Ці будзе прынята ў Беларусі заканадаўства аб гендэрнай роўнасці?
У Беларусі выконваецца ўжо чацвёрты Нацыянальны план па дасягненні гендэрнай роўнасці. Аднак дагэтуль у краіне не прынятыя законы "Аб забеспячэнні роўных правоў і магчымасцяў мужчын і жанчын" і "Аб супрацьдзеянні хатняга гвалту".
Каардынатар Нацыянальнай Гендэрнай платформы і сустаршыня ГА "Жаночы незалежны дэмакратычны рух" Людміла Пеціна адзначае, што найбольш вострыя гендэрныя праблемы ў Беларусі датычацца дыскрымінацыі жанчын на рынку працы, праблемы хатняга гвалту, захаванне ў грамадскай свядомасці традыцыйных гендэрных стэрэатыпаў, а таксама пагаршэнне стану рэпрадукцыйнага здароўя жанчын і мужчын.
"Для дасягнення гендэрнай роўнасці неабходна праяўленне палітычнай волі, - распавяла эксперт падчас семінару "Гендэр і грамадства", які адбыўся ў межах партыйнай школы АГП імя Віктара Чарнова. - Дзяржава павінна вызначыць гендэрную роўнасць адным са сваіх асноўных прыярытэтаў. Для гэтага трэба ўвесь час вывучаць і пераасэнсоўваць праблематыку ўзаемаадносін паміж паламі, сфарміраваць эфектыўную нацыянальную гендэрную палітыку і распрацаваць нацыянальную канцэпцыю дасягнення гендэрнай роўнасці".
Многія з гэтых пунктаў былі прапісаныя ў Нацыянальных планах пра рэалізацыі гендэрнай роўнасці, але яны засталіся толькі на паперы. "Наша арганізацыя праводзіла даследаванне, наколькі былі выкананыя пункты, прапісаныя ў планах. Вынік несуцяшальны - не больш за 40%. На жаль, многія абавязальніцтвы носяць толькі дэкларатыўны характар. Дзяржава фактычна не выдзяляе сродкі на рэалізацыю праграм па гендэрнай роўнасці. Усе даследчыя і сацыяльныя праекты рэалізуюцца за кошт міжнародных арганізацыяў, сіламі НДА", - адзначае Пеціна.
Пры гэтым эксперт мае пазітыўны прагноз адносна прыняцця закона "Аб супрацьдзеянні хатняга гвалту" - за гэту ініцыятыву актыўна выступаюць не толькі грамадскія арганізацыі, але і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва і Міністэрства ўнутраных спраў, - ведамствы, якія кожны дзень працуюць з гэтай праблемай і востра адчуваюць недаход прававых механізмаў прыцягнення агрэсараў да адказнасці.
Улады паставілі задачу перад Нацыянальным саветам па гендэрнай палітыцы вырашыць мэтазгоднасць прыняцця законаў аб гендэрнай роўнасці. Восенню чальцы савета павінны даць адказ.