывае раз на два тыдні ад яго прыходзяць лісты.
Калі нейкі час я не атрымліваю, то пытаюся ў сяброў
ды знаёмых і даведваюся, што ім таксама піша. Таму бачу, што
ліставаньне ідзе, зь ім нібыта ўсё нармальна, больш-меньш. Часам
бывае і звоніць. Настрой ў званках заўсёды добры, бадзёры. Вось
як і ў апошнім спатканьні быў бадзёры, гэтак і падчас
тэлефонных размоў. Званок — гэта заўсёды як момант сустрэчы
і голас таму радасны. А так у яго тое ж самае — праца,
праца. Рэжым ў яго вызначаны на ўвесь тэрмін і не мяняецца,
хіба толькі з пагаршэньнем і вяртаньнем да вызначанага парадку».
Паводле Натальлі Пінчук, яе муж можа спагнаць ў турэмнай краме толькі
100 тысяч рублёў штомесяц. «Гэта вельмі малыя грошы і безумоўна „атаваркі“
яму не хапае», — мяркуе жонка Алеся Бяляцкага.
Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі за ўтойваньне
прыбыткаў з-за мяжы асуджаны на 4,5 года зьняволеньня. На судзе
Бяляцкі заяўляў, што ўсе грошы, якія ён прывозіў з-за мяжы, ішлі
на дапамогу ахвярам рэжыму. Апазыцыя і праваабаронцы ў Беларусі
і сьвеце таксама лічаць, што Алеся Бяляцкага пакаралі
за праваабарончую дзейнасьць.